нашай забавай стане гульня ў лялькі! Гэта значыць, мы можам рабіць што заўгодна, пакуль нас ніхто не бачыць, а калі з’явіцца нехта з зямлян акрамя мяне, вы адразу павінны ператварыцца ў цацкі. Стаць такімі, як тая бедненькая, якую вы так заўзята тузалі і дзялілі.
Зялёнка яшчэ шчыльней прыціснула да сябе ляльку, якую адваявала ў сяброўкі.
– Давайце паспрабуем згуляць! – прапанавала Улада. – Вы зараз можаце рабіць усё, што захочацца, а як толькі я скажу чароўнае слова «цац», замірайце на тым месцы, дзе знаходзіцеся. Не варушыцеся, не міргайце, дыхайце незаўважна. Зямляне падумаюць, што вы проста лялькі, і не будуць звяртаць на вас асаблівай увагі.
– А калі мы так не хочам? – з выклікам запыталася Сінька.
– Тады зямляне даведаюцца, што да нас прыляцелі іншапланетнікі, і вельмі зацікавяцца вамі. Потым вас забяруць адсюль і аддадуць для знаёмства навукоўцам. Трэба ж вывучыць сапраўдных інша-планетнікаў! А пасля адвязуць у музей, каб людзі маглі на свае вочы на вас паглядзець. Шкоды вам ніхто не зробіць, але для навукі падаследуюць. Не часта ж да нас з іншых планет госці прылятаюць, – намалявала перспектывы Улада.
– Я не хачу на доследы і ў музей! – усхвалявалася Мінола.
– Таму давайце проста будзем рабіць выгляд, што вы цацкі! – папрасіла гаспадыня.
Госці пагадзіліся, хоць Сінька і Зялёнка не вельмі хацелі слухацца. Улада пасадзіла ўсіх за стол і прапанавала падсілкавацца. Цяпер надышла чарга іншапланетнікаў здзіўляцца незвычайным зямным пачастункам. Вухуцік з асалодай згадваў смак зямной ежы.
– Цытрына! – ён укінуў у рот кіслую жоўтую дольку і, зморшчыўшыся ад рэзкага смаку, заскакаў вакол стала.
Міноле вельмі спадабалася печыва з ванілінам. Як толькі Сінька і Зялёнка даведаліся ад гаспадыні, што такі прыемны водар дае духмяны парашок, які стаіць на палічцы, то схапілі скрыначку з ванілінам і засунулі ў яе свае насы. Улада не паспела стрымаць цікаўных паненак. Яны напоўніцу ўдыхнулі адтуль і… заўзята пачалі чхаць. Гэта было так пацешна! Насы-дудачкі выдавалі амаль фанфары, небаракі здзіўлена глядзелі адна на адну і некалькі хвілін не маглі суняць свой дуэт музычнага чхання. Калі нарэшце гэта прайшло, паненкі пачалі лямантаваць, што гаспадыня не папярэдзіла, і яны ледзь не атруціліся.
– Вы надалей не спяшайцеся лезці без разбору куды можна і куды нельга! – даў слушную параду Вухуцік.
– У цябе не спыталіся! – адрэагавалі дзяўчынкі.
Улада дастала з лядоўні міску з клубніцамі. Яна хацела сумесным пачастункам прымірыць усіх. Смак ягад прыйшоўся вухуцянам даспадобы, асабліва шчыравалі Сінька з Зялёнкай. Буйныя салодкія клубніцы хутка знікалі, гаспадыня з замілаваннем назірала, як частуюцца яе госці.
– Падсілкаваліся – можна і пагуляць! – сказала Улада. – Пойдзем у наш сад, вам там спадабаецца.
– Нас жа могуць убачыць! Гэта небяспечна? – запытаўся Рудаш.
Улада запэўніла:
– У нас прыватны дом, асобны двор і ўласны сад. Акрамя нашай сям’і, тут нікога няма. Усе дарослыя пайшлі на працу, толькі мой дзед штосьці робіць у двары, але ён заняты і не зверне