Кузьма Чорны

Млечны Шлях


Скачать книгу

Маўчаў і ён. Можа тое, што ён збіваў труну, стрымлівала ўсіх ад гаворкі. Нават «добры вечар» ніхто не сказаў.

      Ён быў драбнатвары, чарнявы, увішны ў рабоце і жвавы рухам вачэй. Некалькі дзён да гэтага выгалены твар. Валасы на галаве нізка падстрыжаны. На выгляд год яму было трыццаць. Адзеты ён быў так, як тут, у гэтых месцах, ужо гэтымі часамі не адзяваліся, і гэта адразу заўважыў самы маладзейшы з чатырох, той, што быў у зношанай чырвонаармейскай адзежы. Чалавек, які рабіў у сенцах труну, быў у шарачковых нагавіцах, зрэбнай кашулі пад кароткай ватоўкай з афарбаванага ў руды колер палатна і ў падшытых скуратом лапцях.

      – Добры вечар, – адумаўшыся, сказаў маладзейшы з чатырох.

      Той моўчкі скланіўся і зноў пачаў заганяць цвікі ў дошку.

      – Вы гаспадар? – сказаў маладзейшы.

      – Я гаспадар і там гаспадар, – паказаў ён рукой на дзверы ў хату. Слова «гаспадар» ён выгаварыў нейк так: «гспдр».

      – Рыжы бык у вас ёсць? – запытаў маладзейшы.

      Той або не пачуў, або не разабраў ці не разумеў. Ён маўчаў. Маладзейшы стукнуў у хатнія дзверы, і адтуль адразу ж выйшаў чалавек сярэдняга веку, у ботах, чорным пінжаку і адкінутымі назад валасамі.

      – Вы гаспадар?

      – Я тут жыву.

      – Рыжы бык у вас ёсць?

      – Ніякага быка тут няма. У мяне няма.

      У той жа момант усе шпарка выскачылі на двор і абступілі быка. Тоўсты злаўчыўся і даў вялікаю фінкаю быку ў горла. Бык упаў на сагнутыя ў каленях пярэднія ногі, і кроў хлынула з яго на мерзлую зямлю. Кроў пахла мокрым сіверам. Чалавек з адкінутымі назад валасамі выйшаў на двор і разам з усімі бачыў, як кончыўся бык. Малады ў летнім пінжаку сказаў адразу:

      – Каб хоць раз укусіць чаго.

      – Адзін раз можна, а два не хопіць. Чаго ж вам прасіць есці, калі ў вас гэтулькі мяса. Бярыце чыгуны і варыце.

      Падазрона ён акінуў вачыма невядомых прышэльцаў.

      Адзежа яго была добрая, калісьці франтаватая, цяпер змятая і дзе-нідзе заплямленая. Востры неспакой жыў у яго вачах і на твары.

      – Прыгатуй чыгуны, – сказаў тоўсты.

      – Чыгуны гатовы. Стаяць у хаце. Толькі ўзяць.

      У яго яшчэ была і прыкрасць, што гэтыя невядомцы тут з'явіліся. Ні словам, ні намёкам ён не пацікавіўся, хто яны. Што ж! Брыдкі час, не варты чалавека. Чалавек не верыць сабе падобнаму. Відаць было, што гэты, з адкінутымі валасамі, баяўся чапаць яму невядомых. Ціхом ён пайшоў у хату. Тым часам тоўсты ў кажуху вельмі спрытна ўвіхаўся. Ён ужо дзёр з быка скуру. Ён так увайшоў у гэты занятак, што, здаецца, забыўся на ўсё іншае. Апошняе сонечнае праменне знікла з двара. Сонца зайшло. Папаўзло змярканне. Абыякавы стары паклыбаў да ганка. За ім і два, апроч тоўстага.

      – Памагайце, – сказаў ён, і ўсе вярнуліся.

      Быка абдзерлі нешта вельмі хутка, яшчэ завідна.

      – Трэба ж чыгуны ўзяць, – сказаў старэйшы.

      – Па чыгуны пойдзем разам, – абазваўся той, што мёрз у летнім пінжаку. І гэта было вострае