навокал надзіва востры погляд праз свае таўшчэзныя акуляры, раптам выхапіла ў мяне пласкарэз і з размаху гакнула проста ля маёй нагі. Яшчэ адна, меншая трохі, змяя ў курчах задзерлася і зазвівалася на моху, яшчэ адна маленькая галоўка адскочыла ад тулава.
Якія норы свае шукалі яны тут – невядома, ці можа ў іх тут было спатканне ці сімпозіум (перадвыбарны сход?) – не знаю. Раней ніколі ў Дабрацічах змеяў не было.
– Выклікай «хуткую»! Бягом! – распарадзілася бабуля. – Гэта Уругвайцавы ўнукі.
Высілкам волі я пераадолела дурноту, што была падступіла да горла, і пабегла дамоў. Калі, ужо ад брамы, азірнулася, укушаная дзяўчынка кульгала да плота, спіраючыся адной рукой на пласкарэз, другой – на бабіну кульбу, а баба вяла за рукі сплаканых малых.
Бесталкова тыкаючыся ў дыск, я набрала нумар Зарніцкай.
– Ленка, тут дзяўчынку ўкусіла гадзюка, у нагу, што рабіць?
– Не панікуй. Забяспеч спакой назе. Ніякіх жгутоў. Можаш даць моцнага чаю ці лепш кавы. Вы ў Дабрацічах?
– Так.
– Буду праз пяць хвілінаў, я ў Страдчы.
Я паставіла чайнік на газ і кінулася насустрач Зосьцы – цяпер я яе пазнала, гэта сапраўды была Уругвайцава ўнучка.
Нага пухла на вачах, сіне-чорная фарба, здавалася, разлівалася пад тонкай скурай. Зоська ўжо амаль не магла ісці.
– Патрывай, зайчык, зараз прыедзе цётка Алена, і кавы зараз табе дам, табе палепшае ад яе.
Зося няпэўнай рукой выцерла пот з ілба і асела мне на рукі. Я падхапіла тоненькае цельца пад пахі, данесла да гамака. Зося страціла прытомнасць, адвалілася назад, і, неяк дзіўна булькочучы горлам, здавалася, хацела нешта сказаць. Слупянеючы, я глядзела на яе і не ведала, што рабіць.
– Галаву, галаву павярні! – бабуля ўзнікла зза маёй спіны і сама павярнула дзяўчынку на бок. Зосю вырвала.
Засвісцеў чайнік. Я хутка запарыла каву, але не паспела даць яе – бразнулі дзверкі Ленчынага «мерсэдэса», і вось ужо мая дарагая сяброўка, у нязменным чырвоным вырвівокаўскім гарнітуры, бяжыць да нас, адкрывае зноў-такі нязменны чамаданчык, ломіць галаву ампуле з празрыстай вадкасцю і робіць Зосьцы ўкол, ушчыпнуўшы тонкую руку.
– Так, паехалі ў бальніцу, – распарадзілася яна. – Не бойцеся, ад укусу гадзюкі яшчэ ніхто не памёр, але трэба паехаць – навошта ёй тут мучыцца, трэба кропельніцу паставіць з антыдотам.
Мы занеслі Зосю ў машыну і ўладкавалі на раскінутым крэсле – у Ленкі мікрааўтобус, – я падсадзіла туды ж малых і скочыла сама.
– Асцярожныя будзьце! – баба засталася ля плота. – З Богам!
Малых па дарозе высадзілі каля Уругвайцавага дома, хуценька патлумачыўшы сітуацыю цётцы Кацьцы.
– Навошта ж было забіваць змеяў? – незадаволена адчытвала мяне Зарніцкая, калі я расказала ёй пра абставіны сённяшняй раніцы. – Невук!
– А што я мела рабіць!? – абурылася я. – Карміць іх малачком з місачкі?
– Злавіць і адвезці далёка ў лес! Ці на Чорнае балота! – адрэзала Ленка, абыходзячы на павароце нейкі лядашчы «форд». – Што за цемра – як што,