Твар кірпатага праменіўся шчасцем, нібы ён толькі што атрымаў ордэн.
– Па-апрашу ўсіх прад’явіць падэшвы абутку!
Агляд, відавочна, нічога кірпатаму не даў: ні на абутку Скарыны, ні Шумскага, ні Вітушынскага ён не знайшоў таго, чаго хацеў. Лёгкі цень азмрочыў яго твар. Праўда, ненадоўга – хутка ён папрасіў Скарыну паказаць яму ўвесь абутак, які ёсць у доме. Праз нейкі час яны вярнуліся з пустымі рукамі. Кірпаты выглядаў азадачаным, але яшчэ не разгубленым. А вось калі і агляд абутку Шумскага і Вітушынскага таксама не даў яму жаданых вынікаў, ён выяўна страціў раўнавагу.
– Ды што вы такое шукаеце, можна даведацца? – занерваваўся Скарына.
Заміж адказу кірпаты падвёў іх да акна. На прываконні добра адбіўся след рыфлёнае падэшвы. Памеры адбітку выдавалі, што нага, якая пакінула след, належала мужчыну. Вітушынскі заўважыў, як Скарына закусіў вусны і вырачыў вочы. След быў з засохлай белай гліны.
Спытаўшыся ў кірпатага дазволу, Вітушынскі сышоў бадзяцца па горадзе. Заставацца ў доме Скарыны не хацелася: надта ж пякучай была атмасфера гора. Антон адчуваў сябе лішнім у такой сітуацыі і таму вырашыў пашукаць жытло, куды можна было б з’ехаць.
Характарыстыку, якую доктар даў мясцовым гатэлям, Вітушынскі запомніў вельмі добра. Таму і на пошукі пакоя выбраўся ў раён прыватных дамоў.
Аднак знайсці жытло аказалася не так лёгка. Ці то аршанцы занадта падазрона ставіліся да незнаёмца і не спяшаліся пусціць яго ў падсуседзі нават на некалькі дзён, ці то Вітушынскаму не трапляліся гаспадары, якія маглі б пахваліцца лішкам жылплошчы.
Ён туляўся па пакручастых вулачках між драўляных дамоў, што патаналі ў зеляніне яблынь і грушаў, сліваў ды вішняў. Гэтыя вуліцы моцна розніліся ад цэнтральных, дзе дрэваў бадай і не было – не тое што яблыняў, але нават таполяў ці клёнаў.
Нечакана для сябе Антон выйшаў на пустку. Перад ім ляжалі вялізазныя равы, відавочна выкапаныя чалавечымі рукамі. Фантастычнае відовішча зачароўвала. Даўжэзныя глыбокія ямы нагадвалі магілы старажытных казачных асілкаў. Дый нават для тых легендарных волатаў выглядалі яны завялікімі: у такой велічэзнай яміне можна пахаваць не толькі аграмадзіну-асілка, але яшчэ і на кані. Ды нават і не аднаго: цэлае войска ў поўны рост спакойна здолее змясціцца тут.
З-за хмараў вызірнула сонца, асвятліўшы пейзаж і тым надаўшы яму яшчэ больш фантастычны выгляд. Цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя стромыя сцены, на якіх там-сям прычапіліся няўпэўненыя ў сабе дрэўцы, насамрэч месцяцца на Зямлі. Ластаўчыны гняздоўі, якімі былі паточаныя адхоны равоў, нібы сцены старога дома – шашалем, падаваліся ці то дзіркамі ў сыры, ці то таямнічымі хадамі ў Невядомае.
Вітушынскі, які стаміўся бадзяцца па горадзе (адчуваў стому і непрыемнае паколванне ў параненай правай назе), моўчкі стаяў над ровам. Ён п’янеў ад асалоды, што адкрываў яму велічны краявід.
З-за спіны раздалося пакерхванне:
– Глядзіце? Так, тут у нас прыгожа. Мабыць, так выглядаюць каньёны ў Паўночна-Амерыканскіх