каб зразумець, што маглі б да народаў Кітая прыйсці пераклады легендарнага верша на кыргыскай мове, татарскай мове, ды іншых. Так, у Кітаі ідзе ўніфікацыя агульнанацыянальнай мовы. Але ж ёсць, напрыклад, рух за стварэнне літаратуры размоўнага характару. Таму і на байхуа (а не толькі на вэньяні) выдаюцца кнігі, перыядычныя выданні.
Выключны па прыгажосці, адценнях усяе палітры слова пераклад здзейсніў на сербскую мову доктар філалагічных навук, знаны даследчык і глыбокі, чуйны мастацкі перакладчык Іван Аляксеевіч Чарота.
Уражлівую падтрымку ў зборы перакладаў скарынаўскіх вершаў аказаў літаратуразнаўца і пісьменнік з Махачкалы Марат Гаджыеў. Дзякуючы яго арганізацыйнай руплівасці, удалося пазнаёміцца з дастаткова вядомымі паэтамі розных народаў Дагестана. У выніку атрыманы пераклады на аварскую (пераклала Тубхат Зургалава), агульскую (пераклаў доктар філалагічных навук Замір Тарланаў), даргінскую (за гэта трэба быць удзячнымі даследчыцы даргінскага фальклора і перакладчыцы Аляксандра Блока Амінат Алімханавай), кумыкскую (аўтар перакладу – галоўны рэдактар кумыкскага дзіцячага часопіса Шэйіт-Ханум Алішава), лакскую (а гэты пераклад здзейсніў народны паэт Дагестана Сугуры Увайсаў), лязгінскую (перакладчык – рэдактар часопіса Саюза пісьменнікаў Дагестана «Самур» Зульфікар Кафланаў), нагайскую (пераклаў Анварбек Култаеў), рутульскую (пераўвасобіла скарынаўскае слова літаратуразнаўца і паэт Фаціма Ібрагімава), табасаранскую (перакладчык – Фіруза Султанава), цахурскую (пераклаў Валех Гамзат – паэт, перакладчык, добры знаўца англійскай, французскай моў), эстонскую (гэтую працу здзейсніў Арно Валт), мову комі (пераклаў Аляксей Папоў), літоўскую (пераклад даслаў з Вільні Вітаўтас Жэймантас).
Збіранне кнігі аднаго верша Францыска Скарыны на мовах свету працягваецца. Мажліва, хтосьці з перакладчыкаў, даследчыкаў сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі іншых краін падкажа яшчэ нешта і пэўны «скарынаўскі мост» з іншым светам наладзіць.
Скарыны голас пачуе самы шырокі свет!..
Расія
Звалі яго Іван Фёдараў Масквіцін
Персанальныя энцыклапедыі заўсёды выклікаюць асаблівую цікавасць у чытача, які праяўляе ўвагу да персанажа даследавання. Сам факт з’яўлення выдання падобнага кшталту становіцца прадметам абмеркавання, пошуку адказаў на наступныя пытанні: «А ці ўсе тэмы разгледжаны ў персанальнай энцыклапедыі? Ці ўсе даследаванні ўлічаны? А можа быць, і не энцыклапедыя той ёмісты том, а ўсяго толькі энцыклапедычны даведнік?..». У Маскве ў выдавецтве «Энциклопедия» пабачыла свет энцыклапедыя «Іван Фёдараў і яго эпоха». Аўтар у фаліянта, агульны аб’ём якога 912 старонак фармату 84×108/16, ці 100,5 улікова-выдавецкіх аркушаў, адзін – Яўген Львовіч Неміроўскі (нарадзіўся ў 1915 г. у Кіраваградзе, ва Украіне). Яго ўнікальны ўнёсак у славянскае, сусветнае кнігазнаўства іначай як подзвігам даследчыка і не назавеш!
Пачатак сённяшняму плёну ў выглядзе энцыклапедыі