Уладзімір Садоўскі

Проста фантастыка


Скачать книгу

не адлюстроўваецца на яго арганізме ў рэальным свеце, як гэта любяць паказваць у фантастычных фільмах?

      – На ўсе пытанні адзіны адказ: безумоўна, не! У вас састарэлае ўяўленне аб віртуальнай рэальнасці. У працэсе ўспрымання віртуальнасці ўдзельнічае толькі мозг. Інфармацыя падаецца толькі на зоны мозгу, якія ўспрымаюць пачуцці, абмінаючы зоны, што перадаюць гэтыя пачуцці на цела. Так што нават калі чалавек атрымлівае калецтва ў віртуальнасці, то ў рэальнасці яго арганізм застаецца непашкоджаным. Тое ж самае можна сказаць і пра смерць. Ды і наогул за бяспеку можаце не турбавацца. У нашым мінскім філіяле выкарыстоўваецца самае найноўшае абсталяванне, такое ж, як у Амерыцы ці Кітаі. І да таго ж для ўваходу ў нашу віртуальнасць не трэба свідраваць дзірку на патыліцы.

      – Ха, я зразумеў ваш жарт пра дзірку у галаве. «Матрыца», я памятаю такі фільм. Сябры, нагадваю, што перада мной сядзіць дырэктар мінскага прадстаўніцтва фірмы «Watch», вядучага распрацоўніка і распаўсюдніка віртуальных атракцыёнаў.

      Сяргей, пазяхаючы, увайшоў на кухню і кінуў позірк на экран тэлевізара, убудаванага ў сцяну над сталом. У эфіры ішла перадача «Добрай раніцы, Мінск». На экране малады вядучы пра нешта распытваў бізнэсоўца ў стылёвым гарнітуры.

      Сяргей паставіў пакет з ежай у мікрахвалёўку і міжволі прыслухаўся да іх размовы:

      – Зараз навінкай сезону і сусветным хітом з’яўляецца праграма віртуальнай смерці, распрацаваная вашай кампаніяй. Раскажыце, калі ласка, пра яе падрабязней.

      – Вядома, вядома. Адразу прадбачу наступныя пытанні, і магу з упэўненасцю сказаць, што яна цалкам бясшкодная для чалавека. Тэставанне не выявіла ніякіх адмоўных адхіленняў у падыспытных. Праграма паспяхова выкарыстоўваецца ўжо амаль год. Ніводнага адмоўнага інцыдэнту за гэты час не адбылося.

      – Зразумела.

      Печка падала сігнал гатоўнасці. Сяргей дастаў свой сняданак, прысеў за стол і пачаў есці, гледзячы адным вокам у талерку, а іншым у тэлевізар. Прадстаўнік фірмы «Watch» працягваў сваю прамову:

      – Слоганам нашай рэкламнай кампаніі ёсць выраз: «Перажыві тое, што яшчэ ніхто не перажываў!» Я вось, напрыклад, цалкам з ім згодны. Такую паўнату пачуццяў і вастрыню адчуванняў, якую забяспечвае наша праграма, можна атрымаць хіба што пры рэальнай сваёй смерці, ды і тое не ад усякай. Але ж вы не будзеце чакаць гэтага ўсё сваё жыццё?

      – Так, вядома.

      – Таму прыходзьце да нас і атрымаеце ўсё ў найлепшым выглядзе. І не забудзьцеся, сёння першы дзень запуску праграмы віртуальнай смерці і таму ўсім наведвальнікам будзе зніжка 50 %, а кожны дзясяты можа прайсці сеанс бясплатна.

      Бізнесовец так пільна паглядзеў у камеру, што Сяргею падалося, што дырэктар «Watch» глядзіць прама яму ў вочы. Рука з лыжкай замерла на паўдарозе ад талеркі да рота.

      – Вядома. Гэта важна, – голас вядучага вывеў Сяргея са здранцвення, – Надышоў час развітвацца. Дзякуй вам за цікавую гутарку. Да пабачэння. Нагадаю вам, дарагія тэлегледачы, што з намі быў дырэктар мінскага філіяла фірмы «Watch». А цяпер пра тое, што вас чакае ў працягу нашай праграмы.

      Сяргей акурат разабраўся з рэштай сняданку і пачаў збірацца да выхаду. Накінуў куртку, захапіў заплечнік і хуткім крокам выйшаў на лесвічную пляцоўку. Ліфт чакаць было доўга і Сяргей пачаў спускацца ўніз пехам. Ён па звычцы не зачыніў дзверы і хатняя праграма замкнула выхад самастойна, як толькі гаспадар аддаліўся ад кватэры на некалькі дзясяткаў метраў. Разам з тым выключыўся тэлевізар, пагасла святло на кухні і ў пакоі, а з-пад ложка выехаў робат-пыласос і прыняўся за працу.

      У офісе Сяргея выдаўся цяжкі дзень. Хлопца літаральна завалілі дакументацыяй, з якой ён так і не змог разабрацца да канца працоўнага дня. Прыйшлося браць некаторыя паперы дадому. Раздражнёны і стомлены Сяргей ехаў у машыне па праспекце Францыска Скарыны. Галава яго была поўная змрочных думак. Штодзённае руціннае паўтарэнне адных і тых жа дзеянняў скоўвала волю Сяргея. Сняданак, паездка на працу, дзе кожны дзень прыходзілася пералапачваюць горы дакументаў, затым зноў дарога дадому, некалькі гадзін сумнага сёрфу ў інтэрнэце і нядоўгі, нервовы сон, а затым усё па новай. Пакутліва хацелася вырвацца з гэтага зачараванага кола.

      На скрыжаванні загарэлася чырвонае святло. Пагружаны ў свае думкі Сяргей не заўважыў гэтага і працягваў ехаць далей. Праз секунду спрацавала сістэма аўтатармажэння, Сяргея кінула на стырно, ён моцна прыклаўся ілбом аб цвёрды пластык. Гэта раззлавала Сяргея і вярнула ў рэальны свет.

      – Халера, што за бздура, павырубаў бы ўсю гэтую электроніку! – вылаяўся Сяргей.

      Паціраючы лоб далонню, хлопец азірнуўся па баках. Над дарогай лунала, палаючы усімі колерамі вясёлкі, галаграфічнае рэкламнае палатно.

      – Наведай «Watch»! Толькі сёння і толькі для цябе зніжка 50 % на сеанс віртуальнай смерці. Кожны дзясяты праходзіць сеанс бясплатна. Спяшайся!

      Сяргей ўспомніў ранішнюю перадачу. У ім прачнулася цікавасць да віртуальных забаваў.

      – Чаму б і не? – падумаў ён. – Дома ўсё адно няма чаго рабіць.

      Прастаяўшы пяць хвілін у невялікім заторы, Сяргей перабудаваўся ў левы