не пушчу, іх нельга на дно.
О, якая ўпартая была яна! Яна брала ў рукі цяжкое каменне, і каменне цягнула яе да дна, а яна цягнула жылы.
Але і каменне не дапамагала.
І тады яна задумалася – пра тое, кім ён зрабіўся, і пра тое, кім не зрабілася яна. І калі яна думала пра гэта, думкі ейныя зрабіліся цяжкія, нагэтулькі цяжкія, ажно ёй раптам не спатрэбілася ані каменне, ані іншыя хітрыкі – цяпер яна імгненна апускалася на самае ягонае дно.
А на дне, сярод цёмных шчупальцаў-водарасцяў, ляжалі аграмадныя ракавіны. І яна расчыняла ракавіны – проста там, на дне, і зіхценне дзівосных перлінаў асвечвала змрочную глыбіню, і тады думкі ейныя рабіліся лёгкія-лёгкія і ў імгненне вока выцягвалі яе разам з перлінамі на паверхню.
Гэтак – дзень пры дні, яна пазбаўляла ягонае дно перлінаў, а ён віраваў, пеніўся, уздымаў аблачыны глею, труціў яе усімі сваімі каракаціцамі і акуламі, крабамі і амарамі, аднак усё было марна.
Яму заставалася адно адчуваць яе вёрткае загарэлае цела, што церабіла тоўшчу ягоных водаў, і адзначаць, як адна за адной знікаюць ягоныя перліны. І вось надышоў дзень, калі ейны нож раскроіў апошнюю ракавіну і апошнюю перліну была паднятая на паверхню.
Яна сядзела на ягоным беразе і нанізвала пярліны на нітку. Ён ціхутка дыхаў, абмываючы ейныя босыя ногі цёплым прыбоем, гэтак ліжа боты скуралупа, канаючы, сабака – не спадзеючыся на літасць, не ў змозе ўкусіць, згасаючы, даруючы ўсё.
І вось каралі былі гатовыя. Яна надзела іх на шыю і ўстала. Перад ёй распасціраўся ён, цяпер ужо зусім іншы, на многія кіламетры яна бачыла ягоныя мёртвыя воды, цяпер ужо не сінія, не блакітныя, а слепа-чорныя. Ані хвалі, ані рабізны на вадзе.
Сыходзячы ўверх па выдмах, яна колькі разоў памахала яму рукою.
Выцінанка
Выцінаю з музыкі гукі —
папраціналі ж
наскрозь.
Выцінаю з восені любоў —
Пажоўкла ж.
*
На чорным-чорным падваконні
сядзела чорная-чорная котка.
і маўчала.
*
Выцінаю з жыцця танцы —
не бязногае ж.
Выцінаю са здымка вочы
не пакінуць жа ж.
*
На чорны-чорным стале
ляжала чорна-чорная котка
і маўчала.
*
Калі ўсё, што павыцінала,
наляпіць на мёртвага вожыка,
вожык ажыве.
Калі ўсё, што павыцінала,
выцінаць салаўінай раніцай,
пасміхнуцца маладыя дойліды.
Калі ўсё, што павыцінала,
наляпіць на цябе —
буду я.
*
На чорнай-чорнай камодзе
муркатала
чорная-чорная котка
ў чорнае-чорнае люстра
сама сабе.
Эдэльвайсы
Вось чалавек, які караскаецца па прыцемках да вершалін раніцы, ягоныя вочы, закалыханыя яшчэ не ўбачаным, ягоны чорны ірваны правал рота, які раздзірае знутры не адбытае, – “Ааааа!” Глытальны позех, пазяхлівы глыток, што трушчыць цэласнасць часу, – “А-а-а-а!”
Аднойчы ён абарочваецца