Аляксандар І. Бацкель

Мімікрыя


Скачать книгу

дзікунскім, цёмным, яны здаваліся ператварэньнем мясцовых бажкоў, пра якіх даўно запамятавалі за часамі праваслаўя, і тыя, каб павесяліцца, пераапрануліся ў такіх варя’цкіх боўдзілаў, адкапаўшы адзеньне невядома зь якой эпохі.

      – Эй! Гэй, ты! – загарлаў адзін з панкаў у бок Інэсы, якая сьпяшалася да сваёй звычайнай лясной сьцяжынкі. – Пачакай, куды пабегла!

      Гэтым разам аднаклясьніцы ня клікалі Інэсу, аточаныя бруднымі нетутэйшымі хлопцамі. Яны на той час думалі толькі пра тое, каб усё было добра, каб іх ніхто не чапаў, а напалоханыя мясцовыя кучкаваліся й трымцелі на рагу школы, паціраючы спатнелыя далоні аб свае чорныя й сінія пінжакі са школьнага гарнітуру, на якіх зь левага боку былі прычэпленыя розныя значкі, ці то з савецкіх часоў, ці то сучасныя.

      – Дык чакай жа! – Адзін зь немясцовых нагнаў дзяўчыну акурат перад самым лесам. – Ты куды? Дадому?! Магу я цябе правесьці?

      Інэса спачатку спужалася, але потым пачырванела й паскорыла хаду, яе ўпершыню дадому праважаў хлопец, няхай і такі брутальна неахайны, але ж… Інэса за колькі сэкунд агледзела праважатага: вочы блакітныя, над верхняй губою юнацкі пушок, падобны да вусаў, валасы доўгія, скроні паголеныя, кашуля белая зь сінімі васількамі й бруднымі плямамі, кароткія рукавы, рукі амаль па локаць у нейкіх фенечках, джынсы, з-пад якіх праглядаюць начышчаныя гуталінам вайсковыя боты. Інэсе хлопец спадабаўся праз сваю жвавасьць, праз палкасьць і моц, яна крыху запаволіла хаду й вырашыла зь ім пагутарыць.

      – А цябе як завуць?

      – Юра.

      – А што ж ты, Юра, ня ў школе ці не ў хабзе? Што, двоечнік, прагульшчык, выгналі, напэўна! – Інэса звонка засьмяялася і паскорыла крокі.

      – Эй! Э! Чаго ты адразу так, дво-о-о-ечнік! Можа быць, я ўжо пасьпеў адвучыцца, у адрозьненьне ад некаторых! Дарэчы, як цябе завуць?

      – Інэса.

Паветра

      Гэта быў ліпень, сьпякотны, ліпучы ліпень, калі й ноччу й днём аднолькава горача. Быў той самы месяц, калі хочацца быць аголеным, хочацца скінуць скуру, быць распранутым да нутра, бо трываць гэты летні вагонь няма моцы.

      Інэса ляжала ў жытнёвым полі, яна была добра схаваная прыродаю ад усяго на сьвеце, яе сьпіна адчувала вострыя паламаныя парасткі, якія былі пакрытыя выцьвілай покрыўкай.

      Скінуўшы танюткую сукенку, зьняўшы белыя майткі, аголенымі грудзямі ўгору, да аблокаў, сарамліва прыкрыўшы рукамі залацістае ўлоньне, Інэса ляжала з заплюшчанымі вачыма й адчувала пальцамі вільгаць, яна лавіла кожным міліметрам сваёй скуры гарачыя пацалункі Юры, які, цалкам распрануты, падставіўшы сонцу сваю сьпіну, цалаваў яе паўсюль, куды траплялі вусны, ён лёгка кранаўся яе салёнай пэрсікавай скуры языком, лашчыў ружовыя смочкі, падобныя да каштанаў, танюткую шыю, на якой пульсавала вэнаручаінка.

      Час быў спынены. Не існавала нічога, акрамя асалоды, пяшчоты, вецер суцішыўся, не было ані ластавак, ані каўкаў, ані жаўрукоў, толькі неба, белыя пухнатыя аблокі й сонца, сьпякота й два аголеныя целы, нітачкі поту, звонкія