Зоя Доля

Акно ў замежжа (зборнік)


Скачать книгу

палкамі размахвае: «Дзевачкі, давайце яшчэ адзін кружок!»

      Вера падсунула бліжэй крэманку, падхапіла лыжачкай абмяклае марожанае і няёмка, крутнуўшы ўзнятую лыжку, заляпала марожаным эксклюзіўную, створаную сваімі рукамі блузку. Прапала выбітная блузка…

      2

      Веры падабалася ўсё прыгожае. Яна любіла эфектна апранацца. Шыючы сабе адзенне, абавязкова ўстаўляла незвычайны элемент, касую какетку, ці шырокі манжэт да локця з безліччу дробных гузікаў. Прозвішча мела падыходзячае – Краўцова. У нейкім сэнсе яна была нават манерная. Гэта ішло знутры, нязмушана, нявычурна, арганічна. Невядома адкуль браліся вытанчаныя манеры. Вера вырасла ў беднай сям’і. Маці адна гадавала іх з братам. Бацьку яна не памятала, ён рана пайшоў з жыцця. Расла Вера ў дрэнна абстаўленай маленькай двухпакаёўцы. У студэнцкія гады апраналася сціпла, насіла таннае паліто. Але з першай стыпендыі купіла сабе белыя пальчаткі, бо гэта прыгожа: белая лайкавая скура, тонкая, прыемная навобмацак, урачыстая. Пальчаткі файна пасавалі да белай берэткі. Пальчаткі хутка страцілі лоск, пацямнелі, зрабіліся брудна-шэрымі, іх давялося выкінуць. Але момант сустрэчы з чароўным адбыўся… Здаралася, мімаходзь Вера набывала ў камерцыйнай краме на апошнія грошы дарагі заварнік з роспісам і дзіўным носікам, бо заварнік незвычайны і стварае асаблівы настрой, калі п’еш гарбату… А потым піла голую гарбату, таму што на піражок грошай не засталося.

      Вера рана выйшла замуж, у дзевятнаццаць гадоў. Незадоўга да гэтага яны з малодшым братам страцілі маці, засталіся ўдваіх сам-насам з жыццём. Ім дапамагала цётка не вельмі вялікімі грашыма, часу займацца пляменнікамі ў яе не ставала. Вера ледзь зводзіла канцы з канцамі. Ліда неяк заскочыла да Веры ў госці, з інтэрнатаўскага галоднага бардаку ў гарадскую кватэру. Не нашмат там было лепей. Вера частавала сакурсніцу аладкамі на кефіры. Пачак мукі, алей у шкляной бутэльцы з ліпкай падранай налепкай і бутэлька кефіру – усе прадукты, што былі ў доме. А ў пакоі на засланай старым пацёртым дываном канапе ляжалі скруткі дарагіх шыкоўных махеравых нітак бэзавага колеру, купленых на зэканомленыя грошы. Вера вязала сабе шалік, бо гэта неверагодна прыгожа – бэзавы шалік.

      Калі Вера выпадкова ў познім зімовым з заінелымі шыбамі трамваі сустрэла Яго, на Верынай шыі прывабна пухнаціўся бэзавы шалік. І Ён падышоў пазнаёміцца. Ад лёсу не ўцячэш.

      Будучы Верын муж Леанід на спатканнях трымаўся самавіта. Веры паблажліва дазваляў ласкава называць сябе Лёнчыкам. Высокі, з гордай асанкай, нецярплівы і рэзкаваты ў выразах. Вера лічыла гэта мужнасцю і незалежнасцю, а было то звычайнай распешчанасцю. Адзіны сын у завадской працоўнай сям’і. Мама гадавала яго па прынцыпе: усё – для любімага дзіцяці. Мы, бацькі, пражылі жыццё, нічога добрага не бачылі, няхай хоць сынок пажыве. Рана не будзіць, гуляць не забараняць, рэчы купляць якія пажадае. Джынсы? Купім фірмовыя джынсы, коштам на цэлую маміну зарплату, а маме і ў старым паліто нядрэнна. Колькі ёй там трэба? Гадзіннік дарагі