ісці, даведвацца.
Першы раз прыйшоў, зразумела, уначы. На лузе, недалёка ад рэчкі, што працякала паўз яго, стаялі два часовыя людскія буданы, каля іх паміргвала цяпельца, некалькі чалавек сядзелі вакол яго: хто драмаў у абдымках другога, хто гаварыў, стараўся для ўсіх, хаця на яго мала зварачалі ўвагі, папісквала, патрэсквала, шаптала радыё, адна з многіх людскіх прыдумак. Было відаць, што людзі асталяваліся тут на час касавіцы, на гэта паказвала ўсё: і пах свежаскошанай травы, і некалькі пастаўленых стагоў, і граблі з віламі, кінутыя ў кучу недалёка ад буданоў. Каб лесавік быў ранейшым лесавіком, ён бы прыдумаў, што зараз рабіць. Параскідаў бы па ўсім лузе вілы і граблі. Разварушыў бы стагі. Патрос бы свістам буданы, павухкаў бы, пагігікаў так, што заледзянела б кроў у жылах, анямелі б каля вогнішча і ў будане тыя, што прыйшлі куды не трэба… Але пра яго, лесавіка, ужо амаль ніхто з людзей не памятаў, не ведаў, што гэта якраз ён гаспадарыць уначы, папярэджвае, пагражае, што толькі ён умее ў ціхую ноч разгойдваць дрэвы і наводзіць марачэнне. Не памяталі і не ведалі. Ды і што гэтыя лесавіковы забаўкі і гульні ў параўнанні з тым, што маглі самі людзі… Лесавік колькі разоў бачыў, як палалі цэлыя вёскі – і ў іх гарэлі людзі. Як адзін выбух раскідваў на кавалкі хату. Як аднымі машынамі знішчаліся другія машыны разам з людзьмі. Як вытайвалі з-пад снягоў трупы людзей – у ягонай пушчы вытайвалі, – пазіралі ў неба пустымі вачніцамі, чакалі, пакуль знойдуць іх жывыя, і тады лесавік, шкадуючы, рассоўваў мерзлую зямлю, хаваў, ведаючы, што нежывому сярод жывога месца няма. Людзі часта не маглі падзяліць нечага свайго людскога, і тады гулі войны, з кожным разам усё страшнейшыя. Самога лесавіка пакуль што зачапіць яны не маглі – але ў іх лесавік адчуваў і сваю апошнюю мяжу.
І вось зараз побач з лесавіковым жытлом былі людзі – і рабіць што-небудзь з імі яму не хацелася. Другі раз лесавік прыйшоў таксама прысмеркамі. Зноў гарэла вогнішча – ужо большае, хадзілі вакол яго людзі, галасы іх разносіліся далёка. Лесавік яшчэ ў першы раз убачыў, што людзі гэтыя зусім не вяскоўцы, якія кожным годам прыязджалі на луг, спяшаючыся, працавалі, яны рабілі сваю работу – і ўсё. Гэтыя ж, у адрозненне ад тых знаёмых яму вяскоўцаў, працавалі і няўмела, і не вельмі ахвотна, ва ўсякім разе, стагі на лузе вырасталі марудна, і былі яны нязграбныя, а адзін з іх дык і зусім гатовы быў раскідацца, лёгенька дзьмухні – і не будзе стога. І крыку, мітусні ў гэтых людзях было столькі, што здзіўляўся нават лесавік. Быццам прыехалі святкаваць Купалле, нават пачалі ўжо гэта рабіць за два тыдні да вялікай ночы. Але ж ноч была і ёсць адна на ўвесь год. Праца гэтых людзей на працу, што і казаць, была мала падобнай. Маладыя ўсе, амаль пароўну дзяўчат і хлопцаў. Ну правільна, усё як на Купалле. Маладыя дзяўчаты і хлопцы. Лесавік прыглядаўся. І з выгляду гэтыя людзі былі непрывычныя яму: незнаёмае адзенне, нейкая іншая пастава, іншыя – рэзкія, паспешлівыя рухі. Зноў жа крык, гогат, піск – вяскоўца ў лесе ці ў полі і не пачуеш, адно толькі адчуць можна. У купальскую ноч, зразумела,