захавальніцы кніжных скарбаў, разглядаючы фота. – Ты прыгажуня, а лялькі-іншапланетнікі такія пацешныя! Чытачы паглядзяць на вас у сацсетках і адразу прыйдуць па новыя кнігі! Вось каб у нашай бібліятэцы гэтыя мілыя вухуцяне пасяліліся!
Сінька ад такіх слоў аж з паліцы звалілася! Хоць ёй вельмі спадабаліся кнігі-скарбы, але застацца тут назаўсёды яна ніяк не магла. І астатнія вухуцяне ўсхваляваліся ад такой прапановы.
– Прабачце, але я не магу іх пакінуць, – адказала Улада.
– Вядома, з сябрамі так не абыходзяцца! – усміхнулася спадарыня і дадала: – Мне проста захацелася зрабіць такіх самых лялек і пасяліць іх у нашай бібліятэцы. Ты не будзеш супраць, калі нашы бібліятэкаркі-майстрыцы пашыюць ці звяжуць вухуцян, падобных да тваіх?
– Я буду толькі рада! – запэўніла дзяўчынка.
Вухуцяне зноў апынуліся ў заплечніку, Улада прыхапіла стос кніг і, развітаўшыся з захавальніцамі кніжных скарбаў, пайшла.
Вярнуліся дадому, падсілкаваліся бабулінымі смачнымі піражкамі і селі адпачыць ад перажытых прыгод. Дзеці ўзяліся гартаць кнігі, якія прынеслі з бібліятэкі. Было чуваць толькі шапаценне старонак, усе зацікаўлена разглядалі малюнкі.
– Гэта ж яна! Я яе пазнала! Істота, што ўчапілася ў мяне ў балоце! – раптам выгукнула Сінька, паказваючы на ілюстрацыю ў энцыклапедыі, якую гартаў Вухуцік. – Што там пра яе напісана?
Вухуцік, які, у мінулы раз гасцюючы на Зямлі, навучыўся чытаць, агучыў інфармацыю з кнігі:
– «П’яўка. Падклас чарвякоў. Навукоўцы лічаць, што п’яўкі існавалі яшчэ ў эпоху дыназаўраў. Жывуць у вадаёмах на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. З’яўляюцца драпежнікамі. Ёсць разнавіднасці, здольныя заглынаць сваю ахвяру (напрыклад, лічынку чарвяка) цалкам. Без харчавання могуць пражыць каля аднаго года, а некаторыя віды – да двух гадоў. У п’явак дзесяць вачэй, тры сківіцы і каля двухсот сямідзесяці зубоў. Адарваць п’яўку ад цела вельмі складана, але гэта не балюча. Прысмактаўшыся да ахвяры, істота намёртва сціскае сківіцы і не адвальваецца, пакуль не нап’ецца крыві».
Няшчасная Сінька стала бледнай і, адкінуўшыся на падушку, прашаптала:
– Жах! Пачвара-крывасмок хацела зжэрці мяне! Заглынуць цалкам!
Небарака ліла слёзы і гучна хлюпала носам-дудачкай.
– Супакойся, Сінечка! – суцяшала яе Улада, прыгладжваючы прычоску-спружынку. – Не так усё страшна, як табе падаецца.
Паненка рэзка села:
– Так у энцыклапедыі напісана! На мяне напала драпежніца, у якой дзесяць вачэй! Яна ўвагнала ў мяне свае дзвесце семдзесят зубоў і хацела высмактаць усю кроў!
– Ну што ты, даражэнькая! – зноў памкнулася супакоіць вухуцянку дзяўчынка. – П’яўкі больш за пяцьдзясят мілілітраў не асіляць. Дарэчы, раскажу вам, што ўвогуле не ўсё так жудасна. У нас людзі п’яўкамі лечаць хваробы. Гэта называецца гірудатэрапіяй. Калі чалавеку нешта баліць, доктар прыкладае медыцынскую п’яўку да скуры хворага. П’яўка прысмоктваецца і выпівае крыху крыві, а чалавеку дае свае лекавыя рэчывы. Потым яна сама адвальваецца, а чалавек папраўляецца.
– Дык