радзе Германіі шмат гадоў таму сціпла і мірна жыў-пажываў шавец са сваёй жонкай. Ён днём сядзеў на рагу вуліцы і латаў туфлі ды чаравікі, а, даводзілася, шыў і новыя, калі хтосьці давяраў яму такую справу; але тады яму трэба было спачатку купляць скуру, таму што ён быў бедны і ніякіх запасаў не меў. Яго жонка прадавала гародніну і садавіну з маленькага гародчыка перад варотамі, і людзі ахвотна куплялі ў яе, таму што яна была чыста і акуратна апранутая, да таго ж умела прыгожа раскласці і прапанаваць сваю гародніну.
У гэтых людцаў рос прыгожы хлопчык, прыемны з твару, зграбны і ўжо ладны ростам для сваіх дванаццаці гадоў. Ён звычайна сядзеў каля маці на гароднінным рынку, часам дапамагаў служанкам ці кухарам, якія купілі штось у шаўчыхі, данесці частку купленага дадому, і рэдка ён вяртаўся з такога паходу без прыгожай кветкі, нейкай дробязі альбо пірага; гаспадарам кухараў падабалася, калі тыя прыводзілі дадому гэтага прыгожага хлопчыка, і яны заўсёды шчодра аб дорвалі яго.
Аднойчы шаўчыха, як звычайна, сядзела на рынку; перад ёй стаяла некалькі кашоў з капустай і іншай гароднінай, усялякімі травамі і насеннем, а ў маленькім кошыку месціліся раннія грушы, яблыкі і абрыкосы. Малы Якаб (так звалі хлопчыка) сядзеў каля яе і звонкім голасам хваліў тавары: “Сюды, панове, паглядзіце, якая цудоўная капуста, які прыемны водар у гэтых траў; раннія грушы, раннія яблыкі і абрыкосы, купляйце, цётачкі! Мая маці аддасць нядорага!” Так выкрыкваў хлопчык.
У гэты час праз рынак ішла старая кабета; яна мела выгляд недагледжанай абадранкі; у яе быў маленькі, востранькі, па-старэчы зморшчаны тварык, чырвоныя вочы, востры кручкаваты нос, які амаль даходзіў да падбароддзя; яна абапіралася на доўгую кульбу,[1] і ўсё ж нельга было сказаць, як яна ідзе, бо яна кульгала, і спатыкалася, і хісталася. Здавалася, яе ногі былі на шарнірах, і яна ў любы момант магла перакуліцца і бразнуцца вострым носам аб брук.[2]
Шаўчыха ўважліва прыгледзелася да гэтай жанчыны. Ужо добрых шаснаццаць гадоў яна штодня сядзела на рынку і ніколі раней не бачыла гэтую дзіўную асобу. Яна міжволі спалохалася, калі старая закульгала да яе і спынілася каля яе кашоў.
– Вы гандлярка гароднінай Ганна? – спытала старая непрыемным каркаючым голасам, бесперапынна матляючы галавой туды-сюды.
– Так, гэта я, – адказала шаўчыха. – Жадаеце нешта?
– Паглядзім-паглядзім! На травы зірнем, на травы зірнем, ці ёсць у цябе тое, што мне трэба, – адказала старая, нахілілася да кошыкаў і запусціла агідныя рудыя рукі ў кошык з травамі, схапіла некалькі травінак, якія так прыгожа і фацэтна[3] былі ўкладзеныя, сваімі павучынымі пальцамі, потым адну за адной пачала падносіць іх да доўгага носа і абнюхваць з усіх бакоў. У шаўчыхі як не зайшлося сэрца, калі яна ўбачыла, як абыходзіцца старая з яе рэдкімі травамі; але яна не адважвалася сказаць што-небудзь, бо пакупнік меў права праверыць тавар, а акрамя таго, яна адчула незвычайны жах перад жанчынай. Тая ж, абследаваўшы ўвесь кошык, прабурчэла: “Дрэнь, дрэнная трава, нічога з таго, што я хачу, пяцьдзясят гадоў таму было куды лепш. Дрэнь, дрэнь!”
Такія словы раззлавалі малога Якаба.
– Паслухай, ты, старая бессаромніца, – крыкнуў ён незадаволена, – спачатку ты запускаеш свае паскудныя рудыя пальцы ў цудоўныя травы, камячыш іх, потым падносіш да свайго доўгага носа. Іх жа ніхто, хто гэта бачыў, не захоча купляць, а цяпер ты яшчэ называеш наш тавар дрэнню, а ў нас жа ўсё купляе нават кухар герцага!
Старая з-пад ілба зірнула на мужнага хлопчыка, агідна засмяялася і хрыпатым голасам сказала:
– Сынок, сынок! Табе не падабаецца мой нос, мой цудоўны доўгі нос? Будзе і ў цябе такі, пасярэдзіне твару будзе звісаць аж да падбароддзя.
Тут яна падкаўзнула да другога кошыка, у якім была капуста. Яна брала ў рукі найпрыгажэйшыя белыя качаны, сціскала іх так, што яны аж рыпелі, шпурляла іх нядбайна ў кошык, а потым прамовіла: “Дрэнны тавар, дрэнная капуста!”
– Не матляй так агідна туды-сюды галавой! – са страхам закрычаў малы. – Твая шыя тонкая, як капусная храпка,[4] якая лёгка ламаецца, так і твая галава можа лёгка ўпасці ў кош – хто тады захоча тут купляць?
– Табе не падабаюцца тонкія шыі? – прамармытала старая, усміхаючыся. – Няхай жа ў цябе ніякай не будзе, няхай галава расце з плячэй, каб не ўпасці з маленькага тулава!
– Не балбачыце абы-што малому, – нарэшце сказала шаўчыха, незадаволеная працяглымі мацаннем, аглядам і абнюхваннем. – Калі вы штосьці хочаце купіць, то рабіце гэта хутчэй, вы ж распужаеце мне ўсіх пакупнікоў.
– Добра, няхай будзе, як ты кажаш, – усклікнула старая, злосна зірнуўшы. – Я куплю ў цябе гэтыя шэсць качаноў; але ў мяне кій, я не магу нічога несці. Дазволь свайму сынку данесці мае тавары дадому, я аддзячу.
Хлопчык не хацеў ісці з ёй і плакаў, бо агідная жанчына выклікала ў яго жах, але маці строга загадала яму, бо яна лічыла за грэх узваліць на слабую жанчыну ўвесь гэты цяжар; амаль у слязах ён выканаў, што было загадана, сабраў качаны і пайшоў за старой жанчынай праз рынак.
Яна рухалася