пазнаёмiцца. Звычайная справа, маладыя гады i жаданнi маладыя. Сеў ён за столiк, выпiўку замовiў, а калi хацеў паўтарыць, дык не знайшоў партманеткi. Ляжала партманетка на столiку, побач з тэлефонам. Сотавiк застаўся, а партманетка прапала. Акром рудой афiцыянткi, да столiка i не падыходзiў нiхто. Хлопец да рудой: «Аддавай, сучка, партманетку!» Тая ў крык. Прыбеглi ахоўнiкi, скруцiлi хлопца i выкiнулi з клуба на заднi двор. Каб толькi скруцiлi i выкiнулi, яно б i нiчога, а то збiлi невiнаватага моцна. Ён толькi пад ранiцу змог устаць i дадому пайсцi. Ідзе хлопец пустой вулiцаю, кульгае, а за iм Лiловы сабачка бяжыць. Вясёлы такi гарэзлiвы цюцiк. У хлопца настрой змрочны, ад сабачай весялосцi яму яшчэ горш робiцца. Паспрабаваў хлопец Лiловага сабачку прагнаць, а той не пужаецца, не ўцякае, а наадварот, усё падскоквае i пысаю хлопца ў дупу папiхае. Зазлаваў хлопец на Лiловага сабаку, падняў з зямлi важкi кавалак асфальту i шпурлянуў у жывёлiну. Шпурнуў моцна, але не трапна. Асфальт упаў побач з Лiловым сабакам, якраз у тое месца, дзе на зямлi быў чорны сабачы цень. Хлопец знарок прычакаў, пакуль сабака пад лiхтар забяжыць, каб святлей было, каб дакладней пацэлiць. Прамахнуўся! Хлопец падумаў, што прамахнуўся, а насамрэч ён i пацэлiў. Калi вядзьмарка абарочваецца ў Лiловага сабаку, трэба якраз у цень i бiць. Пазней знаёмыя хлопцу таму распавялi, як у начным клубе пад самую ранiцу проста пасярод залы танцоры ўбачылi рудую афiцыянтку з разбiтай галавою. Пакуль дактары прыехалi, яна ўжо д’яблу душу перадала. А таго, хто яе ўдарыў, не знайшлi. Шукалi-шукалi, а знайсцi не змаглi.
28. Шэры вядзьмак
Захварэў вядзьмак. Цяжкая хвароба ўбiлася ў старое цела. Смяротная хвароба напала на нямоглага стогадовага ведзьмака. Цiсне яна яго, круцiць i ломiць, а вядзьмак нiяк памерцi не можа. Пашарэў увесь, высах – скурка ды костачкi, валасы ўсе павыпадалi, у роце нiводнага зуба не засталося, а смерць не iдзе. Пачаў Шэры вядзьмак столь разбiраць. Над сваiм ложкам ён не толькi столь разабраў, а i дах зняў. Суседзi глядзяць на разабраны дом Шэрага ведзьмака i дзiвяцца. Ужо i неба з ложка вiдаць, i зоркi ў небе паблiскваюць, а смерцi як не было яму, так i няма. Тады Шэры вядзьмак каля свайго ложка ў жалезнай бочцы вогнiшча расклаў. Пачаў ён палiць кiпарысавыя цурбэлачкi ды ядлоўцавыя ягады. Увесь дом зацягнула сiнiм дымам, а потым i палова вулiцы тым дымам заплыла. І пабеглi праз той дым чорныя каты. Вялiзныя чорныя каты пабеглi праз сiнi дым – такiя вялiзныя каты, што можна было падумаць, што i не каты яны зусiм, а чэрцi. Разбеглiся тыя чэрцi-каты па суседнiх дамах – толькi тады памёр Шэры вядзьмак. Пахавалi яго за дзяржаўны кошт. Дах у ведзьмакоўскiм доме пачынiлi, але прадаць дом не могуць. Так ён i стаiць. Пэўна, чакае свайго новага ведзьмака.
29. Чорнае вiно-1
У мужчыны быў сябрук Уладзя. Той Уладзя ажанiўся з Веранiчкаю. Не прайшло i месяца пасля вяселля, як Уладзя жонку разлюбiў. Справа ў iх амаль да разводу дайшла. Веранiчка прыбегла да мужчыны i кажа: «Ёсць у мяне дзядзька родны Мiхась Машнiцкi. Ён чарадзей адмысловы. Ён майго Уладзю ўзяўся прыварожваць да мяне. Толькi Уладзя нiбыта адчувае чарадзейства i не п’е, не есць дзядзькавых прысмакаў. Таму дам я табе