Зміцер Дзядзенка

Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя


Скачать книгу

ка, хіба што цені сталі даўжэйшымі пад сонечным нахілам. Антон Хлюдзінскі павярнуўся ў вузкім музейным пакойчыку, застаўленым не столькі экспанатамі, колькі кнігамі, тэчкамі з дакументамі, фотаальбомамі, што займалі ўсю вольную прастору, у якую маглі ўплішчыцца. Яны былі і ў дзвюх хісткіх шафах, падпертых знізу для ўстойлівасці драўлянымі цурбачкамі, і на некалькіх палічках на сценах, і, натуральна, на адзіным у пакоі нешырокім стале. Нават на падлозе ляжалі два стосікі шэрых тэчак, якім больш нідзе не знайшлося месца.

      Вядома ж, не кнігі становяцца самымі заўважнымі музейнымі экспанатамі – што з іх за карысць для наведніка, які подбегам пройдзе ўздоўж выстаўленых аскабалкаў даўніны, не змытых плынню часу? Нават самы цікаўны наведнік музея зможа пабачыць толькі вокладку кнігі альбо нейкія яе старонкі. Але Хлюдзінскі любіў менавіта кнігі, старонкі якіх з часам нібы танчэлі, станавіліся шорсткімі навобмацак, пагражаючы паламацца ад неакуратнага абыходжання. Гэтыя выпетралыя ад часу старонкі і цяжкія ціснёныя вокладкі дарылі яму ні з чым не параўнальную асалоду.

      Праўда, Хлюдзінскі разумеў, што кнігі – гэта ягоная крыніца радасці, а іншых людзей могуць зацікавіць іншыя рэчы. Таму ў музей ён збіраў і старадаўнія манеты, і зброю мінулых стагоддзяў, і карціны, якія перажылі рэвалюцыйную ды ваенную віхуру. Ён ужо ўяўляў, як развесіць гэтыя карціны ў высознай музейнай зале – колішнім базыльянскім касцёле, дзе ў апошнім стагоддзі манашак-базыльянак былі змянілі праваслаўныя манахі…

      Пакуль жа яго худая фігура нязграбна згорбілася каля палічак: Антон пільна ўглядаўся ў кніжныя карэньчыкі, чытаючы іх назвы. Дарэчы, не кожная кніга з гонарам абвяшчала гораду і свету сваё імя, бо на некаторых карэньчыках не было ніякіх надпісаў. Музейшчыку гэта не вельмі перашкаджала: большасць кніг яму была добра знаёмая.

      Мужчынская фігура ў дзвярах няпэўна кхекнула, прачышчаючы горла, і гэты гук вярнуў Хлюдзінскага з аблокаў мройнай уявы на зямлю, а дакладней – у вузкі музейны пакойчык.

      У нечаканым госцю беспамылкова ўгадваўся вясковец, які хутчэй за ўсё прыехаў у горад на кірмаш. Мужчына збянтэжана трымаў у адной руцэ скамечаную шапку, не ведаючы, як пачаць размову. Ён глядзеў на Хлюдзінскага, а потым пераводзіў вочы на шафу са шклянымі дзверкамі. На паліцах яе стаялі бутэлечкі самых размаітых формаў і памераў. На ніжняй паліцы стаяла самая вялікая бутля, але яна амаль цалкам была прыкрытая непразрыстай, драўлянай часткай дзвярэй. Гэтая бутля і яе нябачнае змесціва, быццам магніт, прыцягвала да сябе вочы мужчыны, таму позірк яго скакаў то на бутлю, то на гаспадара памяшкання.

      – Дзень добры, – з ветлівай усмешкай звярнуўся Хлюдзінскі, дапамагаючы госцю выйсці з няёмкай сітуацыі. – Штосьці шукаеце?

      – І вам добры дзянёчак, – у голасе мужчыны быў чуваць недавер. – Шукаю, ага… Мне сказалі, што тут дзесьці збіраюць косткі старыя ды яшчэ грошы за гэта даюць…

      Антон прыгадаў, як археалагічная экспедыцыя, якая нядаўна прыязджала на Аршаншчыну, радавалася знойдзеным біўням маманта: дзве незвычайныя знаходкі прынеслі навукоўцам мясцовыя мужыкі. Тады археолагі падрабязна распыталі, дзе былі знойдзеныя гэтыя скамянеласці, што знаходзіцца побач, ці знаходзілі там яшчэ што-небудзь незвычайнае. Потым яны абяцаліся наступным разам абавязкова вывучыць мясціны, адкуль вяскоўцы прынеслі ім гэтыя парэшткі маманта. А пакуль што забралі іх у Менск, каб пільна вывучаць.

      І цяпер Хлюдзінскі адчуў, што яму ў рукі сама ідзе ўдача: вось гэты мужык таксама, відаць, прынёс якія-небудзь косткі маманта. А можа, нават і дыназаўра! Былі ж і ў нас дыназаўры, не магло іх не быць, калі яны былі паўсюль! І тапталі тутэйшую глебу сваімі гіганцкімі перапончатымі лапамі задоўга да з'яўлення чалавека, бегалі, падкрадаліся, уцякалі, палявалі… Рэшткі дыназаўра можна будзе выставіць у музеі, каб усе наведнікі дзівіліся, якія ж нечаканасці і сюрпрызы тоіць аршанская зямля.

      Уяўленне ўжо малявала Хлюдзінскаму, як ён уласнаручна будзе старанна ачышчаць старажытныя косткі мяккім пэндзлікам, а потым складзе адну да адной, каб яны стварылі шкілет дагістарычнага гіганта-пачвары.

      У гэты момант прыхадзень перарваў яго думкі:

      – Дык я і прывёз сюды.

      Ачомаўшыся, Антон паспяшаўся на двор за селянінам.

      На двары стаяў звычайны сялянскі воз, дно якога было засцеленае сенам, каб менш муляла пры яздзе. На сене і ляжалі абяцаныя селянінам косткі.

      – Вось! – з гонарам сказаў мужык. – Яны вельмі старыя.

      Хлюдзінскі маўчаў, бо яму проста заняло мову. Потым ён усё ж выціснуў з сябе, быццам праз сілу, словы:

      – Дык гэта ж каровіны…

      – Ага, – вясковец і не думаў пярэчыць. – Нашая Матруна ўжо дужа старая была. З мясам мы сяк-так далі рады, а вось косткі хацелі выкінуць сабакам. Але ж сусед сказаў, што можна ў горадзе здаць за грошы. Дык чаго ж дабру прападаць, так? Вы не сумнявайцеся, таварыш, старэй за нашую Матруну ў вёсцы каровы не было – яна яшчэ царскі рэжым помніла.

      І селянін перайшоў да жыццеапісання сваёй жывёліны. Па яго словах, жыццё яе было амаль што легендарным: у свой час карова пазбегла не толькі нямецкага палону, але і харчразвёрсткі.