Зінаіда Дудзюк

На парозе раю


Скачать книгу

Не хочацца. Ты для мяне, Клава, заўсёды была ўзорам. Умела ты і апрануцца, і прычасацца. Мне далёка было да цябе. І грошы ў цябе вадзіліся, і палюбоўнікаў мела не абы-якіх, не тое, што я прагаравала век з п’яніцам. Адно што ён партызанам быў, дык на свята Перамогі медалямі брэнькаў. Знешне нябрыдкі ўдаўся, а душа паскудная.

      – Не разумею, да чаго ты хіліш? – насцярожылася гаспадыня.

      – Не ведаю, як табе і сказаць.

      – Кажы ўжо, як ёсць.

      Надзя зірнула на сястру насцярожана. Нешта ўтрымлівала яе ад адкрытай гаворкі, быццам яна сама сабе баялася ў нечым прызнацца.

      – Зрэшты, не хочаш, не кажы. Якія ў нас, старых, могуць быць таямніцы? – сказала гаспадыня.

      – Хачу я, Клава, пайсці да бацюшкі і пакаяцца за нашыя з табой агульныя грахі.

      – Не зразумела, – здзіўлена сказала старэйшая сястра, – што ты маеш на ўвазе?

      – Помніш, мы з табою складалі спісы здраднікаў і перадавалі партызанам?

      – Ну і што? Яны ж і былі здраднікамі, служылі немцам. У цябе склероз? Забылася, колькі хлопцаў і дзяўчат вывезлі ў Германію, колькі людзей загінула? А пасля вайны колькі яшчэ забівалі! Каб ты глянула на твар мёртвага Шымава! Чалавек прыехаў з Мінска, з міністэрства дапамагаць нашым палешукам далучацца да сацыялістычнага будаўніцтва, мухі не пакрыўдзіў. А яго…

      – Хто служыў, а хто не хацеў ехаць у Германію, таму і вымушаны быў наймацца на працу да немцаў. Мы ж і іх уносілі ў спісы здраднікаў. А потым… Сама ведаеш, што іх чакала..

      Надзя неяк дзіўна ўсхліпнула, нібыта ёй перахапіла дыханне, выцерла потны твар і вочы, напоўненыя слязьмі.

      – Тады была вайна. Людзі дзяліліся на сваіх і чужых. Ворагаў трэба было знішчаць, пакуль яны не знішчылі нас. Ніхто мяне не можа папракнуць за гэта.

      – Могуць, яшчэ як могуць. Зрэшты, я сама сябе і дакараю. Усе мае хваробы і няшчасці праз гэтыя грахі!

      – Хваробы твае ад старасці. А няшчасная ты толькі таму, што ўсё жыццё пражыла з п’яніцам. І дзеці ўдаліся ў яго. З каго ж ім прыклад браць?

      – Чаму яны з мяне прыклад не бралі? Не, ты мяне не пераканаеш, – пахітала галавою Надзя. – Ці ты ведаеш, чыя ўнучка гэтая журналістка, што з цябе гераіню зрабіла?

      – Якая розніца?

      – Не, ты паслухай, – настойвала Надзя. – Гэта ўнучка таго Андрэя Кавальчука з Пігановічаў. Помніш?

      – Не, не помню, – абыякава адказала Клава.

      – Ён на чыгунцы пры немцах працаваў. Дзяцей меў чацвёра. Такі невялічкі чалавек, чорны, як жук.

      – Паглядзі, яе прозвішча Яновіч, а не Кавальчук.

      – Гэта яна па бацьку – Яновіч, а прозвішча яе маці – Кавальчук.

      – Чаго ты ад мяне хочаш? – злосна спытала Клава. – Каб я пакаялася разам з табою за кампанію?

      – Не. Ты паслухай. Ты помніш, што партызаны гэтага Кавальчука і ўсю яго сям’ю?..

      – Давай лепш зменім тэму гаворкі, – абарвала яе гаспадыня. – У мяне, здаецца, ужо ціск падымаецца.

      – Я нічога. Толькі хацела сказаць.

      – Адкуль ты ведаеш?

      – Мой мужык таксама быў з Пігановічаў. Дачка Кавальчука, як асірацела, жыла ў родзічаў па суседстве з маім