Сяргей Балахонаў

Імя грушы


Скачать книгу

Ніхто не прыходзіў, і мае жаданні марнаваліся, ішлі ў поглум. Акром гэных сходак, мы з мілым наведвалі тэатр, які тады перабываў у нядужа спрыяльных умовах неадпаведнага будынка. Але ж даводзілася дзеля разнастайнасці трываць. Толькі надзвычай смешным было назіраць кволыя спробы паставіць «Гамлета», дзе галоўнага героя граў Новікаў, Гарацыё – Піражкоў, а Афэлію – спадарыня Мікуцкая. Іх раней мы зазвычай глядалі ў п’есках-дрындушках тутэйшых графаманаў пра кітайскіх пастухоў ці старагрэцкіх прасталытак. Раз-пораз на сцэне з’яўлялася і Ірэна Галавацкая: спявала штось звышсучаснае па-польску ці дэклямавала ўсякія вершы ў розных мовах, калі-нікалі і ў беларускай. Апошняе заўсягды выклікала неадназначную рэакцыю публікі, асабліва ў разе абвяшчэння таго перакладам з французскае, ангельскае ці нямецкае мовы. Як жа – па-беларуску толькі каровы ў хлеў заганяць! Памятаю колькі радкоў з нейкага перакладу. Як ні спрабавала даступіцца праўды, аж дасюль не змагла высветліць, з верша якога аўтара ён быў зроблены. Мабыць уся рэч у перакладзе.

      Мы мовілі шчэра й сувора.

      Мыслі вялі суздром ў галавах.

      Гадкі чэзлі саўсём ў галавах.

      Мы забылі – дзясятнік быў хворым…

      Больш за ўсё тут мяне турбуе хворы дзясятнік. Пры чым тут ён – “старшыня над работнікамі, майстровымі, ніжэйшая ступень наглядчыка, загадчыка, нарадчыка” (зірні ў слоўнік Даля)?

      Яшчэ мы хадзілі на так званыя касіны, то бок на танцавльныя зборы, што ладзіліся ў спадара Гайдукевіча на Высокім рынку, недалёк ад дому маёй цётачкі. Хораша ж бывала закружыцца ў вальсе і забыцца пра ўсё на свеце. Павел танчыў выдатна і на такіх зборах паводзіўся вельмі артыстычна. Тут я хачу адцеміць, што касіны часцей ладзіліся для важкіх шляхецкіх фігураў. А хто былі мы?! Паўлаў дзед і бацька не прайшлі разбору шляхты, бо не прадставілі дакументаў на пацверджанне сваёй знатнасці. Грошаў тады ў іх вялося няшмат, дык хабар якому Кручкову ўсунуць не выпадала. Добра, што хоць у горадзе жыхарылі, а то, глядзіш, і ў прыгон маглі б запраторыць. Неяк абышлося. Бацька Паўла яшчэ і перастрахаваўся, змяніўшы прозвішча. І заміж даўнейшага Александровічы выйшлі Аляксандравы. Маё ж прозвішча – Клыкоўская – хоць і выдавала на шляхецкае, але адпаведных папераў наша сям’я ніколі не мела. Мы былі патомнымі мяшчанамі. Вось жа на касінах даводзілася бываць па знаёмству і ціхенька, як і іншыя мянчане, удаваць з сябе дробную шляхту. Дарма што, гэта было не зусім прыемна…

      На адных касінах я адышла ў дамскі пакой, бо пакаштаванага шампану было занадта, і далейшае трыванне магло спавадаваць бяду. Зрабіўшы пільнае, я рушыла назад у залю і літаральна натыркнулася на Вайніслава, каторы з’явіўся немавед скуль. Я няспрытна адхітнулася і, страціўшы раўнавагу, апынулася ў ягоных абдоймах. Нашы твары былі блізка-блізка. Я адчувала ягонае дыханне. Мы глядзелі адно адному проста ў вочы. І я дагэтуль не магу апісаць той сілы, з якой мае вусны паімкнуліся да ягоных. Мы пацалаваліся. Я ўсім целам