ўсе любяць i шануюць. Куды не кiнеш вокам – паўсюль плакаты пра Злiпеня. А калi ў цябе кепска са зрокам, тады табе праз гучнагаварыльнiкi распавядуць пра Злiпеня. Ты зразумееш, што нiчога не зразумеў. Але ты паверыш, што ў Злiпеня можна верыць, бо тысячы i тысячы людзей будуць iсцi са сцягамi i шарыкамi. І ксяндзы ў пурпуровых шапачках будуць iсцi, i амерыканскi амбасадар будзе ехаць у чорнай машыне, i генералы будуць пазвоньваць залатымi ордэнамi, i дзецi будуць памахваць кветкамi, i прэзiдэнт будзе ўсмiхацца тым дзецям. І ты захочаш быць разам з усiмi, i нават паспрабуеш сказаць добрыя словы пра Злiпеня. Толькi язык твой – вораг твой. Замест «злiпень» ён скажа «злы-пень». І ты прыкусiш язык свой, i цiха пойдзеш на працу. Там ты сядзеш на канапу i прыдумаеш сабе свята Члiпеня, ты прызначыш сабе iндывiдуальнае свята. І ты падрыхтуешся, i адсвяткуеш яго ў сераду.
2. Казка пра Чарнату i Бiблiятэку
«Гульнi з вечнасцю скончылiся…» – так падумала сама сабе Бiблiятэка. Яна састарэла. Пыл накрыў яе кнiгi. Папера зжоўкла. Бiблiятэкары пасыходзiлi на пенсiю. Памяшканне зачынiлася. Бiблiятэка засталася ў самоце. Яна спрабавала нешта-нейкае чакаць, але нiчога не праглядалася нi ў блiзкай, нi ў аддаленай перспектыве. У будучынi бачылася адна Чарната. Раней Бiблiятэка любiла Чарнату, калi тая цiшком прыходзiла ўначы. Цяпер, калi Чарнаты стала шмат, Бiблiятэка ставiлася да яе з насцярогаю i недаверам. Толькi, акрамя Чарнаты, у Бiблiятэкi нiкога не засталося. Таму i размовы даводзiлася весцi з Чарнатою, каб хоць словы не пазабывацца. «Спiш?» – спытала Чарната. «А што рабiць?» – «Несцi святло. Ты мусiш несцi асвету! Наканаванасць твая такая…» – «Як i каму я павiнна несцi святло, калi нiхто не разгортвае маiх кнiжак?» – «Ты павiнна гарэць i ззяць!» За такую жорсткую прапанову Бiблiятэка пакрыўдзiлася на Чарнату. Крыўдавала яна доўга, але нарэшце пагадзiлася з Чарнатою. Бiблiятэка гарэла цяжка i доўга. Яна гiнула ў зыркiм полымi. Яна пакутавала, знiкала i радавалася свайму светладайнаму знiкненню. Бiблiятэка згарэла, i Чарната яе шчыра аплакала i ў тым плачы сказала: «Гульнi з вечнасцю твае толькi пачалiся, мая ты Бiблiятэка…»
3. Шэры доктар
Мiнi Маўс закахаўся ў Максi Маўса, а той палюбiў яго, i яны пайшлi ў бальнiцу. Яны прыйшлi да Шэрага доктара шукаць дапамогi. Максi Маўс хацеў, каб Мiнi Маўс стаў Максi Маўсам, а Мiнi Маўс жадаў, каб Максi Маўс зрабiўся Мiнi Маўсам. Доктар узяў нож i адрэзаў ад цела Максi Маўса цэлае Максi, а ад цела Мiнi Маўса ён адхапiў цэлае Мiнi. І тады адзiн Маўс палюбiў другога Маўса, як самога сябе, i зажылi яны простым i шчаслiвым жыццём, душа ў душу.
4. Чырвоныя яблычкi-1
У мястэчку жыла старая па мянушцы Крывая Бяроза. Яна магла хадзiць пад зямлю. Нiхто не ведаў, як тая Крывая Бяроза заходзiць пад зямлю i выходзiць з-пад яе, але некаторыя на свае вочы бачылi тое дзiва, ну а чулi пра яго ўсе. Мястэчка не любiла Крывую Бярозу, ды толькi тая не пераймалася з-за такой драбязы, як нянавiсць. Яна лiчыла, што нянавiсць да яе паходзiць ад чорнай зайздрасцi, бо i напраўду ёй моцна зайздросцiлi. А зайздросцiлi ёй, бо жыла Крывая Бяроза заможна. Пра такiх кажуць, што iм чэрцi грошы носяць. Толькi грошы i золата Крывая Бяроза выносiла з-пад зямлi сама. Там, пад зямлёю, яна наведвала мерцвякоў i частавала iх райскiмi яблычкамi. А за тыя яблычкi мерцвякi аддавалi ўсё: яны аддавалi i грошы, i золата, i праклятыя падземныя скарбы. Яны аддавалi Крывой Бярозе ўсё чыста, бо верылi ёй. А яна казала iм, што райскiя яблычкi не простыя яблычкi, а не простыя яны, бо выраслi не ў звычайным местачковым садзе старой кабеты, а ў сапраўдным Раi тыя яблычкi налiлiся чырванню. Мерцвякi елi Чырвоныя яблычкi i марылi пра светлы Рай. Яны спадзявалiся на Рай доўга, пакуль свежы нябожчык не расказаў iм пра вялiкi дом Крывой Бярозы. І здагадалiся мерцвякi, што дом той збудавала Крывая Бяроза за iх золата. А яшчэ яны зразумелi, што нiколi не трапяць у сапраўдны Рай. Яны азлiлiся на крывую старую i хацелi парваць яе на кавалкi, ды яна паспела выйсцi з-пад зямлi. Тады мерцвякi сталi чакаць смерцi Крывой Бярозы. Яны спадзявалiся, што раней цi пазней яна ўсё адно трапiць пад зямлю. Марныя былi спадзевы, бо абачлiвая старая напiсала запавет, у якiм казалася, што цела яе мусяць спалiць, а жменьку попелу мусяць высыпаць пад райскую яблыню, якая родзiць салодкiя, як мёд, чырвоныя яблычкi.
5. Атут i Атам
Атут забiў Атама, забраў ягоныя грошы i пайшоў да дзевак. Дух Атама не скарыўся i не прыняў лёс пакутнiка. Ён паўстаў з мёртвага цела, пайшоў за сваiм забойцам, выбраў самую вiдную з дзевак i ўсялiўся ў цела яе. Атут запрапанаваў самай вiднай патанчыць. Тая затанчыла яго да паўсмерцi, а натанчыўшыся, зацягнула Атута ў ложак. На шаўковай прасцiне дзеўка залюбошчыла забойцу ўканец. Дух Атута паўстаў з залюбошчанага цела, каб адпомсцiць распуснай дзеўцы за гвалтоўную смерць сваю. Паўстаў дух Атута i пабачыў дух Атама. Пабачыў ён дух ахвяры сваёй i адчуў сорам за ўчынак свой. Атут пачаў каяцца i прасiць прабачэння. Але дух Атама не прыняў прабачэнняў i раскаянняў таксама не прыняў. Ён павярнуўся спiнаю да ката свайго i сышоў у светлае нiкуды. Атут застаўся ў цёмным i ледзяным нiдзе са злачынствам сваiм.
6. Розныя пальчаткi
Сябра паведамiў навiну: на праспекце Незалежнасцi ён знайшоў скураную мужчынскую пальчатку. Яна выглядала на новую, таму мой таварыш i вырашыў прымераць яе. Калi ён амаль нацягнуў яе на