Коллектив авторов

Мінск назаўжды (зборнік)


Скачать книгу

адценне…

      Месцічы, прыдворныя, блазны, хціўцы, славалюбцы, падлабунькаўцы і пахлебцы – хавалі ўсмешкі. Хто ў рукаве адамашкавым, хто проста даланёй з радавымі сыкгнетамі прыкрываўся… Больш спрактыкаваныя лізункі нат рысачкай не змяніліся – толькі вочы… У вачах смех… Рогат… Кепікі…

      Каб ім восцень у зубы!

      – Каму свежыя гарбункі?

      Ваявода абвёў налітымі крывёй вачыма панылыя відарысы новага ўладання. Шэрыя камяніцы, гнілыя платы… Менск… Замардуй, загадуй, закалаці яго трыста радзімцаў і з радзімчыкамі!

      Ваявода заўсёды ведаў, што паблажлівая ўсмешка – тое, што знойдзе ён, перасыпаючы пясок любой паважлівай увагі і багавейлівага позірку…

      Юзаф Радзівіл быў гарбунком.

      Не дай Гасподзь камусьці з вас мець такое дзяцінства, як займеў ягоная мосць, яснавяльможны Юзаф Мікалай Радзівіл… Ягоны бацька Марцін урадзіўся разумным… Хаця й страшнаватым, як жабяня. Вочы – адно на Алатыр-камень глядзіць, другое – на востраў Авалон. Мо таму захапіўся ў свой час алхіміяй, каб незямныя веды захілілі зямныя недахопы?

      Усё глыбей засмоктвалі яго мосць пана Марціна забароненыя веды…

      Вось ужо ад алхіміі перайшоў да магіі… Трэба толькі ўпадобіцца ўсходнім уладарам.

      Вось ужо хапаюць па ўсіх вёсках прыгожых дзяўчат і робяць з іх «кадэтак» – няшчасных гарэмніц пана Марціна.

      Вось чорны дым з тыгляў зносіць да неба тыя рэчывы, што самое неба адмаўляецца прымаць…

      А ўласная сям’я, жонкі, дзеці, – то ж замінішча!

      Маці Юзафа, рахманая Аляксандра з Бялхацкіх, не вытрымала ваўкалацтваў мужа, памерла… Другая жонка, пані Марта з Трэмбіцкіх, больш трывушчая…. Затое з-за сваіх спробаў выправіць мужніны блюзнерскія паводзіны – апынулася пад замком. На голых дошках, на хлебе й вадзе… Разам з усім вывадкам дзяцей, і сваіх, і ад першай жонкі-гаротніцы. Старэйшай сястры пана Юзафа пашанцавала – у пятнаццаць выдалі замуж. Адзін з малодшых братоў застаўся няўцямным калекам – з-за пабояў бацькі… Юзафу таксама перапала. Кулакі ягонай мосці Марціна Радзівіла назаўсёды пакінулі яго гарбатым. Гарбунком.

      Нават калі брат Марціна, Геранім Радзівіл, узяў замак Чарнаўчыцы, вырваў як з воўчых зубоў, для Юзафа мала што змянілася.

      Бо не дзеля спачування да няшчасных сваякоў, а дзеля хцівасці, каб захапаць невымерныя валоданні Марціна Радзівіла, напад ладзіўся.

      Уладальніка Чарнаўчыц, прызнанага недзеяздольным, пасадзіў на ланцуг брат Геранім Радзівіл. Калі па праўдзе, дык такі ж вар’ят. Малодшых дзетак Марціна забраў другі дзядзька, Міхал Казімір Рыбанька, вялікі гетман. Так што Міхал Радзівіл, брат пана Юзафа, гадаваўся ў бліскучым Нясвіжы, разам з Пане Каханку. Балі, паляванні, каруселі рыцарскія… А Юзаф, спадчыннік, патрапіў пад апеку шалёнага дзядзькі Гераніма. Той жа палон, толькі больш выгодны.

      Толькі ў дваццаць тры, калі дзядзьку паглынуў чысцец, пан Юзаф Радзівіл змог заняць адпаведнае свайму статусу месца.

      Вядома, знайшлі яму жонку… Гожую ды радавітую. Шляхта рукі-боты цалавала…

      Але пан Юзаф ніколі не мог забыцца на таго верабейчыка, што прылятаў на вакно