Анатоль Кудравец

Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік)


Скачать книгу

іголкай». – «Адкуль вы гэта ведаеце?» Ага, насцярожыўся, значыць, зацікавіла.

      Значыць, баліць. Пачакай, пачакай… – «Не, гэта не пясок і не камяні. Там боль раптоўны, рэзаны. Яго цяжка цярпець, але з ім-то яшчэ можна ваяваць. А гэта… гэта страшней. Гэта можа быць самае страшнае…» – «Што?.. Самае страшнае?!» Бачу, як яго самазадаволеная ацёчная морда мяняе шкуру, з жоўтай робіцца беленькая. Маўчыць, лыпае вачыма. І верыць не хочацца, і не верыць нельга. «Праверце ныркі, бо можа быць позна», – кажу яму і выходжу. Задаў ты мне задачку – я думаю, задаў і я табе задачку – ты думай. Назаўтра ранічкай прыбягае жонка, «дагістарычная іскупаемая». «Віктар Міхайлавіч, скажыце, што гэта няпраўда!» У вачах і слёзы, і страх. «Скажыце!» Я маўчу. Ды і што я магу сказаць?!

      – Як што? Што пажартаваў, што ўсё гэта выдумаў.

      – Я нічога не выдумляў. Ён і праўда хворы, і хворы цяжка.

      – Адкуль ты ведаеш?

      – Адкуль? – Віктар загадкава ўсміхнуўся, пацягнуўшы губамі, нібы сутарга іх павяла.

      Я першы раз бачыў такія яго вочы – спакойныя, роўныя, пранізліва-халодныя. Нашы позіркі сустрэліся, і я адчуў усярэдзіне ледзяны дрыжачы холад. Нешта такое я адчуваў аднойчы, яшчэ мальцом, калі першы раз зазірнуў цераз зруб у глыбокую студню, самую глыбокую ў нашым сяле. Зазірнуў – і далёка на дне, на чорным люстры вады ўбачыў свой твар. Твар не твар – нешта цёмнае, загадкавае, бліскучае, так і хацелася наблізіцца да яго, прыгледзецца, і я ўжо перавесіўся напалову, цягнучы галаву ўніз, і калі б не нечая дужая рука… І вось цяпер на мяне зноў пазіраў той малец з калодзежа халоднымі Віктаравымі вачыма.

      Але тут Віктар засмяяўся, непрыгожа агаліўшы дзясны:

      – Я люблю чытаць медыцынскую літаратуру, там багата цікавага, асабліва пра хваробы чалавека. А мой дзед Максім умеў лячыць – і людзей, і кароў, і коней. Загаворваў кроў, сунімаў боль, адганяў падучую. – Віктар рыўком устаў з-за стала, выйшаў на сярэдзіну пакоя, выпрастаўся ўвесь, развёў плечы, узняў грудзі і застыў, нібы схоплены стаўбуном.

      Твар напружаны, закамянелы, вочы нерухомыя, невідушча-шкляныя, пазіраюць удаль, паверх маёй галавы. Потым паволі апускаюцца ніжэй, на мой твар, знаходзяць мае вочы, упіваюцца ў іх, не адпускаюць. Губы яго варушацца, суха шэпчуць: «Згінь, хвароба, прэч з парога! Ты мяне не ведаеш, я цябе не ведаю, ты мяне не чуеш, я цябе чуць не хачу… Ты, соль, – усё засоліш! Ты, попел, – усё пераясі! Ты, чорны вугаль, – усё зачэрніш!..» – Ён ідзе па пакоі, выставіўшы рукі з растапыранымі пальцамі, робіць імі кругі ў паветры, нібы адганяючы насланнё, чмут нейкі. Увесь наструнены, сабраны ў адзін камяк, ступае мякка, нібы кот, гатовы ў любое імгненне скочыць наперад. І скача, рэзка кідае рукі ўперад, перад маім тварам, застывае на нейкі час. Я сяджу, як пад гіпнозам. Ён забірае рукі назад, нібы хавае, як кот кіпцюры, твар яго расслабляецца, ажывае, і ён задаволена рагоча сваім грубым голасам.

      Гэты голас некалі я чуў у калідорах педвучылішча, і тады ён мне падабаўся. Але цяпер ён здаецца мне ненатуральным і хворым.

      – Ды ну цябе з тваімі