Сяргей Балахонаў

Інфанта і аднарог


Скачать книгу

адбылося так раптоўна і маланкава хутка, што я не паспеў своечасова зрэагаваць. Іншыя мае спадарожніцы не тое, каб збянтэжана, а хутчэй зацікаўлена сачылі за аднакласніцамі і чакалі маёй рэакцыі. Мне здавалася, што маё запозненае маралізатарства не дасць ніякага плёну. Таму я адно з ушчуваннем пахітаў галавою, але, звяртаючыся да Леры, сказаў тое, чаго напэўна не чакаў ніхто з прысутных: – А як жа тады персанаж беларускіх народных казак асілак Івашка Мядзведжае Вушка?

      Лера на міг задумалася, а потым выдала, выкарыстоўваючы разнастайны тэрміналагічны апарат вядомы ёй, верагодна, з грамадазнаўчага курсу: – Я канечне гэтую казку не чытала, але магу выказаць сваё меркаванне, сыходзячы з уласнага сацыякультурнага вопыту. Вось глядзіце: асілак – гэта ж нешта пазітыўнае, станоўчае, як ты яго ні круці. А як гэты пазітыў мог выразіць наш бедны і гаротны просты народ? Толькі экспрэсіўным прыметнікам, на які пазней царква і, верагодна, іншыя грамадскія інстытуты, імкнуліся накласці забарону, табу. І народ выкручваўся, як мог, прыдумваючы нешта нейтральнае. Вось жа быў Іван Піздаты, а стаў Івашка Мядзведжае Вушка.

      Дзяўчаты пачыналі патроху хіхікаць. Мінакі, праводзілі нас поўнымі сподзіву позіркамі, бо не маглі дабраць розуму, што за таварыства перад імі, аб чым гамонка і куды гэты дзядзька з усмешкай ласкавага цмока вядзе цэлую плойму юных красунь.

      – Лера, можа ты перастанеш мацюкацца? – урэшце зрабіў заўвагу я.

      – Эрнест Скіргайлавіч, вы ж разумны мужчына, – стала віхляць яна. – «Пізда» у гэтым кантэксце не мацюк, а навуковая катэгорыя.

      Мы акурат падыходзілі да вечнага агню з не менш вечнымі вясельнымі картэжамі. Яшчэ адна школьная група, каб не замінаць жаніху і нявесце, паскорыла крок і дагнала нас. На яе чале быў Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў. Ён, учуўшы з дзявочых вуснаў ненарматыўную лексічную адзінку, разбірацца не стаў, а адразу безапеляцыйна заявіў: – Дзяўчыначка, у цябе малако на вуснах не абсохла, каб такія словы без капкі сарамлівасці пры людзях казаць. А тым больш пры маладым настаўніку. Што ты сабе дазваляеш? Га? Як тваё прозвішча? Заўтра будзеш перад дырэктарам тлумачыцца.

      Мае вучаніцы, а пагатоў Лера Булатнікава, на якую хлынула ягоная тырада, здранцвелі. Даваць дзяўчыне магчымасць апраўдвацца перад Іскаліевым было небяспечна. Па-першае, яна пачала б аскірзацца, толькі ўскладняючы становішча. Па-другое, мая маўклівасць не магла сыграць на карысць майму і без таго хісткаму аўтарытэту. Апошняе мяне і падштурхнула кінуцца на абарону нахабніцы.

      – Вы, Давыдавіч, асабліва не гарачкуйце. Дзяўчо без злога намеру, а ў рэчышчы філасофскіх разважанняў. Сучасная філасофская парадыгма, знаеце…

      «Знаеце», – перадражніў стары. Ён пільна паглядзеў на Леру і яе малінавую саколку, якая добра падкрэслівала абрысы грудзей, задуменна кашлянуў, павярнуўся да мяне і ўшчыпліва папярэдзіў: – Глядзі, каб гэтая парадыгма з тваёй традыцыйнай філасофіі ўсе цалінныя сокі не ўвабрала.

      Калюча ўсміхнуўшыся, Іскаліеў прыспешыў сваю групу і шпарка пакрочыў наперад. Я не ведаў, што казаць. Вучаніцы таксама маўчалі. Нарэшце моўкнасці