Галіна (Галіна Багданава)

Сакрамэнта


Скачать книгу

а-за часам

      Профіль на пяску

      Ля вытокаў салярных знакаў

      Аслепленая сонцам. Сонцам і болем. Таму што нарадзіць дзіця не толькі прыемна, але і балюча. Доктар, што зазірнуў да нас у палату, як і мы, быў аслеплены сонцам і, да таго ж, быццам аглух. Хаця, здавалася, стагналі, енчылі ад болю нават панылаблакітныя сцены.

      – Чаго вы ўсе крычыце?! – усміхаўся ён у вусы. – Сёння ж ва ўсіх вас свята. Сёння ж для кожнай з вас самы радасны і сонечны дзень. У вашых сем’ях у гэты дзень цяпер штогод будзе свята.

      Свята – значыць святое. Асвечаная, спавітая хваляваннем і радасцю Таямніца. Я й цяпер да драбніц памятаю той сонечны дзень. Калі ў радзільнай зале, падарыўшы свету сына, я зараз жа забылася на боль, перастала адчуваць яго. Адзінае, напружана ўслухоўвалася і не чула чаканага сынава голасу. А мяне ўжо змусілі праваліцца ў бездань наркатычнага сну. Трэба было мяне падрамантаваць, каб праз год я здолела вынасіць і зноў, скрозь боль, быць аслепленай сонцам і нарадзіць яшчэ аднаго сына. Падарыць сабе і свету яшчэ адно свята. Яшчэ адну Таямніцу. Але да гэтага яшчэ далёка. Пакуль што мяне змусілі забыцца, заснуць, ператварыцца ў бязвольную знямелую субстанцыю.

      Мяне паглынула бязважкасць, бяздонны калодзеж у нікуды. Ён зацягваў мяне, ці ўжо й не мяне… І там, у глыбіні, у часавай бездані я зноў была аслеплена сонцам, сонцам, якое люстравалася ў ціхай павольнай рачной плыні, награвала мяккі, амаль белы пясок, падсвечвала смарагдам росную траву, аплятала жывым, пульсуючым павуціннем бурштынавых ценяў гонкія хвоі, лашчыла мяне і…майго сына. А ён, мой сын, ужо падлетак, таму не зусім голенькі, а, так было прынята ў нашым племені, у набедранай павязцы, нешта засяроджана маляваў на вільготным пяску. На мне таксама была набедраная павязка, дакладней, кароценькая спаднічка з папаратніку. Даўжэйшую, з поўсцю, я пакідала на халады. На грудзях прыемна ласціліся, студзілі мяне мае любімыя бурштынавыя пацеркі, сонечныя кропелькі з татэмам племені —іклам нашага агульнага пра-прашчура – сівога ваўка. Налета і майму сыну дадуць такія ж. Але ў мяне воўчы ікл асаблівы, на ім ёсць таемны малюнак – кружок з кропачкай пасярэдзіне, маленькае «вочка», сонечны знак. Ён набліжае мяне да сонца, саграе, надае сілы. Пакуль што гэты таемны сонечны знак ратуе і мяне, і майго сына. Так будзе да наступнага лета. А далей мой сын сам будзе тварыць сваё жыццё і яго будзе ахоўваць ягоны ўласны татэм. А яшчэ сілы нам з сынам надаюць зёлкі. Мяне навучыла разбірацца ў іх мая бабуля. І цяпер нават Відушчая, і тая карыстаецца маімі парадамі, і маімі зёлкамі. Галоўнае, сабарць і высушыць іх у пару, у самую іх пару, калі яны ўжо назапасілі і прагнуць перадаць сваю сілу.

      Зараз я толькі што выйшла з лесу. І расклала на траве цэлы ахапак зёлак. Перабяру і пакладу сушыць. Больш за ўсё, як заўжды, святаянніку, мноства прамяністых, нават на дотык цёплых кветачак. Цёплых… Ці, можа, мне гэта толькі здаецца?

      – Ай! – гукнула я сына.

      Ён як бы і не пачуў. Што ж, я не крыўдую. Я ведаю, мілы мой Ай, калі ты пачынаеш маляваць, ляпіць ці выразаць з косці, забываешся на ўсё. Мне здаецца, што калі ты малюеш ці выразаеш звера, то наяве чуеш ягоны рык ці тупат, чуеш, як наганяюць яго паляўнічыя. А калі гэты звер не драпежнік, а які-небудзь высакародны алень, які зусім знясілеў, які задыхаецца і восьвось упадзе… Тады ты, калі ўжо выпушчаная найлепшым нашым паляўнічым страла кранае прыгожае, гнуткае цела жывёлы, раптам, як усемагутны Стваральнік, выхопліваеш аленя зпад стралы. З рэальнасці – у сон, у мрою. А з мроі той нараджаецца выразаны з косці, жывы на дотык вобраз.

      Тваіх касцяных і драўляных аленяў шкадуюць забіваць нават тыя, хто мусіць настроіцца на паляванне, мужчыны, якія выконваюць магічны танец і па традыцыі пускаюць стрэлы ў зробленых з косці, дрэва, ці намаляваных звяроў. Відушчая заўважыла гэта. І цяпер, калі бярэ ў рукі чурынгу, каменную пласціну, на якой высечаны зразумелыя толькі ёй рысачкі і кропкі (паводле іх яна каменем аб камень выстуквае для ўсіх рытм), дык вось, цяпер, калі яна бярэ ў рукі чурынгу, то кладзе паляўнічым не тваіх звяроў. А тых, якіх калісьці выразаў твой бацька. Баіцца, што мужчыны пашкадуюць твае выявы, не стрэляць, не патрапяць у іх, і паляванне будзе няўдалым.

      Ты, ведаю, крыўдуеш, нервуешся. А я ўпотай вельмі табой ганаруся. Стварыць тое, што спыняе стралу, значна цяжэй, чым тое, што яе прыцягвае. Забіваць у нашым племені ўмеюць усе. Шкадуюць адзінкі. Ты ж, мой сын, твае звяры, вы здолелі расчуліць усіх, нават самых жорсткіх.

      А калі летась цябе, Ай, дзеля выпрабавання ўпершыню ўзялі на паляванне і ты, разам з усімі высачыў аленя, старэйшыя, як мне потым расказвалі, хацелі саступіць, даць табе стрэліць першаму. І ты, стаіўшыся ў кустах, ужо заклаў стралу, нацягнуў цецяву, але ў апошняе імгненне перадумаў, спыніўся і ўвогуле адкінуў стралу убок. І тады адразу стрэлілі трое з тых, хто заўжды напагатове, стрэлілі і смяротна паранілі аленя. І разам з аленем упаў на траву ты, мой Ай. Так расказвалі мне мужчыны. Ты тады ледзь не страціў прытомнасць. А потым так плакаў, кідаўся, крычаў па начах, што мне давялося адпойваць цябе зёлкамі. І наш Галоўны, Важак, паглядаючы на цябе, толькі ківаў галавою: – Нічога не паробіш, будзе, як бацька, мастаком.

      А мы, жанчыны, даўно ведалі, што