Уладзіслаў Ахроменка

Янкі, альбо Астатні наезд на Літве


Скачать книгу

на плечы і няспешна падаўся металёвымі сходамі на дах. Падлетак ажно згінаўся пад цяжарам скрынак з набоямі і стужкамі, але не адставаў.

      – Што ў кулямётны кажух заліваў? – не азіраючыся, спытаў Хросны. – Пярвак, як мінулым разам?

      – Ваду з Мічыган-Возера, – запэўніў хлопчык.

      Панарама індустрыяльнага Чыкага, што адкрылася з вышыні, уражвала. У вечаровае неба ўклейваліся белыя, шэрыя, чырвоныя і чорныя дымы. Над люднымі вуліцамі з грукатам несліся вагоны сабвэя. Хмарачосы, а іх тут было болей, чым званіц у Вільні, струнка цягнуліся да першых зор.

      – А неба якое васільковае, амаль як у нас па-над Нёманам! – замілавана прамовіў Хросны, усталяваў кулямёт і скіраваў рулю на ніз.

      Шыкоўныя, як лакіраваныя люксовыя труны, “Крайслеры” спрытна блакіравалі выезд з закінутых бойняў. Па двары рассыпаліся высокія смуглыя мужчыны, апранутыя ў доўгія шэрыя плашчы і модныя капелюшы “барсаліна”. Валасатыя рукі сіцылійскіх гангстэраў лашчылі машын-ганы сістэмы Томпсана.

      Хросны крыху прыўзняўся над парапетам. Падлетак апярэдзіў пытанне:

      – Карлу Спагеці шукаеце? Вунь гэты стары мафіёзі за апошнім “Крайслерам”.

      І сапраўды, з-за лакіраванага крыла легкавіка выторквалася сівая галава сухенькага дзядка. Карла Спагеці сядзеў на кукішках і засяроджана ладзіў запал да гранаты. Яго шыкоўная “барсаліна” ляжала на капоце машыны. Сіцыліец апусціў гранату ў кішэню плашча, надзеў капялюш і склаў далоні рупарам:

      – Presto… Prestissimo… – прыспешыў ён малодшых па рангу мафіёзі.

      Тым часам хлопчык-верабей спрактыкавана заправіў стужку ў казённік. Хросны злавіў у прыцэл цыбатага вусача, які на мігі паказваў Спагеці, што дзверы бойні зачынены з сярэдзіны.

      Карла таргануў драцяное колца з гранаты.

      – Forсe! – гукнуў ён.

      Граната тройчы перакулілася ў палёце і грукнула ў дзверы. Выбух мякка і важка скалануў вечаровае сутонне. Калі дым і пыл знесла ветрам, на месцы дзвярэй чарнела прамакутная дзіра. З вокнаў упэўнена бахнула колькі стрэлаў, і на шэрым плашчы вусатага мудзілы расплылася барвовая пляма. “Томпсан” грукнуў дыскам аб брук.

      – Хросны, страляйце ж… – азартна зашаптаў падлетак, калі адзін з сіцылійцаў запаліў паходню і пабег да склада з падрыхтаваным да продажу перваком.

      – Трэба іх бліжэй падпусціць, – кулямётчык засяроджана глядзеў у прыцэл.

      – Хросны, стрэлка манометра дзевятку перайшла, – даляцеў знізу голас блюзнера.

      – Яшчэ цярпіма, – прагучала ў адказ.

      Сіцылійскія мафіёзі, як па камандзе, ускінулі “Томпсаны”. Загрукацелі чэргі, заценькалі аб сцены спрацаваныя гільзы, зазвінела шкло, шрапнеллю разляцелася тынкоўка. З вільготнай цемры дзвярнога праёма халодна бліснулі шкельцы акуляраў. Дзядзька з тварам настаўніка, не цэлячы, дуплетам гахнуў з абрэзу, і “Крайслер” са свістам прысеў на пашкамутанае кола.

      – Porka misere! – вылаяўся Карла і зноў шпурнуў гранату.

      Выбухнула.

      Пад прыкрыццём пылу смуглыя