Коллектив авторов

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік)


Скачать книгу

сэнс сказанага ад інтанацыяў, з якімі яны былі прамоўленыя.

      Зімовае сутонне панавала ў кватэры. Соня не стала запальваць святла. Лягла на спіну на канапу і заплюшчыла вочы. Пошукі радасці былі цяпер яе клопатам. Дзе яе гнёзды, прычыны, фарбы? Якія птушкі прыносяць яе ў дзюбах для спакутаваных? А можа сама Соня пераблытала і расказала сама сабе другую гісторыю, зусім не з тым канцом. Яна ж была народжаная ў каханні. Бабуля казала ім з сястрой, што яны проста абавязаныя быць шчаслівымі, бо бацькі пражылі свой век, трымаючы адно аднаго за рукі. Проста сама Соня, падросшы, похапкам ускочыла не на той човен ды адплыла ад свайго берага, забыўшыся запрыкмеціць шлях да вяртання. Колькі год яна адчайна грабе, каб наблізіцца да самой сябе, але, здаецца, човен рухаецца па коле. Тады, седзячы за спінай бацькі ў чаротавым зарасніку, яна цвёрда ведала, што ён абавязкова выруліць да патрэбнага месца, абмінаючы перашкоды. Цяпер жа каторы год яе самотны човен шчэпкай гойдаецца па жыцці. Перастаць варушыцца, лавіць плынь? Скарыцца волі хваляў, каб патануць у пластах вады, якая з такой настойлівасцю грукаецца ў зачыненыя дзверы яе памяці? Патануць, каб дастаць дна, шчакой дакрануцца да зыбучага пяску? Дык вось значыць, як шарасціць час, сцякаючы паміж пальцаў… Марудна і хутка адначасова.

      Здаецца, яна адчувае глыбіню гэтай прорвы споду года, гэтую нізіну, куды звальваюцца нязручнасці, непамыслоты, незавершаныя спадзяванні. Цёмная пара датуль, пакуль не ўваб’ецца ў сваю сярэдзіну снежань, не падбеліць прастору навокал, не наваліць гурбаў на чорную зямлю, усё вышэй і вышэй, пакуль яны не дастануць зімовага сонца…

      Соня ўжо не мела сілаў нацягнуць на сябе коўдру. Імгненнае жаданне ўхутацца ў раптоўна схаладнелым пакоі згасла, ледзь паспеўшы ўзнікнуць. Ніжэй, глыбей, туды, дзе гучыць голас, поўны пяшчоты і спагады. У забыццё.

      Вада змяняе аблічча чалавека. Змывае напругу з твару, расслабляе цягліцы, вызваляе ўсмешку, ярчэйшым робіць пагляд. Нібыта з неўсвядомленай радасцю мы кідаемся ў абдоймы свайго пачатку. І калі гульба з вадой прытоміць цела да салодкай знямогі, выпрастае яго нерухомым лістком, свядомасць расцячэцца па вадзяной роўнядзі і адлюструецца ў ёй усё-усё, да самай апошняй драбніцы. Бо няма дробязі, не вартай увагі, ёсць панаванне марнасці, якое робіць сэрца пустым.

      Соні падалося, што яна ўжо даўно ляжыць на глыбокім дне, хаця да паверхні дня, у якім яна прылягла надвячоркам на спіну на канапе, варта было толькі працягнуць рукой… Цела перастала слухацца і згубіла ўшыркі і ўдоўжкі свае межы. Ёй падалося, што яна пачала распускацца ў вадзе і вось-вось знікне сама, страціць сваё імя, але зрабіла глыток і адчула яго, значыць была яшчэ тут. Тут. А там знеадкуль пачуўся далёкі вокліч яе бабулі: «Зафейка!» Раптам мяккі, моцны штуршок чыіхсьці вялікіх далоняў скрануў яе з месца, надаў яе целу рух і форму, і гэтая форма ізноў заняла сваё ранейшае месца ў прасторы. «Зафейка!» – бабуля наблізілася і ласкава паманіла яе да сябе, дастала з кішэні хвартуха драўляны грабеньчык ды правяла