Юры Станкевіч

Брамнік заўжды самотны (зборнік)


Скачать книгу

зад валасамі колеру саломы нібы гайдалася вузкае кола святла. Каб не гэта, дык, адным словам, дзядзька з вуліцы.

      – Вы хто такі? – здзіўлена спытаў дванаццацігадовы Максім Гудаў. – Калі да бацькі, то ён спіць.

      – Я да цябе, Максім, – сказаў незнаёмец і дадаў сарамяжліва: – Я – анёл. Імя – Херувім. Прыйшоў, каб выканаць тваё адзінае жаданне. Заўваж – адзінае.

      – Нешта не верыцца.

      – Нікому не верыцца.

      – А што ад мяне трэба? – крыху памаўчаўшы пацікавіўся хлопчык.

      – Загадаць. Толькі і ўсяго. Да кожнага чалавека ў дзяцінстве прыходзіць нехта з анёлаў. Заўваж, толькі аднойчы. Хто што просіць. Адзін – цукерак, другі – ровар, трэці… Але… Што жадаеш ты?

      Хвіліну на роздум. Больш часу не маю.

      – Не трэба хвіліну, – хлопчык па прозвішчы Максім Гудаў паказаў рукой на сцяну, дзе вісеў плакатны аркуш з выявай футбаліста. – Хачу быць галкіперам. Варатаром. Такім жа вялікім, як ён.

      Анёл падышоў да сцяны, угледзеўся ў плакат і сказаў:

      – Такім ты быць не здолееш, бо яму, калі ён яшчэ выступаў, не было роўных. А ўсё вялікае – непаўторнае. Але – тваё жаданне я занатоўваю. Ты не пашкадуеш. Вось я тут, на аркушы, стаўлю подпіс. Цяпер бывай.

      – Бывай і ты, – развітаўся хлопчык і… і прачнуўся. У пакойчыку нікога не было. Максім Гудаў перавёў позірк на сцяну. Знаёмая постаць у карычневай футболцы з выявай тыгровай галавы. Мужны квадратны твар, кароткая стрыжка.

      “Хасэ Луіс Фелікс Чылаверт Гансалес, – прачытаў ён у які ўжо раз. – Парагвайскі галкіпер. Нарадзіўся 27 ліпеня 1965 г. у г. Лука. Рост 1 м 92 см. Удзельнік двух чэмпіянатаў свету. Аўтар адзінага ў свеце “хет-трыка” сярод варатароў. Выключны пенальціст і выканаўца штрафных удараў. Забіў за спартыўную кар’еру 62 галы.” …Але што гэта?

      Хлопчык ускочыў і ўсутыч наблізіўся да плаката на сцяне.

      Знізу нешта высвечвалася, нейкі надпіс.

      І раптам ён прачытаў: “Згода. Херувім”.

      I

      “Гранд-стадыён”. Францыя. Ліён

      Са свайго месца на “банцы” – лаўцы запасных – васямнаццацігадовы Максім Гудаў убачыў, як іх асноўны варатар – трыццацігадовы Сяргей Румаш – выскачыў на перахоп і ў паветры, у скачку сутыкнуўся з абаронцам сапернікаў з “Ліёна”, які незаўважна, з-за спіны, падключыўся да атакі. Цемнаскуры, мажнага целаскладу “лібера” ішоў на “набяганне” з выстаўленым каленам, што і вырашыла лёс Сяргея Румаша ў гульні.

      Збіты з ног, ён памкнуўся ўзняцца, але спробы, адна і другая, былі дарэмныя. Суддзя на полі, англічанін Стайлз, у жыцці паліцэйскі, паказаў цемнаскураму абаронцу ўсяго толькі “гарчычнік” і спыніў матч. Выклікалі ўрача і адразу “брыгаду”. І не паспелі яшчэ пакласці асноўнага варатара Румаша на насілкі, каб вынесці з поля, як “коўч”, галоўны трэнер – Пал Палыч Грак – схапіўся спачатку за галаву, спадзяваўся, можа, што будзе выдаленне, але хутка апамятаваўся і змрочна кінуў яму: “Размінайся ў тэмпе і – на паляну”.

      Замена. І калі ўжо выбягаў, нацягваючы пальчаткі, да сваёй штрафной, пачуў услед: “Пацярпі да перапынку, не прапусці”.

      Пакуль бег, падумаў сам сабе, што вось ён, галкіпер з дубля, якога лічы што выпадкова павезлі за іх каманду – “Рэйду” – на адну шаснаццатую Лігі Еўропы, нечакана (верагодна, толькі на гэты матч) будзе стаяць за “аснову”. І ўсё з-за таго, што атрымаў траўму другі варатар, а цяпер, выцякае, – і першы, Румаш. Менавіта яму зараз давядзецца выцягнуць за ўсіх увесь цяжар, і на які момант ён жахнуўся, але думаць ужо не было ні часу, ні магчымасці, тым больш – баяцца. Толькі прыгадалася: а як зрабіў бы на яго месцы вялікі Луіс Чылаверт, яго кумір?

      А вось і яго “гаспадарка”. Вароты, як і паўсюдна, памерам сем трыццаць два на два сорак чатыры метра, ды штрафная перад імі. Ды яшчэ мяч. Ён выбіў яго далёка наперад – няхай адчуюць яго ўпэўненасць.

      Стадыён загудзеў. Увогуле цяперашняя гульня – па сутнасці суцэльны для гаспадароў гандыкап. Каб выйсці ў чарговы раўнд, яго камандзе трэба альбо нічыя з нулявым вынікам (і тое ў залежнасці ад таго, як згуляюць у групе), альбо перамога. Але, паводле настрою, па ўнутранай перакананасці (а ён адчуваў яе) гатоўнасці, імпэту да перамогі – не было. Не “каціў” у іх тэму і так званы “аўтобус” – звышабаронная тактыка. Каб стварыць сапраўдны “бетон” у абароне, рэальных сіл не хапала. І спадзявацца ім заставалася хіба толькі на ўдачу.

      Хаду матча ён прадбачліва чытаў. Гульню “Ліёна” вёў іх плэймейкер Бурэ – паходжаннем з Метраполіі, белы, вопытны распасоўшчык і дырыжор. Крайнія нападаючыя, часта мяняючыся месцамі, раз-пораз разрывалі абарону. Урэшце, адзін з гэтых “аўтсайдаў”, Фаркон, выскачыў на ўдар, і ён толькі на ўзроўні падсвядомасці выцягнуўся ў струну і адбіў мяч кончыкамі пальцаў. Стадыён расчаравана выбухнуў тысячамі галасоў. “Сэйв! – падумаў ён сам сабе. – Выдатны сэйв!” – і, падымаючыся, убачыў краем вока, як “коўч” Палыч далёка за броўкай ускочыў з лаўкі і ўскінуў угору вялікі палец. Толькі цяпер ён унутрана супакоіўся. Гэты ўдалы сэйв надаў яму ўпэўненасці. Ён стаў адрозніваць ігракоў з каманды сапернікаў, успамінаў урыўкамі іх характарыстыкі з прагляду