Павал Касцюкевіч

Зборная РБ па негалоўных відах спорту (зборнік)


Скачать книгу

не баюся.

      Нават амінь не скажу ў канцы,

      Багародзіца за мяне будзе прасіць.

      © Касцюкевіч, П., 2011

      © Логвінаў І. П., 2011

      © Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

      Айчына кантрабанда

      Ашмянскія цёткі ніколі не спяць. Пасля чаўночнага рэйса ў Вільню, ужо ў роднай Ашмяне, яны выцягваюць мужа з шафы, кормяць яго, здзьмухваюць пыл, мяняюць шкарпэткі і вешаюць назад, пад цэлафанавы чахол. Потым ідуць на працу, сядаюць за стол пад партрэтам, налічваюць квартальную прагрэсіўку ўсяму калектыву і – назад, на лінію фронту.

      Ашмянскія цёткі зневажаюць законы прыроды: з электрычнай лычкі яны выцягваюць цэлую торбу мухаляпак, падчас асабістага дагляду сілай волі ўжыўляюць сабе пад скуру схаваны пад майку аполак сала, а віно ператвараюць у ваду.

      – Марыечка, а ты ў гарадзенскім пасольстве (гэтак яны называюць літоўскае консульства ў Горадні) даўно была? – пытаецца ашмянская цётка, прайшоўшы скрозь сценку купэ на квадратных вачах двух студэнтаў ЕГУ. Кажучы гэта, яна з ног да галавы ўвешваецца кабанасам ашмянскага мясакамбіната (як добра, што ў Ашмяне няма «Белшыны»!).

      Марыечка, што матэрыялізавалася ў вагоне крыху пазней, не адказвае, бо занятая: па-шахідску абмотваецца дваццацікілаграмовым патранташам з хітом сезона, апошняй бомбай: «Балет», крэм для твару.

      І атрад спецыяльна навучаных сабак-шукаек таксама разводзіць рукамі: не бачылі, гаўгаў, не чулі, не ўнюхалі.

      «Акропаліс», «літы», «чэндж», «акцыя» – мова ашмянскіх цётак точыцца словамі старажытных друідаў, якія на злосць шматвекавым захопнікам выжылі і цяпер, схіліўшыся над плацкартным сталом, занятыя неспасцігальным рытуалам пакецікамачання.

      За мяжой жыццё ашмянскіх цётак мінае ў раскошы літоўскіх супермаркетаў і гуртовых магазінаў, дзе да нябёсаў узносяцца сырныя горы, парванымі кабелямі гойдаецца «кракаўская», а мінералка ўсяго за 2.65, і ўсё-ўсё-ўсё… Хрыстос прызямліўся ў Вільні.

      І дзівосныя паўліны пяюць у мясных аддзелах. Малако мяшаецца з мёдам, на пластыкавай пальме спеляцца сапраўдныя фінікі. Гронкі бананаў сыплюцца з усіх амерык свету, а плады ківі – калядная версія бульбы – сценкай караскаюцца ў неба.

      А хто там ідзе? Даначка, Марыечка, Тарэсачка і Айка. Берагі Вяллі расцвітаюць цудоўнымі садамі Радзімы – пры падыходзе да касаў прозвішчы на бэйджыках касірак лагаднеюць, раднеюць. Мацкевіч, Зубарэвіч, Касцюкевіч, Лабуцька і Качуня.

      Ашмянскія цёткі жывуць згодна з прынцыпам: «купляйце (і адразу ж прадавайце) беларускае». Па дарозе назад снедаюць чырвонай рыбай, закусваючы літоўскім «грыльяжам». Patria o muerte? Я выбіраю смерць, бо на чорта такое жыццё, дзе будзе толькі прадукцыя фабрыкі «Камунарка».

      …Ішлі 89-я суткі візы. Нечаканае і ад таго зыркае сонца засляпіла вочы: мяжа! Пад’ём: перад кантролем ашмянскія цёткі па доўгу службы падфарбоўваюць вусны або наадварот – змятаюць з твару ўсе сляды жаноцкасці (у кожнай свая мятода). Па савецкім яшчэ самавучыцелі «Таемная зброя пентагонаўскай прапаганды» фліртуюць з літоўскімі мытнікамі і памежнікамі, што, змакрэўшы, лічаць бясконцыя штампікі ў іх пашпартах.

      – Сколько раз за эту візу вы пріблізітэльно, пожалуйста, пересекалі граніцу?

      – Сорак сем.

      – А что, пожалуйста, везётэ?

      – Хну.

      – Что, пожалуйста?

      – Хну.

      – Кто?

      – Я.

      – Вы?

      – А то хто! Цяпер мая чарга: хто вы па знаку задыяка?

      – Понятно, понятно. Можетэ, пожалуйста, не открывать…

      – І ўсё-ткі?

      – Баран, пожалуйста, Овэн.

      – А я – Дзева. І, калі ласачка, пастаўце мне штампік на дваццаць шостую странічку…

      Ашмянскія цёткі ненавідзяць студэнтаў-егэушнікаў, бо як можна галасаваць супраць, вучыцца супраць, калі наўкола такая радасць і сынок Жэнечка ў Менску, на трэцім курсе нархозу.

      – Жэнечка, сыночак, шосты вагон, прыгожая такая правадніца, —кажа Айка ў мабільны, па-змоўніцку падміргваючы згаданай вышэй правадніцы. – Ага, вантрабянку перадала і мегаснікерс у асобным чамадане. Забярэш. Стаянка ў Менску дваццаць хвілін.

      Айка пакідае прыгожай правадніцы вантрабянку і наладаваны чамадан ды выходзіць у Ашмяне. Але яшчэ ў Смаргоні да прыгожай правадніцы завітвае сяброўка з суседняга вагона: яны выпіваюць па сто каньяку на вішні і закусваюць пальцам пханай вантрабянкай. І таму ў Менску сын Айкі атрымлівае ссохлае нешта-нейкае, няўежную куплёнку. Падмена выкрываецца: тады наступным разам Айка ў перадаваную вантрабянку кладзе гайку. Тады правадніца, якая праз выламаны сяброўчын зуб мудрасці страціла субутэльніцу, наступным разам робіць кропкавую наводку. І элітнае аддзяленне мытні па пошуку памежных далікатэсаў хутка і лёгка выбаўляе са страўніка Айкі прамысловыя колькасці атруты ад мышэй ды сто ўпаковак віцебскага валідолу і выводзіць Айку на перон, пагаварыць. Тады жывая і палягчэлая ў выніку размовы на дзве столітавыя купюры Айка наступным