Трэба толькі гаспадарыць гэтак жа, як рабілі бацькі. Аднак па-старому ўжо было немагчыма, бо бацькі мелі яшчэ прыгонных сялян, а пасля адмены прыгону працаўнікоў трэба было наймаць. Каб атрымаць грошы, тыя, хто меў лес, прадавалі яго. Пра дынамічнае развіццё гаспадаркі размова не ішла. Усё рабілася па-старому, павольна і прымітыўна.
Пасля паўстанні 1863 г. адбылася селекцыя, у выніку якой край страціў найлепшых людзей – сваю эліту. Ідэалы тых, хто застаўся, не выходзілі за межы дасягнення дабрабыту, але такога дабрабыту, якога можна было асягнуць без вялікіх высілкаў. Тадас Іванаўскас пісаў, што гэтыя людзі ўнікалі ўсяго, што магло парушыць іх спакой, і вельмі баяліся ўладаў – нават з’яўленне жандара ў мундзіры ўзбуджала ў іх страх. «Урадник», а тым болей «пристав» былі іхнім кашмарам, пры іх з’яўленні яны станавіліся ліслівымі і падлыжнымі. А калі ў правінцыю прыязджаў функцыянер высокага рангу, дык яны, каб яму спадабацца, вылузваліся са скуры.
Вялікай страсцю нашай шляхты была гульня ў карты. Для гасцей рыхтаваўся па частунак, пасля якога моладзь танцавала, а старыя, каб не траціць часу, сядзелі за зялёным сталом і гулялі ў карты. Пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч, які сам быў уладальнікам двара ў Літве, кпіў з недахопаў свайго грамадскага слоя. Ён неяк некалькіх сваіх суседзяў намовіў з’ездзіць у Парыж на Сусветную выставу. Пасля выставы яны яшчэ ўсе разам планавалі наведаць некалькі знакамітых гарадоў. Ваньковіч адправіў сваіх сяброў цягніком, а сам павінен быў выехаць праз некалькі дзён і сустрэцца з імі ў парыжскім гатэлі. Гэтак і адбылося. Пісьменнік прыехаў у Парыж і ў адпаведным гатэлі застаў сваіх суседзяў за зялёным сталом з картамі. Іх не цікавіла сталіца Францыі – ужо два дні і дзве ночы яны не ўставалі з-за картачнага стала.
Напрыканцы XIX ст. наша шляхта не вызначалася выбітным інтэлектам. Мала хто з паноў меў бібліятэку ці нават выпісваў нейкае перыядычнае выданне – усё замяняў каляндар. Рэдка пісалі, і калі была такая патрэба, дык па ўсім доме шукалі атрамант і пяро. Мала хто меў замілаванне да прыроды ці садоўніцтва – усё замяняла паляванне. Некаторыя паны праз паляванне цалкам занядбалі свае гаспадаркі і таму з ахвотай бывалі ў гасцях. Ездзілі па суседзях з нагоды Божага Нараджэння, Вялікадня, Зялёных святаў ці імянінаў, каб выпіць і пад’есці ўдосталь.
Іванаўскас піша, што падчас святаў грошай не шкадавалі, нават калі іх і не было. Не важным было тое, што пасля святаў давядзецца доўгі час адмаўляць сабе ва ўсім. Падчас Божага Нараджэння ці Вялікадня багатыя паны прымалі ў сваім доме шмат гасцей. Госці прыязджалі з касцёла, і пачастункам не было канца: калі адны з’язджалі, другія прыязджалі, і гэтак увесь дзень. Да велікоднага стала не трэба было запрашаць – госці самі знаходзілі талеркі, нажы і відэльцы, наразалі сабе кусы, налівалі трункі ў кілішкі – адным словам, паводзілі сабе вальней, чым у сваёй хаце. Падзяліўшыся на групы, размаўлялі пра гаспадарку, пра тое, колькі пашы яшчэ засталося, пра кароў, банкаўскія пазыкі, новага