тракалі яго звычнай нянавісьцю, і толькі малады практыкант з жэку чамусьці горача паціснуў руку.
Як і ўсе тутэйшыя дзеці, Назар Мінус нарадзіўся з жоўтай плямкаю на правым прадплеччы, падобнай да лішая. Гэта быў час, калі вэтэраны вайны яшчэ не кусалі людзей у цёмных завулках, і марозіва рабілі з малака. У суседнім пад’езьдзе жыў хлопчык Родзя, і ўсё на сьвеце было Родзіна. Грэлася на пліце вада ў эмаляваным вядры, майдадыр са злавесным шкробатам наточваў свой інструмэнт, і кляксонамі павісквалі прывязаныя да калыскі гумовыя качкі. Сястра нехаця малілася на кухні сьвятому Валодзю. Назар Мінус узяў нагу ў руку й ціха прамовіў:
– Не разумею.
Тут жа па-над ім навісла сястра, вялізная, нібы цэпэлін. Чорнымі ад атраманту рукамі ўхапілася за пруты калыскі – блізка, так невыносна блізка: “Мама, мама, ён сказаў мама!”. Зьбегліся, торгалі, як на таржышчы. Апоўначы прыйшоў Мінус-старэйшы, давіўся макаронамі пад сьвісьцячы жаночы шэпт. Падыйшоў да заснулага Назара, паглядзеў са шкадаваньнем: біцэпсаў не відаць, і ростам ня выйшаў – дзе ж такога на бам адправіш.
2
Тым вясёлым і знаходлівым, хто вызначае будучыню па палёце птушак, а нацыянальнасьць – па форме носу, адразу адкажам на галоўнае пытаньне:
– Не.
3
Ніхто з нас ня памятае таго часу, калі знаходзіўся ў мацярынскім чэраве; сэйсмічныя хвалі на жончыным жываце не абуджаюць у мужа ўспамінаў пра колішнюю ўласную шчасьлівую адзіноту, дый сама жонка глядзіць на іх як на нечуваны цуд, забыўшыся, што калісьці лупіла кагосьці нагою пад рэбры. Відаць, надта ўжо жахлівай была тая гвалтоўная калектывізацыя, настолькі жахлівай, што памяць пра яе пасьпешліва сьціраецца з нашай сьвядомасьці разам з ранейшымі ўспамінамі – як з дыскеты. Інакш бы людзі да канца дзён жылі пад цяжарам гэтай незваротнай страты, чалавецтва ператварылася б у статак занудаў-экзыстэнцыялістаў, цэрквы будавалі б у форме вагінаў, жыцьцё лічылася б сьмерцю, а зачацьце – злачынствам, людзі б толькі й рабілі што ўздыхалі пра страчаны рай; усе сысуны на зямлі хадзілі б злыя й паўасьлеплыя; пасьля такога прасторавага скачку ніхто б ня марыў ні пра асваеньне космасу, ні пра будаўніцтва камунізму. Нехта абараняе нас ад родавага шоку, клапатлівай рукой асьвяжоўваючы нашу памяць зноў і зноў. Яму патрэбныя чыстыя носьбіты. Толькі вось дзеля чаго?
Можа быць, жонка таварыша Мінуса ела занадта шмат мойвы з папяровых прамасьленых скруткаў. Можа быць, яна пару разоў не паглядзела перадачу “Здароўе”. Можа быць, ёй аднойчы прысьнілася, што таварыш Мінус ператварыўся ў камод. Аднак калі Назару прысьпеў час ісьці ў школу, ён цудоўна памятаў сваё колішняе адзінотнае плаваньне між добразычлівых шапатлівых пухіркоў – нібыта вольная расьліна, надзеленая зрокам, ён з усходняй усьмешкай, якая сьвяцілася недзе глыбока ўнутры, назіраў, як ён, існы і ў той жа час ня бачны дагэтуль нават самому сабе, прарастае ўшыркі і ўздоўж; вакол была фоталябараторыя, дзе праяўлялі ягоную будучыню, ружовую, цудоўную. Іншы б памер ад агорафобіі, калі анёлы ў белым цягнулі яго за галаву кудысьці ў смурод, аднак Назар замружыў вочы й цярпліва пракаўтнуў усё тое пякучае, што кінулася яму ў глотку на гэтым дзікунскім сьвяце. “Малчык палучылса”, – сказаў незнаёмы голас, а знаёмага не было чуваць.
4
Расплата прыйшла потым. Сястра чытала яму казкі; уладкаваўшыся з нагамі на ложку, яна рабіла змораны дарослы твар, прысланялася сьпінай да сьцяны й пачынала: “У адным горадзе, дзе ўсе людзі былі зьвязаныя паміж сабой паркалёвай нітачкай, аднойчы зьявіўся хлопчык. Ніхто ня ведаў, адкуль ён узяўся, гэты хлопчык, і імені ягонага таксама ніхто ня ведаў…”. Па каленях сястры, зацягнутых у грубыя вязаныя калготы, праносіліся туды-сюды драўляныя аўтамабілі, на антарктычную прасьціну сыпаўся чырвоны бальшавіцкі пыл. “Ы-ы”, – цадзіў скрозь зубы Назар Мінус. Сястра перагортвала старонку, потым яшчэ адну, яе голас, які старанна імітаваў інтанацыі адной тэлевядучай, станавіўся ўсё больш аднастайным і нарэшце пачынаў сіпець. “Панапісваюць усялякую ірунду”, – са злосьцю прамаўляла сястра, кідала кніжку ў кут і рабіла матчыны вусны. Назар глядзеў на сястру як зачараваны: за ейнай сьпінай калыхаўся цень узброенага мячом павука, у вачох успыхвалі дыямэнты, над плячом сястры навісаў чорны рыцар, а конь яго касавурыўся на Назара вагністым вокам. Перад сястрой на кукішках сядзеў брунаты й пупырчаты, як рапуха, чалавек у сярэднявечным капелюшы й абмахваўся вэерам са зьмеяў. Баючыся соскі, Назар маўчаў.
Зь імі ўсё было ясна, а вось простых жыцьцёвых рэчаў Назар Мінус не разумеў. Захоўваючы ў памяці абставіны свайго зьяўленьня тут, ён проста ня мог уцяміць сутнасьці некаторых навакольных зьяваў. Старая цётка, ад якой пахла сабачай мачой, надзявала яму на галаву душнае картоннае прыстасаваньне, зашмальцаванае й запляванае да такой ступені, што з Назара прасіўся на волю ранішні амлет, а гэтая страва і так не была ў жываце жаданым госьцем. Ззаду прыстасаваньне мела гумку, якая сьцягвала патыліцу й драла на ёй валасы нібы чужая купальная шапачка. Назару было загадана на вачах у некалькіх дзясяткаў агрэсіўна настроеных дарослых хадзіць ад сьцяны да сьцяны, махаць рукамі й тупа паўтараць загадкавы тэкст: “Ну каскажы церабяты, хтойя такойсер