Анатоль Кудравец

Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік)


Скачать книгу

іх не здалі нервы, яны ўзялі б нас цёпленькімі. Нехта з іхніх пульнуў раней часу. Тут усё і пачалося!.. У нас кулямёт, два аўтаматы, карабіны… Але мы ўбачылі, што непярэліўкі, развярнуліся – і па конях. Я сядзеў на задняй падводзе. І тут ён высунуў сваю галаву з вінтоўкай. Дурань! Яму захацелася паглядзець, як «бобікі» ўцякаюць… Ты ж ведаеш, я б’ю без промаху. Вучылі ў школе, вучыўся сам. У мяне чэпкія вочы – і я яго адразу ўбачыў. Нашы вочы сустрэліся, вочы і ствалы… І я ўбачыў, як ён спужаўся… Калі б ён не спужаўся, можа… Хаця што «можа»… Я і не цэліўся, проста вёў карабінам над зямлёй, і яго галава села на мушку. Вялізная такая, у чорнай шапцы, яна заняла ўсю ячэйку прыцэла. Мне здавалася, што я нават не паспеў націснуць на курок, а ён ужо ўскінуў рукамі, як варона крыллем. Спачатку я падумаў, што гэта не я стрэліў. Гляджу, а з майго ствала дым ідзе, і гільза на падводзе валяецца… Пасля прыходзіла баба з Лешніцы, кажа, партызана забілі, з акружэнцаў… Якая розніца, з акружэнцаў, не з акружэнцаў…

      – Але ж на цябе ніхто яго не запісаў…

      – Запісаў, не запісаў… Мы ўжо нырнулі ў лес, і мой стрэл быў апошні… Галоўнае, што я сам запісаў. Ды ладна, я пайду, пара. Маме скажы, што прыходзіў… – Алесь паклаў руку на ствол карабіна, але працягваў сядзець.

      – Пабудзь яшчэ, скора сцямнее… – Павел не хацеў адпускаць брата.

      – І чаго ён сеў на маю мушку… Дурань… – у каторы ўжо раз паўтарыў Алесь.

      А Паўлу падумалася пра мамін голас: «Сынок…». Ён таксама чуў гэты голас, і не адзін раз… Голас, як з іншага свету. Можа ж быць такое: лёг чалавек спаць – і не прачнуўся. Ці дурная куля дастала, ці яшчэ што! І чалавек гэты будзе не хто іншы, а ён, Павел. А як жа тады ўсё астатняе? Мама… Цётка Хрысціна… Алесь… Ён жа прасіў пра Зосю. Наташа… Наташа! Усе ж яны са мной… Я маўчу, але ж я ёсць! З імі, з гэтым небам, з Богам. І калі я зрабіў так, значыць, Бог так захацеў. А не стане мяне – і нічога для мяне не будзе… Без мяне мяне не будзе. І не буду я сядзець на гэтай зямлі. Не буду бачыць гэтых загонаў бульбы. Не буду чуць братавага пляча. І гэты дуб – што ён без мяне? Нават пчолы, нават іхні мёд…

      – Дваццаць кіламетраў… – сказаў Алесь. Сказаў быццам толькі для сябе, але Павел пачуў.

      – Пасядзі… – Павел пстрыкнуў пальцамі. Акурак узляцеў, як чмель, угару і лёг у баразну. – Што я хачу яшчэ сказаць… Па ўсім, мы на днях будзем у вашым баку. То ты не надта вытыркайся.

      Алесь уважліва паглядзеў на брата, на яго трохлінейку, перавёў позірк на свой карабін.

      – Там жа доты, гарнізон… Уласаўцы, а ім дзявацца няма куды..

      – У Мацевічах таксама былі ўласаўцы… І кулямёты былі…

      – Зраўняў: Мацевічы…

      – Я табе нічога не гаварыў, ясна?.. – зазлаваў Павел.

      – А што ты можаш мне сказаць? Я сам гэта даўно ведаю, – усміхнуўся Алесь.

      – Адкуль ты ведаеш?

      – Адтуль… І не толькі я ведаю… Асабліва пасля Мацевіч. Алесь устаў, узяў карабін за шырокі рэмень, пасярод яго, і карабін загайдаўся над зямлёй, як на гушкалцы. Алесь пазіраў на дуб…

      – Калі будзеце ісці, пастарайцеся не выбівацца на цэнтральны дот. Той, што