Генадзь Аўласенка

Дзікія кошкі Барсума


Скачать книгу

Дваццаць гадоў – гэта якраз той узрост, калі юнак становіцца нарэшце самастойным сталым мужчынам і, адначасова з гэтым, атрымлівае ўсе правы свабоднага грамадзяніна планеты Аграполіс. З гэтага ж узросту ён мае права завесці ўласную сваю фермерскую гаспадарку, што О’Ніл зрабіў амаль адразу ж.

      Мясцовы фермерскі камітэт выдзеліў яму пэўную грашовую субсідыю, а таксама беспрацэнтную пазыку, бацька таксама дапамог… і ўжо праз якісьці год-паўтара О’Ніл цвёрда ўстаў на ногі, неяк непрыкметна прымусіўшы, нягледзячы на малады свой узрост, лічыцца з сабой усіх бліжэйшых суседзяў. Вось толькі з першай рабочай жонкай яму крыху не пашанцавала.

      Не тое, каб яна была непрыгожай – непрыгожых жанчын ФІРМА, наогул, ніколі не прапаноўвала – але штосьці ў ёй было такое… штосьці, зусім не ў гусце О’Ніла. Ды і ўзрост! Хоць дакладны ўзрост сваіх рабочых жонак наўрад ці ведае хоць хто з жыхароў Аграполіса… хіба толькі прыблізны – але з самага першага погляду бачна было, што рабочая жонка маладога фермера значна старэйшая за свайго гаспадара і ўладальніка.

      О’Ніл і зараз яшчэ памятае, як адчайна камплексаваў ён з гэтай нагоды, як зайздросціў самай чорнай зайздрасцю сваім больш сталым суседзям, рабочыя жонкі якіх, нібыта знарок, былі ўсе, як на выбор, вельмі маладымі і здаваліся тады маладому фермеру проста казачна прыгожымі. Дзіўна, але, амаль што ўзненавідзіўшы гэтую першую сваю жонку, ён нават пальцам яе не крануў ані разу. Магчыма, яна чымсьці напамінала О’Нілу яго ўласную маці, якой ён зусім не памятаў, але пра якую ён часта думаў маленькім хлопчыкам, нават плачучы, ўпотай ад сяброў і выхавацеляў, і наіўна марачы, што прыйдзе дзень і маці зноў вернецца. А, можа, мяккасць О’Ніла са сваёй першай жонкай тлумачылася проста ўласнай ягонай маладосцю?

      А потым хтосьці з суседзяў падказаў маладому фермеру, што звычайна робяць у такіх выпадках. Аказваецца, ФІРМА ахвотна абменьвае такіх вось надакучыўшых альбо пастарэўшых жонак на іншых, больш маладых, з невялікай, праўда, даплатай. О’Ніл назаўтра ж адвёз сваю рабочую жонку ў мясцовае аддзяленне ФІРМЫ і вярнуўся на ферму ўжо з іншай жанчынай, маладой і вельмі прыгожай. Ён выбраў яе больш чым з дзесяці прэтэндэнтак і ніколі аб гэтым потым не шкадаваў.

      З гэтай, другой па ліку рабочай сваёй жонкай, О’Ніл пражыў амаль дзесяць гадоў… і гэта былі, без усялякага перабольшвання, самыя лепшыя гады ягонага жыцця. О’Ніл і гэтую сваю жонку не крануў нават пальцам за ўсе дзесяць гадоў іх сумеснага жыцця, але прычына была ўжо зусім іншая – напэўна, ён і сапраўды кахаў яе, калі толькі само гэтае слова, «каханне», можна аднесці да ўзаемаадносін рабочай жонкі з яе гаспадаром. Магчыма О’Ніл і далей жыў бы з гэтай сваёй жонкай, але так здарылася, што яна зацяжарыла і, згодна з законамі Аграполіса, прыйшлося паведаміць пра гэта ў аддзяленне ФІРМЫ. Жонку адразу ж ізалявалі, а калі нарадзіўся сын, О’Нілу выплацілі кампенсацыю і паведамілі адрас дзіцячага дома, у якім да дваццаці гадоў будзе выхоўвацца хлопчык.