валаскамі, поўныя болю і зіхоткай крыві, цёмныя пульсары путей зеўралі ўсё больш.
На маё шчасце, у гэты час у палату вярнулася санітарка. Менавіта яна падхапіла мяне зпад рук аслупянелага працаўніка народнай аховы здароўя, дзякуючы чаму я не грымнула на падлогу, яна ж паўстрымала яго ад паноўнага накладання швоў да таго моманту, пакуль не выйшла плацэнта.
Ужо праз гадзінку ў Дабрацічах дазналіся, што ў Макрынінай Евы нарадзіліся блізнючкі- дзяўчаткі. То бок мы.
Калі санітарка абмыла і спавіла нас з Улянкай, і яна, і маці, і фельчар, які да таго часу асавеў, пабачылі, наколькі мы падобныя адна да адной. Да рысачкі. Маці падкрэслівала, што, нарадзіўшыся, мы адразу перасталі крычыць і толькі разглядаліся аднолькавымі цёмнымі вочкамі. Фельчар сказаў, што нам добра, але пасля ўсяго, што было, яго словы не мелі ўжо вагі ані для мамы, ані для санітаркі. А не крычалі мы, думаю, проста таму, што не ведалі, што будзе далей. Працягу. Не ведалі, што людзі нараджаюцца не дзеля таго, каб ім было добра. Ад сілы, яны нараджаюцца, каб добра стала каму іншаму.
Нягледзячы на абсалютнае падабенства, нас з сястрой адрозніць было лёгка: я кульгала. Доктарка ў Брэсце, куды мама павезла мяне, калі з адчаем заўважыла гэтую хібу, сказала, што рэч у последствиях родовой травмы, бо дзіця ішло ножкамі наперад. І што гэта павінна прайсці. Але гэта не прайшло дасюль, хоць і стала амаль незаўважным.
Тады стаяла позняя ўпэўненая вясна – цяпер такіх у нашых краях ужо не бывае: павевы ветру яшчэ халодныя; на пясчаных пагорках цвітуць коцікамі вербы, а на адхонах каляі – занесеныя з чыгуначным жвірам малачаі; белыя малюткія пяціпялёсткавыя кветкі макрыцы матляюцца на тле брунатнага моху лясных прагалінаў. Лотаць. Мяккія фарбы зямлі. Людзей амаль не відно. Тае вясны драўляныя слупы на мяжы замянялі на бетонныя, якія прастаялі потым гадоў трыццаць. Калючы ж дрот замянялі пастаянна, па меры неабходнасці.
Ні пра маму Еву, ні пра тату, якога звалі не Адамам, а Анатолем, або Толікам, згадкі потым не будзе, таму з даччыной пашаны пра іх лёс можна сказаць колькі слоў зараз: яны абое загінулі, калі нам з Улянай было па дзевяць. Цяпер я нават не памятаю іх твараў (у мяне вельмі слабая памяць), асабліва калі намагаюся ўявіць блізка, і, думаю, не памятаю іх духоўных вобразаў. Але, здаецца, стрыжнем мамінага жыцця (пасля страху голаду – галоўнай фобіі для ўсяго нашага краю) быў страх перад машынерыяй – яна баялася аўтамабіляў, дарог, электрычнага току, рознага роду бытавых прыладаў і нават лекаў, што прыносілі нам прагрэс і гігіена, якія яна ж сама, як настаўніца малодшых класаў, павінна была прапагандаваць. Мне цьмяна помніцца, як кожны раз, калі тата затрымліваўся на рабоце ці дзе яшчэ больш чым на дзесяць хвілін, яна мянялася з твару (рысаў якога я пры гэтым не памятаю) і пачынала енчыць ды прычытаць, паступова даводзячы да слёз ды жаху і нас з сястрой. Толік жа, наш папа, быў тым чалавекам, дзякуючы каму мы гаворым на расейскай без акцэнту – ад самага нашага нараджэння ён гаварыў з намі толькі па-расейску, наўмысна, каб навучыць. Сам жа мову вучыў самастойна,