Юры Станкевіч

Брамнік заўжды самотны (зборнік)


Скачать книгу

выбег да броўкі. Гол у раздзявалку! Гол! Забіце гол! – крычалі самі за сябе яго красамоўныя жэсты.

      Пачалася сапраўдная навала. Нападаючыя, а за імі і абаронцы саперніка пачалі гнаць мяч наперад, да штрафной Максіма, там-сям уступаючы ў жорсткія адзінаборствы. У адзін з такіх момантаў ён літаральна “зняў” мяч з нагі Мбваны, атрымаўшы моцны ўдар нагой у жывот. Наўрад ці справакаваны. Перахапіла дыханне. Але ён падняўся на ногі.

      І ў той самы час прагучаў свісток Стайлза на перапынак.

      IV

      Трыма гадамі раней

      Пасля чарговай трэніроўкі дырэктар школы папрасіў Максіма крыху затрымацца.

      – Размова ў нас з табой будзе сур’ёзная, – пачаў ён. – Ты адзін з нашых найлепшых маладых футбалістаў, але гэтую школу ты ўжо пераўзышоў. На маю думку, табе больш мэтазгодна перайсці ў спартыўны інтэрнат. Там поўнае дзяржаўнае забеспячэнне, і табе варта ўжо вызначыцца, каб з часам пачынаць гуляць за які сур’ёзны клуб, але ты ўжо гэта збольшага вырашыш сам. Да таго ж ты, лічы, уключаны ў юніёрскую зборную рэспублікі. І, як я ведаю, многія старшыні праўленняў клубаў, трэнеры, шматлікія “скаўты”, як кажуць, паклалі на цябе вока.

      Хачу цябе, Максім, у гэтым сэнсе вельмі сур’ёзна папярэдзіць. На працягу сваёй спартыўнай кар’еры (калі ты, вядома, і далей будзеш займацца футболам) цябе будуць чакаць не толькі слава і захапленне заўзятараў, магчыма неблагія грошы, якія ты станеш зарабляць, калі трапіш у рукі большменш сумленных футбольных агентаў, трэнераў, але і цяжкія трэніроўкі, пераезды, якія будуць вымотваць цябе ды, як правіла, адна адказная гульня ў тыдзень, зборы і матчы за рэспубліканскія каманды. Будуць падпільноўваць траўмы – ад іх нікуды не дзенешся. На жаль, і сямейная неўладкаванасць. Запомні, што я табе кажу. Будзь абачлівым, як станеш падпісваць кантракты. Памятай, што ты талент, але за спінай у цябе няма падтрымкі ўплывовых бацькоў, сваякоў. Толькі ты адзін будзеш адказны за сябе. Але кажу гэта ўсё не дзеля таго, каб ты падумаў, што вось – я амаль што майстра, і кропка. Табе яшчэ далёка да сапраўднага майстэрства, у цябе яшчэ няма вопыту, і многія таленты, не меншыя за цябе, спыняліся і драбнелі, бо не хацелі расці далей, пераставалі працаваць, а то, яшчэ горш, і збочвалі на крывую дарожку. І дзе яны цяпер? Хто спіўся, іншы пайшоў, да слова, “па базару”, яшчэ нехта “даў нырца” ў крымінал і цяпер адпачывае “на шконцы”. Я вельмі хачу, каб ты абмінуў усё гэта і стаў сапраўды вялікім варатаром – такім, напрыклад, як Леў Яшын, датчанін Петэр Шмейхель, італьянец Джанлуіджы Буфон ці твой улюбёнец Луіс Чылаверт. Тым больш, што ты ўсім сэрцам любіш футбол. А футбол ужо даўно стаў не толькі асобным, самым папулярным відам спорту на планеце, а і своеасаблівым пластом культуры, мастацтвам, калі хочаш. Прыйдзе поспех, і ты станеш не толькі славутым, а і заможным. Але ўмова ўсё тая ж: працаваць. Дарэчы, як у цябе з бацькамі? Мне давядзецца размаўляць з імі.

      – Так, па-рознаму.

      – Бацька ўсё яшчэ зазірае ў чарку?

      – Здараецца, – засмучана