не паўсюль аднолькавая: на адным месцы растуць клёны, бярозы, сосны, яблыкі, грушы, парэчкі, на другім – пальмы, эўкаліпты, секвоі, апельсіны, бананы, вінаград, на трэцім, чацвёртым, пятым – наогул анічога: ці то пустыня, ці то ледавік, ці то скалы. Адпаведна і людзі розныя. Дарэчы спытаць: чаму?
– Клімат усякі.
– Правільна, унук. Але зноў жа: чаму?
– …
– Так дадзена звыш: кожны лапік зямлі своеасаблівы, бо створаны самастойным нябёсным творцам. На ім жывуць, растуць, паміраюць, радуюцца, гаруюць адменныя ад іншых дрэвы, казуркі, жывёлы, птушкі, людзі. У іх свае звычкі, традыцыі, гісторыя, культура. Яны дыхаюць адным паветрам, размаўляюць на адной мове, захоўваюць адзін парадак… У ідэале гэта – добрая, цэльная і гарманічная, сістэма, дзе ўсё базуецца на адпаведнасцях, дапаўненнях, разуменні, згодзе. Але ў рэальнасці ўсё іначай. Пра лад і спакой можна толькі марыць. Прычынаў існуе шмат, але большасць з іх мае адзін адрас, – і дзядуля падняў палец угору. – Мабыць, уверсе, за аблокамі, нешта не стасуецца, бо ўнізе, у нас, усё толькі псуецца. Прычым зараза часцяком напаўзае паступова, непрыкметна і цалкам выяўляецца толькі у канцы. Вось, прыклад. Як табе наш агарод?
– Любата глядзець!
– А суседзкі?
– Непрынадлівы: акрамя быльніку нічога не расце.
– А быў жа самавіты, бо нашая зямелька надта здатная і чароўная: ледзь прыкладзеш рукі – і багацце сыплецца.
– А што адбылося?
– Усё пачалося з таго, што гаспадары памерлі і дваром завалодалі заходцы. Раней іх чорт разносіў толькі па гарадох, а тут, нал і ха, і да вёскі дапёр. Гэтыя зразу ўсяго ачураліся. Нічога талковага не рабілі, усё псавалі. Земку зганодалі мо за год. Ты б, унучак, бачыў, як яны на агарод выходзілі: паперадзе брыдкаслоўе, за ім – звяга і падчас працы – усялякія хабал ы і непрыстойнасці. І заўсёды п’яныя. Нашыя дзівіліся: як можна так жыць і да зямлі ставіцца? Ды ім было ўсё роўна. Хутка яны ўсім ачамярэлі.
– Узялі б ды выгналі іх, як чужынцаў.
– Шкада, што так не зрабілі, бо дале-боле. З цягам часу яны закажанелі, абарваліся і зусім згалелі, але такіх, відаць, і трасца ніякая не бярэ: пяюць і вяселяцца! І што ты думаеш? Сёй-той з тутэйшых пазайдросціў і ўпадабаў такую жытку. Спачатку спачуваў капцанам, заходзіў да іх, пасобстваваў, а ў выніку злёгся з імі – урэшце бяздолле паглынула і яго. А благое, як вядома, заразлівае. Так і пайшло гуляць па вёсцы ўсялякае непатрэбства. Стала знікаць працавітасць, зычлівасць, добрае слова.
Дзед уздыхнуў, на хвіліну задумаўся і, пазіраючы ў неба, прыхіліў да сябе ўнука.
– Што да слова – дык з ім сапраўдная бяда. Раней і там, і сям чулася нашая гаворка, прыгожыя трапныя звароты, усё ў наваколлі мела зычныя пекныя назвы, абазначэнні, а тут з’явіўся чужы, несугучны язык, які, нібы пачвара, пакрысе паглынаў розум тубыльцаў. Ён адымаў сэрца, абражаў і зневажаў – люд гэта разумеў, але па звычцы цярпеў. Трава, кветкі, кусты, дрэвы, звяры, птушкі больш не чулі роднае мовы, паветра тужыла па любасных гуках і водару, зямля халаднела ад няроднага голасу і духу…
Косця адчуваў балючую занепакоенасць дзядулі