Віктар Казько

Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік)


Скачать книгу

яму, як і дзе пакласці. Ордэн і мноства медалёў за штурм і вызваленне чужых гарадоў, раскіданых па ўсёй Еўропе, загадаў у труну не класці, захаваць для ўнукаў. Загадаў і адышоў, храпянуў апошні раз, як храплі перад тым жа адыходам яго конікі. Храпянуў і нечакана для сябе набыў ногі, маладую вёрткую сілу ў нагах. Ён выпрабаваў іх яшчэ на гэтым свеце, узняў, здаецца, каб ступіць імі на гэтым свеце, але ступіў ужо на тым. Маладымі пруткімі нагамі пайшоў Канстанцін Васільевіч да Бога. Пайшоў, свята верачы і ведаючы, што горш, чым тут, там яму не будзе. Не можа быць горш. Занятак яму будзе і там. У чым-чым, а ў коніку Божухна яму не адмовіць. А з конікам ён ужо як-небудзь ды згаворыцца, паладзяць яны, абодва ж добра ведаюць, што трэба рабіць, калі сустракаюцца конь і мужык. На якую хочаш работу на гэтым свеце быў здатны Канстанцін Васільевіч, усё, можна сказаць, ведаў пра той свет. Але на паверку выйшла – усё, ды не зусім. Пражыўшы ўвесь час у сваёй птушынай чаляднай адселенасці, ён не прыкмеціў, пэўна, самага галоўнага, – як свет перавярнуўся, жыццё перамянілася. Ён успрымаў яго адвечнай сваёй памяццю, вачыма бацькоў, дзеда, а яно даўно ўжо зрабілася інакшым. Пазіраў на кладачкі паміж панскім і чалядным берагам, а бачыў, пэўна, мост паміж мінулым і будучым, хоць і ведаў, што кожная новая паводка змывае тыя кладачкі. Ён сам не раз пасля вялікай вады пракладваў іх нанава. Думаў, назаўсёды, але толькі да новай вады. Ён сам быў як тая вялікая вада. Сам, атрымлівалася, тварыў новае незразумелае яму жыццё. I ў рэшце рэшт не прыкмеціў, як сатварыў яго і сам пераўтварыўся. Перавярнуўся, абярнуўся ў нешта інакшае, агіднае і прыкрае ўласнай душы і натуры. I гэтыя абаротныя яго душа і натура распладзіліся і памножыліся, пайшлі рыскаць па зямлі. Але калі сам ён яшчэ глядзеў на гэтую зямлю вачыма бацькоў, то дзецям яго ўжо бачылася ўсё на ёй яго вачыма. Без мастка паміж двума берагамі рэчкі. Усё сплыло для іх веснавой вадой, тарфяной і чорнай вадою адвечнай Пцічы, і сканала там, за рачным паваротам. I цяпер ужо не толькі блакітная цэркаўка на кургане знікла з іх вачэй. На іх вачах, заслепленых пяском, раскапалі і сам курган, а там, дзе некалі стаялі цэркаўка і панскі палац, паставілі асабняк нованароджанага магната, гмах – уродзіну, народжаную мноствам літаратурных і фігуральных перабудоў і надбудоў. I Канстанцін Васільевіч, калі быў яшчэ ў сіле, дапамагаў будаваць тую ўродзіну. Так што не без падстаў пабівалі яго каменнямі, ляцелі ў яго камяні. I родная жонка, і родныя дзеці кідалі іх на магілу, на грудзі, збіраліся паставіць каменны помнік. Вінаваты, вінаваты ён хаця б таму ўжо, што нарадзіўся. Мёртвыя сораму, канечне, не маюць, але, па справядлівасці, павінны трымаць адказ за пакінутае імі жыццё. З каго інакш спытае мужык, жывы ці мёртвы – павінен за ўсё адказваць. Жывыя ж адказваюць толькі за спакой на тым свеце, за тое, каб іх прарадзіцелі ў трунах сваіх не пераварочваліся. А Канстанціну Васільевічу наканавана было перавярнуцца ў труне. Напоўніцу дало яму жыццё горкага і салёнага на зямлі ў бацькоўскім дамку. Не салодкім аказалася яно і ў дамавіне на