Алесь Аркуш

Захоп Беларусі марсіянамі


Скачать книгу

ставаць на нацыянальныя культурніцкія рэйкі. – Дудар меў даручэньне ад Цэнтральнага бюро «Маладняка» стварыць у Полацку філію, як гэта ён ужо зрабіў у Віцебску.

      Навокал зусім стала цёмна. Бадзёра рыпеў сьнег пад нагамі. Уладзік прывёў свайго новага калегу ў адзін з будынкаў былога езуіцкага калегіюму, які быў пераабсталяваны пад інтэрнат. Тут жылі пераважна вайскоўцы і навучэнцы 43-х полацкіх камандных курсаў. Але спыняліся і розныя цывільныя камандзіраваныя. Пахадзіўшы па нейкіх закутках, Уладзік прывёў мажную кабету, якая загадвала гаспадарчай часткай. Дудар паказаў ёй паперу ад рэдактара, кабета прачытала і павяла паказваць Алесю ягоны ложак.

* * *

      Кроква любіў Ластоўскага. А ягоную аповесьць «Лябірынты» лічыў сваёй настольнай кнігай. Прыканцы 80-х, калі Власта і ягоную літаратурную спадчыну нарэшце рэабілітавалі і надрукавалі ў часопісе «Маладосьць», Кроква збрашураваў часопісныя старонкі і зрабіў кнігу. Ня ўсё ў гэтай аповесьці было яму зразумела, але наяўнасьць нейкай таямніцы, якую трэба разгадваць, прымушала глядзець на «Лябірынты» ня толькі як на мастацкі твор. Гэта азначала, што да аповесьці трэба было вяртацца зноў і зноў. Кроква быў упэўнены, што Ластоўскі нешта за шыфраваў у «Лябірынтах». Нешта вельмі істотнае ды ізатэрычнае.

      Тое, што ў Полацку былі, а можа і зараз ёсьць, падземныя хады, не было адкрыцьцём. У любым старым беларускім горадзе знойдуцца свае ўласныя легенды пра сутарэньні і лёхі. Звычайна іх будавалі ў крэпасьцях і кляштарах. Гэта дазваляла заможным асобам або мніхам пры небясьпецы пакінуць сваё жытло незаўважна. У гэтых сутарэньнях таксама хавалі ад хцівага вока скарбы і каштоўныя рэчы.

      Полацак быў поўны легендаў пра падзямельлі. З краязнаўчых кніг нават былі вядомыя ўспаміны людзей, якія на пачатку ХХ стагоддзя ў тых лёхах пабывалі.

      Васіль верыў у гэтыя легенды. Больш таго, ён лічыў, што ў тых лёхах да сёньня перахавана нешта вельмі істотнае для Полацка. Магчыма, нават Полацкі летапіс, пра які ўсе казалі, што ён страчаны назаўсёды. Але як тыя лёхі адшукаць?

      Васіль некалькі разоў старанна абсьледаваў усе закуткі Замкавай гары. Са сталёвым прэнтам ён аблазіў нават зарослыя быльнягом і кустамі стромкія схілы ракі. Нічога, аднак, падазронага не знайшоў. Калі нейкі ўваход або выхад з падзямельля тут і існаваў, то, відавочна, быў засыпаны пластом зямлі.

      Кроква вылічыў і месца, зь якога Ластоўскі з Падземным Чалавекам спускаўся ў полацкія лёхі. Недзе побач з тым лазам стаяў некалі будынак Базыльянскага кляштару. Цалкам магчыма, што Ластоўскі спускаўся ў падзямельле са склепу таго будынка. Бо ўсе манастырскія камяніцы ў Полацку мелі свае дрэнажныя лёхі для адтоку грунтовай вады. Некаторыя мелі такую вышыню, што па іх можна было, сагнуўшыся, вольна хадзіць.

* * *

      Стварыць філію «Маладняка» ў Полацку аказалася яшчэ складаней, чым у Віцебску. Дудар абышоў усе ўстановы культуры і адукацыі ў горадзе ў пошуках патэнцыйных сяброў літаратурнай арганізацыі. Але знайсьці творчых людзей у правінцыйным зрусыфікаваным Полацку было ня так проста. Найбольшае расчараваньне