Людміла Рублеўская

Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)


Скачать книгу

жалеза. Цяжкі дым вогнішчаў, якімі адпалохвалі пошасць, слаўся па бруку, нібыта душы, што дарэмна праглі перад смерцю апошняга прычасця, не хацелі пакідаць зямлю…

      – Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!.. Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!..

      Выкрыкі былі ўжо мала падобныя да чалавечых. Анэта адчувала, што з яе надарваных грудзей выходзіць толькі хрыплы свіст. У моманты прасвятлення ўсведамлялася, якія халодныя рукі ў тых, хто побач: справа – худы і светлы, як трыснёг, мніх-мінарыт, у бурым плашчы са спічастым каптуром; злева – сівагаловы мечнік Лаўрын, у якога нядаўна памерла ўся сям’я… І ў таго, і ў другога далоні – як ільдзяныя абцугі. Нібыта цябе трымае сама смерць… А хіба не так? Нехта паспрабаваў вырваць Анэту з людскога кола…

      Голас Богуша гучаў зусім побач:

      – Ачніся! У імя Госпада! Пайшлі дадому!

      Не, не ў змозе чалавечай спыніць гэтыя скокі… Імчаць, імчаць па коле… Але яна не можа… Не можа больш… Упасці… Стаць зямлёй… Пылам пад чужымі нагамі…

      На царкоўнай званіцы ўдарыў звон – няўмольна-ўладарна. І карагод закруціўся з новай сілай.

      – Ю-ры! Ю-ры! Па-ра-туй!

      Пошасць прыйшла ў Старавежск з восеньскім ветрам, перавітым сівым павуціннем, з горкім пахам верасу, і як павуцінкі бабінага лета, паляцелі лёсы ў невядомы вырай, пакідаючы жывым адчай збуцвелай лістоты. Спыняліся млыны, пераставалі стукаць молаты кавалёў, абміналі горад шаноўныя купцы, і тыя, хто застаўся жывы, не мелі чым прывязаць душу да цела… Вялікі князь абяцаў дапамогу. За гэта горад мусіў расплаціцца часткай волі. Але пра старавежцаў суседзі нездарма казалі: «Хоць лоб медны, але ж мур каменны», ды яшчэ пляткарылі, як старавежцы сеялі ваўчыныя зубы вакол студні, каб выраслі пакрытыя поўсцю воі, ці пра тое, што ў падзямеллях гарадскіх цякуць мядовыя крыніцы, і што кожны старавежац умее апоўначы шапкай злавіць чырвоную мятлушку, каб смажыць блінцы на яе незгасальным агні. Пасланцы Вялікага князя атрымалі «гарбуза». Ды, пакуль яны ўгаворвалі ўпартых месцічаў прымірыцца з князем, сталася яшчэ горш – за пошасцю пачаўся шал… Карагод смерці.

      Біскуп, дасланы ў Старавежск Вялікім князем, спалохана і трохі грэбліва назіраў з вакна ратушы за шаленцамі, трымаючы ля носу ладанку з зёлкамі.

      – Прасвяты Божа, што рабіць? Палова магістрату скача… Настаяцель храма! Цэлы дзень сядзім тут, як у аблозе… Можа, паслаць варту – спыніць іх?

      – Бескарысна, – Гервасі Бернацоні, лекар Вялікага князя, што прыехаў разам з біскупам, абыякава скрывіў тонкія вусны. – Я бачыў падобнае шмат разоў. У Фларэнцыі гэта называецца скокі святога Гюі. У Эльзасе – скокі святога Віта. У Кёльне шаленцы звярталіся да святога Ёгана… Тутэйшыя, ліцвіны, заклікаюць святога Юр’я… Я называю гэта скокамі смерці. Звычайна такое здараецца, калі пошасць забірае больш за палову жыхароў места.

      Адна з жанчын шалёнага карагоду ўпала. Двое смельчакоў з варты падбеглі і адцягнулі кабету – яна была нібыта спруцянелая, толькі ногі ў збітых да дзірак кабцях усё яшчэ тузаліся, усё яшчэ працягвалі смяротны танец ды з вуснаў, на якіх засохла шэрая ад пылу пена, вылятаў