промняў дзівоснае маляўнічае адзецце. Яно злёгку гайдалася, нібы ад ветрыку, і хвалямі вытрасала ў прастору калярыстыя пырскі і аблачынкі. Ад галавы адплывалі цёмныя, месцамі чорныя, пульсавалыя згусткі, ад якіх ува ўсе бакі кідаліся сквапныя языкі.
– У цябе баліць галава? – спытаў настаўнік.
– Не, – адказаў Андрэй.
– Аб чым ты думаеш?
Хлопец маўчаў. Асклепій уцеміўся ў яго, ад чаго ён страпянуўся, – і аўра зашугала ўсімі барвамі непагадзі.
– Не трэба, – крывячыся, папрасіў Андрэй.
Клас занепакоіўся, красамоўна дэманструючы разуменне сітуацыі, і настаўнік палічыў лішнім даваць нейкія тлумачэнні.
– Працягнем, – вымавіў ён.
Сфера вакол Андрэя значна пашыралася, і ўсе ўбачылі, як энергетычныя хмаркі разлятаюцца далёка ад яе і на хаду чапляюць-збіраюць сабе падобных. Такім чынам некаторыя разрасліся да вялікіх памераў. Эфір гучаў і пахнуў.
Знячэўку галава і сэрца Андрэя стрэлілі адмысловымі промнямі, якія хутка праткнулі-нанізалі на сябе некалькі аблачынкаў і, узбагачаныя, вярнуліся назад. Ягоны твар перасмыкнула. Да аўры дадаліся новыя адценні.
Асклепій глядзеў засяроджана, не маргаючы.
Сфера ледзь здрыганулася і пачала паказваць асобныя сюжэты жыцця Андрэя: разнастайныя замалёўкі Масеі, вобразы сваякоў, сяброў, знаёмых, жорсткія і крывавыя схапкі людзей, карціны Самбалы, юначыя разборкі, цяперашнюю абстаноўку і шмат чаго іншага. Яскравыя, невыразныя, светлыя, цёмныя, незразумелыя, бессэнсоўныя – усе яны імчалі вокамгненна, уперамешку, блытана і пакідалі ўражанне хаосу і бязладдзя.
– Гэтак прырода скануе кожнага чалавека, – падагуліў Асклепій. – Як бачыце, парадку ў галаве і сэрцы мала, што характэрна амаль для ўсіх людзей, у тым ліку і для вас. Вось цяпер можаце ўявіць, як зараз выглядае прастора над нашаю вучэльняй і якімі міязмамі яна перапоўненая. Адсюль усе вашыя хваробы. Можна іх лячыць?
– Так, – амаль аднагалосна выгукнуў клас.
– І як? – пацікавіўся настаўнік.
– Інакш думаць і адчуваць, – апярэдзіў усіх Джордж.
– Гэта цяжка.
– Немагчыма.
– Доўга.
– Лепш вы нас сутнасна перафармуйце, – хітравата параіў Барыс, і ўсе весела закруціліся.
– Гэта можна, – строга парыраваў Асклепій. – Толькі вы згубіце індывідуальнасць і будзеце нагадваць зомбі. Вашая свядомасць і Сусвет страцяць прыклады адметнай практыкі самаўдасканалення. Навошта нам гэта? Тут такія непатрэбныя.
Юнакі ў задуменні сцішыліся.
– А калі вакол сябе зрабіць заслону? – прапанаваў Ахмад іншы варыянт.
– Гэта самагубства, – ацаніў яго настаўнік. – Вы задушыцеся ад сваіх выпарэнняў.
– А мо зусім не лячыць? – успыхнуў Лао. – Што тады будзе?
– Тое, што цяпер адбываецца на Зямлі, – адказаў Асклепій. – Пры такіх абставінах вашае навучанне губляе ўсялякае значэнне.
35
Брацік занядужаў. Бацька і маці не ведалі што й рабіць. Да каго яны толькі не звярталіся – да лекараў, святароў, шаптухаў, знац е цаў,