Яўген Аснарэўскі

Захад Беларусi: гiстарычны пазл


Скачать книгу

3. Старыя цэнтры Брэста і Гродна

      Старыя цэнтры дзвюх важных вялікакняскіх рэзідэнцый, Брэста і Гродна, маюць нямала агульнага, але, зразумела, маецца і немалая колькасцю адрозненняў.

      Найважнейшымі дамінантамі гістарычных цэнтраў двух гарадоў былі храмы, якія ў асноўным належалі каталіцкім манастырам. Вылучаліся таксама каралеўскія рэзідэнцыі, а ў выпадку Гродна, яшчэ і маштабныя магнацкія палацы, пабудаваныя з каменя ў эпоху, калі горад над Нёманам быў сеймавай сталіцай Рэчы Паспалітай.

      Брэст у другой палове XVII стагоддзя, падчас аблогі шведскімі войскамі. Фрагмент гравюры Дальберга.

      Стылістычны аналіз брэсцкіх храмаў, якія належалі розным каталіцкім ордэнам, паказвае нямала агульных рыс гэтых пабудоў, што дазваляе казаць аб нейкай мастацкай праграме, у рамках якой фармаваўся своеасаблівы гарадскі стыль, падобна таму, як гэта было зроблена ў Вільні ці Віцебску.

      Храмы Брэста маюць масіўныя формы. Яны пазбаўлены высокіх, стройных веж, такіх характэрных для віленскага барока, але затое ў кампазіцыі аб'ектаў часцяком падкрэсляны франтон. Магчыма меркаваць стылістычны ўплыў аднаго з найбольш ранніх і знакамітых храмаў Брэста, Свята-Мікалаеўскай царквы, звязанай з заключэннем Брэсцкай уніі 1596 года, хоць найбольш пераканаўчай версіяй будзе здагадка аб прамым мастацкім уплыве так званага люблінскага рэнесансу (renesans lubelski), які ў Брэсце быў як б «адпаліраваны» уплывам развітога барока.

      Каталіцкія храмы Гродна, створаныя ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў, яўлялі сабой больш разнастайны ў мастацкім сэнсе ансамбль. Некаторыя прыкметы выкарыстання ў будаўніцтве агульных узораў можна прасачыць і ў горадзе над Нёманам, напрыклад, узвядзенне бернардынскага храма, вялося, як можна меркаваць, з улікам мастацкіх асаблівасцей галоўнага каталіцкага сабора горада, Фары Вітаўта, а дамініканскія і езуіцкі касцёлы першапачаткова мелі блізкія па кампазіцыях фасады, але ў цэлым, казаць пра вялікую стылістычную аднастайнасць гродзенскіх касцёлаў, як гэта можна рабіць у выпадку ансамбля брэсцкіх каталіцкіх манастыроў, усё ж няма падстаў.

      Шведскі праектны план умацаванняў Брэста, XVII стагоддзе.

      Шэраговая забудова абодвух гарадоў, у перыяд усяго існавання ВКЛ, уключала вялікі працэнт драўляных будынкаў.

      Доля гістарычных цэнтраў Гродна і Брэста пасля канчатковага знішчэння Рэчы Паспалітай і з'яўлення расійскіх кіраўнікоў была не самай лепшай. Царская адміністрацыя знішчыла важныя дамінаты Гродна – касцёлы дамініканаў і кармелітаў.

      Але значна больш сумная доля чакала цэнтр старога Брэста. Тут варта звярнуцца да ўспамінаў Юліяна Урсына Нямцэвіча, ураджэнца берасцейскага ваяводства, які апісаў свой візіт у горад, у 1816 годзе, калі да будаўніцтва крэпасці заставалася крыху больш за пятнаццаць гадоў. Ужо тады Брэст быў у заняпадзе, пра што з сумам паведаміў літаратар:

      «На працягу трыццаці гадоў я не бачыў сталіцы майго роднага