Яўген Шунейка

Праспект Незалежнасці (зборнік)


Скачать книгу

ыцыйнага уступу

      Мой зборнік называецца “Праспект Незалежнасці” зусім не выпадкова. Я жыву і працую ў Мінску, дзе наш галоўны Праспект адыгрывае не толькі ролю самай ажыўленай транспартнай магістралі. Паабапал яго канцэнтруюцца ўсе вядучыя мастацкія галерэі і музеі, а да таго ж сюды выходзіць сваім галоўным фасадам мая творчая “альма матэр”, дзе я выкладаю ўжо больш за 20 гадоў. Усё, што прапануецца на старонках гэтага выдання, напісана акурат у той перыяд, калі я рэгулярна шпацыраваў для прасвятлення думак па Праспекце. А ён, за маю да яго прывязанасць, падараваў мне шмат творчых ідэй, якія, будзем спадзявацца, не пакінуць абыякавым і цябе, дарагі чытач.

З павагай, Яўген Шунейка

      Зямля і неба Фердынанда Рушчыца

      Надзвычай прыгожая і багатая на жывапісныя матывы нашая беларуская прырода. Тут усюды можна знайсці непаўторныя і захапляльныя для сузірання мясціны. Асаблівай панарамнай узвышанасцю і далёкасяжнасцю адрозніваюцца далягляды, якія пачынаюцца пасля Маладзечна, са станцыі Палачаны да прыпынку Багданаў, што ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Запамінаецца будынак вакзала канца ХІХ – пачатку ХХ ст., ціхая, утульная атмасфера вакол яго, якая вяртае ў мінулыя часы. Але далёка не кожны пасажыр ведае, што зусім непадалёк знаходзіцца месца, дзе да 1940-х гг. знаходзілася старадаўняя шляхецкая сядзіба з аднайменнай назвай “Багданаў”. Там 10 снежня 1870 года нарадзіўся і правёў лепшыя гады свайго жыцця Фердынанд Рушчыц, эпахальная асоба ў станаўленні беларускага, польскага, літоўскага, рускага мастацтва канца ХІХ – пачатку ХХ ст., нястомны арганізатар культурнага жыцця, краязнаўца, пісьменнік, публіцыст, педагог, прафесар адноўленага ў 1919 г. Віленскага ўніверсітэта.

      Па генеалагічнай радаслоўнай таленавіты мастак паходзіць з шляхетнага сямейства Рожчычаў-Рушчыцаў гербу Ліс, вядомага на беларускай зямлі з канца XV ст. У сталым узросце мастаку, абапіраючыся на архіўныя звесткі, удалося апісаць свой слаўны радавод. У XVI ст. радзінным гняздом Рушчыцаў быў маёнтак Збірогі ля Кобрына. Шматлікія продкі Рушчыца годна служылі Радзіме, былі вайскоўцамі, выбіраліся на розныя адказныя кіраўнічыя пасады Берасцейшчыны, Слонімшчыны, Віленшчыны. Дзед мастака Фердынанд Рушчыц (1786–1848) быў адвакатам і з 1832 г. абараняў інтарэсы Радзівілаў, жыў пераважна ў Вільні. Пасля шлюбу з Ганнай Чаховіч (1800–1874) атрымаў жончын пасаг – маёнтак Вайгяны ля Багданава. У 1836 г. дзед мастака набывае маёнтак Багданава на аўкцыёне і з таго часу абодва маёнткі становяцца ўласнасцю сям’і Рушчыцаў, у якой нарадзілася 7 дзетак. Адзін з сыноў, Эдвард (1830–1910), і стаў бацькам славутага творцы неўзабаве пасля свайго шлюбу ў 1958 г. у г. Лібаве (суч. Ліепая ў Латвіі), дзе служыў у войску. Яго маці – Альвіна – была дачкой датчаніна Маркуса Андрэаса Мунга, шкіпера і ўладальніка гандлёвага карабля.

      Ад сваёй маці ён успрыняў тонкі мастацкі густ, зачараванасць хараством прыроды. Яна была першым гледачом і патрабавальным крытыкам кожнага яго новага жывапіснага палатна, большасць з якіх створана менавіта ў Багданаве. У 1877–1890 гг. Фердынанд разам са сваёй сям’ёй жыў у Мінску. Ён быў малодшы сярод дзяцей і меў чатыры старэйшыя сястры. Бацька мастака працаваў кіраўніком рахункавага аддзелу на чыгунцы, што дазваляла Рушчыцам жыць па тых часах дастаткова забяспечана. У Мінску малады Фердынанд пачаў захапляцца мастацтвам, наведваў у гімназіі факультатыўныя заняткі па малюнку, якія праводзіў Кузьма Ермакоў, выпускнік Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Здольны юнак скончыў з залатым медалём гімназію і адразу паступіў восенню 1890 г. на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, а таксама быў залічаны вольным слухачом Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. У 1892–1897 г. ён ужо цалкам аддаецца мастацтву, як паўнапраўны студэнт Акадэміі па спецыялізацыі пейзажнага жывапісу, стаўшы выхаванцам славутых майстроў рускага мастацтва І. Шышкіна і А. Куінджы. Апроч заняткаў у Акадэміі шмат падарожнічаў, як і належыць сапраўднаму пейзажысту, па Беларусі, Літве, Расіі, Украіне, меў жывапісную практыку ў 1894–1985 гг. на Крымскім паўвостраве, у 1896–1898 гг. наведвае з эцюднікам і альбомам для графічных накідаў Германію, Францыю, Швейцарыю, Бельгію, Швецыю, а таксама не абмінае і дацкага вострава Борнгольм, дзе жыло сямейства яго маці.

      Яго дыпломную працу “Вясна” адразу набыў для сваёй маскоўскай калекцыі выдатны мецэнат і збіральнік рускага мастацтва П. Трэцякоў, што азначала для маладога пейзажыста пачатак прызнання. Маляваў ён энергічнымі, шырокімі ўзмахамі пэндзля, выяўляючы самае галоўнае ў абраных краявідах, надаваў у іх вялікую вагу агульнаму настрою прыроды, што вырашаецца праз сімволіку глыбокіх і прасветленых колераў “рушчыцаўскай палітры”, падкрэсліваннем сілуэтаў дрэў з трапяткой лістотай і напружана выгнутымі галінкамі, канцэнтрацыяй хмар і аблокаў у іх бесперапынным нябесным руху і іншымі кампазіцыйна-шматзначнымі элементамі.

      1898–1908 гады былі першым пасляакадэмічным і надзвычай плённым жывапіснасімвалічным перыядам творчасці Ф. Рушчыца ў тым сэнсе, што ён стаў адным з вядучых стваральнікаў сімвалістычнага пейзажа ў еўрапейскім мастацтве. Нядаўні выпускнік Акадэміі ў 1899 г. становіцца ўдзельнікам славутых выставаў суполкі “Мир искусства”.

      Але паступова кантакты з творчым пецярбургскім асяроддзем слабнуць.