новы тэатральны сэзон для спадарыні Ф. набліжаўся неспасьцігальнай, невыратавальнай, захопніцкай дзейнасьцю кашэчых. яна ня ведала, куды іх падзець, сваякі даўно адмовіліся, сябры разьбегліся, а котак у кватэры станавілася ўсё болей і болей. некалькі разоў аматара тэатру лавілі міліцыянэры, але доказаў не ставала, каб увогуле пазначыць ягоныя дзеяньні як перасьлед жанчыны.
час ішоў, котак у кватэры болела, тэатральная акторка пераехала ўва ўласны дамок пад Менскам, расьсяліла котак па пакоях, якія тыя вельмі хутка абадралі й памецілі. але што магло спыніць усе гэтыя шалёныя падарункі, калі прыхільнік спадарыні Ф. увасабляў сваё каханьне і бачаньне сваёй музы менавіта праз кашэчую ласку, праз мяккасьць кашэчых лапак, праз муркатаньне й казытаньне маленькіх вусікаў на цудоўнай пысцы.
акторка спраўна, як па гадзінах, раз на тыдзень альбо на два атрымлівала кацяня, нават нягледзячы, што ў тэатры ўжо не працуе, ўвесь свой час выдаткоўвае на кармленьне, догляд і прыбіраньне за коткамі, якіх стала настолькі шмат, што спадарыня Ф. вымушаная жыць, есьці і спаць на вэрандзе, сама не адпачнуўшая, нямытая, прапахлая коткамі.
і аднойчы котак на ганку перасталі пакідаць. і спадарыня Ф. зразумела, што больш у сьвеце яе ніхто ня любіць.
выратаваньне
блякада Ленінграда: у адной з кватэр спальнага раёну, дзе дамы месьцяцца адзін на адным, жывымі засталіся толькі бабуля й унучка, бабуля спаліла ўсю мэблю ў кватэры, яны разам зьелі ўсе кансэрвы, увесь хлеб, нават дагрызьлі каменную корачку, а бацькі так і не вярталіся.
каб неяк сагрэцца, бабуля апранула кажух паверх яшчэ аднаго кажуха, сама легла, абняла сабою шасьцігадовую ўнучку і так яны й паснулі, дыхаючы марознаю параю.
на раніцу ў жывых засталася толькі дзяўчынка, бабуля акалела і так засталася, зьдзервянелымі рукамі абдымаючы любімую крывіначку.
іх знайшлі толькі праз суткі, праз крыкі ўнучкі аб дапамозе. знайшоў сусед.
каб дастаць з абдымкаў нябожчыцы дзяўчо, давялося ламаць памерлай бабулі рукі.
сусед унучку забраў да сябе і разам са сваімі дачуркамі і старэйшым сынам здолеў нейкім магічным чынам адаслаць іх зь Леніграду да сваякоў у Магілёў. сам сусед да дзяцей не вярнуўся, а дзяўчынка пасьля вайны адправілася вучыцца ў Менск на настаўніцу, там і знайшла сваё каханьне, нарадзіла дачку, а тая ў сваю чаргу нарадзіла ёй унучку.
гэтая ўнучка два тыдні таму яшчэ сядзела са мною ў двары, перад вогнішчам, мы елі смажаныя курыныя крылцы, пілі піва й віно, гутарылі, яна распавядала мне пра сваю бабулю, цуд, выратаваньне, лёс, а на наступную раніцу зьехала зваротна ў Менск разам зь сяброўкаю й сябрамі.
ня ведаю, ці пабачымся мы зь ёю яшчэ раз.
галяграма
адно з маіх улюбёных заняткаў, калі хочацца разьмяць мозг, – разгляданьне прац Босха. гэта адзіны мастак, карціны якога мяне натхняюць, кожны ягоны пэрсанаж – гэта свая асобная гісторыя, якая вельмі лёгка можа памнажацца на дзясяткі іншых гісторый. мая мара – напісаць на кожную істоту Босха асобную