Говард Філіпс Лаўкрафт

Кліч Ктулху (зборнік)


Скачать книгу

згадваць пра тое нават у думках. Зірнуўшы на ходнік, мы ўбачылі, што камяні бруку зніклі і замест іх рунее трава, а там, дзе калісьці хадзілі трамваі, цяпер іржавеюць рэйкі, ледзь прыкметныя ў буянні траваў. А потым мы заўважылі трамвайны вагон – самотны, без вокнаў, струхлелы, ён стаяў, амаль заваліўшыся набок. Потым мы паглядзелі на гарызонт і ўбачылі, што адна з трох вежаў над ракою знікла, а другая моцна абязвечаная, быццам згрызеная ля самай вяршыні. Мы падзяліліся на вузкія калоны, кожная з якіх рухалася ў сваім кірунку. Адна з калонаў раптоўна знікла ў алеі злева, і рэха данесла да нас вусцішныя енкі. Другая, заходзячыся вар’яцкім смехам, скіравалася да ўваходу ў тунэль метро, што чарнеў сярод пустазелля. Мая калона рушыла да адкрытай прасторы, і я адчуў холад – упершыню за гэтую спякотную восень. І выйшлі мы на цёмную верасовую пустку, і ўбачылі наўкол снягі, якія злавесна блішчалі ў месячным святле. У некранутых неспасціжных снягах была пракладзеная адзіная сцежка, і вяла яна толькі ў адным кірунку – да бездані, якая зеўрала апраметным чарноццем сярод зіхатліва-белых снягоў. Нашая калона здавалася вельмі вузкай, і я павольна, быццам трызнячы, крочыў да прорвы. Я марудзіў, бо чорная расколіна сярод снягоў, азораных зелянявым святлом поўні, выглядала жахліва, і мне чулася водгулле адчайнага ляманту, калі тыя, хто ішоў наперадзе, знікалі ў цемры, але на месцы стаяць я не мог. Нібы зачараваны, я, дрыжучы, цягнуўся сярод велічэзных сумётаў да сляпой бездані няўяўнага.

      Толькі багі ў сваёй крыклівай разважнасці і маўклівым шаленстве могуць расказаць пра гэта. Жывы агідны цень курчыўся ў руках, што насамрэч не былі рукамі, і невідушча вірыў усцяж прывідных поўначаў згнілага Сусвету. У пустэчы плылі памерлыя планеты з трупнымі плямамі гарадоў. Магільныя вятры кіпцюрылі змярцвела-бледныя зоры, зацьмяваючы іхнае ззянне. У міжзорных абшарах луналі пачварныя хісткія цені велічэзных істот і паўставалі цьмяныя абрысы д’ябальскіх храмаў, якія ўзвышаліся на безназоўных уцёсах дзесьці ля падножжа сусветаў, сягаючы вяршынямі неспасціжных пустак па-за межамі святла і цемры. А над вірлівым могільнікам тых сусветаў разносіўся прыглушаны дакучлівы грукат барабанаў і вісклівае манатоннае выццё блюзнерскіх флейтаў. У цёмных зацішных пакоях па той бок Часу, пад агідны барабанны пошчак і енкі жалеек, кружыліся ў павольным, няўклюдным і бязглуздым танцы выродлівыя і змрочныя багі апошніх эпох, безгалосыя звар’яцелыя хімеры, чыя душа – паўзучы хаос Ньярлатхатэп.

Пераклала Уладзіслава Гурыновіч

      Чужаніца

      Барону беды сніліся ўначы,

      І мучылі яго гасцей кашмары —

      Вядзьмаркі, чэрці, чорныя іх чары

      І чарвякі з магіл…

Кітс[9]

      Няшчасны той чалавек, якому ўспаміны дзяцінства прыносяць адно страх і горыч. Няшчасны той, хто толькі азіраецца на доўгія гадзіны, праведзеныя ў вялікіх змрочных пакоях з цёмнымі цяжкімі шторамі і варожымі шэрагамі старадаўніх