Міхась Андрасюк

Вуліца Добрай Надзеі (зборнік)


Скачать книгу

змяшчалася ў цэнтры і – паколькі Сашка ішоў праз жыццё адзінока – ніякі жаночы голас не ўрываўся нахабным дысанансам у доўгія мужчынскія размовы. Была і адна невыгода. Сашка пачынаў часам працу з шостай раніцы, і тады забягаць на кватэру было дарма. Але часам ён хадзіў на фабрыку з чатырнаццатай.

      Сашкава кватэра рабіла ўражанне дзіцячага садка. Маленькі столік быў абстаўлены маленькімі крэсламі, у маленькай шафе – маленькі пінжак і такія ж кашулі. На сцяне ў калідоры вісела таксама люстэрка, сантыметраў трыццаць над падлогай, зірыла шкляным вокам за нашымі сцёгнамі, лыткамі, каленямі. Але часцей за ўсё ў люстэрка глядзеўся чырвоны дзіцячы ровар. На гэтым ровары Сашка ездзіў на фабрыку. Націскаючы на мініяцюрныя педалі, каціўся тратуарам да скрыжавання вуліцы Першага мая і Вызвалення, перасякаў асфальтавую стужку дарогі і фабрычную браму, дзе, прыкладваючы два пальцы да брыля, вахцёры аддавалі яму чэсць. Пунктуальна а шостай або а чатырнаццатай самы маленькі ў Мястэчку сталяр ставаў насупраць вялікай машыны, як іншыя чалавечыя давіды штодзень паўстаюць супраць сваіх асабістых галіяфаў. Паўстаюць так доўга, як доўга выходзяць пераможцамі.

      Ён пускаў у ход машыну, машына адгукалася раз’юшаным голасам, саслізгваліся стужкавым канвеерам у бяздонную пашчу дошкі.

      – На, нажрыся, можа не задавішся! – перабіраючы пальцамі электрычныя кнопкі, паскорваў ход канвеера. Але зяпа спраўлялася. Задыханая, перажоўвала ўсё, што ёй далі, ды выплёўвала на свет бясконцую хмару стружын і апілак.

      – Ранейпазней каўкнем і цябе, – у дабрадушнай усмешцы выскальваліся сталёвыя зубы.

      – Або і не, – адгрызаўся Сашка, загружаючы ў зяпу дадатковую порцыю сасновай драўніны.

      Размаўлялі без накіпу злосці. Калі гутарыш дваццаць гадоў з чалавекам ці машынай, ведаеш суразмоўцу дакладна так, як ён ведае цябе, і нават шорсткае слова або грубы жэст успрымаеш як звычайны сяброўскі штуршок у плячо.

      З новым годам фабрыку пачалі наведваць новыя людзі, якіх раней ніхто тут не бачыў. Заклаўшы рукі за спінай, сноўдалі ў мантажную і шпалерную майстэрні, абмацвалі мэблю, выстуквалі пальцамі на лакіраваных сценках ім толькі вядомыя шыфры. Сасновая драўніна адгукалася сваім голасам, дубіна сваім, а яны, слухаючы адказ, усміхаліся або, скрывіўшы ад незадавальнення вусны, нешта запісвалі ў абкладзеных скурай блакнотах. Часам спыняліся перад нейкім станком. Падцягнуўшы манжэты, нерухомелі на пяць, дзесяць хвілін, і толькі іх вочы прабягалі нябачны шлях між цыферблатамі гадзіннікаў ды рукамі сталяроў. А потым у нататніках запісваліся нейкія лічбы і словы.

      – А гэта што за архаічнае дзіва?! – сказаў аднойчы незнаёмы чалавек, разглядаючы Сашкаў станок.

      – Так, архаічнае, – пацвердзіў другі. Але ён якраз глядзеў не на станок, а на Сашку.

      – Пара на пенсію, – прамовіў трэці. – А тут стане самы вялікі агрэгат. У гэтым Мястэчку яшчэ такой тэхнікі не бачылі.

      На наступны дзень стары станок не адазваўся ні з раніцы, ні пасля поўдня. Заціснуўшы зубы, замоўк на век вечны. Ніхто таксама