Мікола Міхайлавіч Адам

Беркут. Кніга першая


Скачать книгу

сумнявалася яшчэ жанчына.

      – Вось пабачыш, заўтра вернецца, нібы нічога не сталася, усядзецца ў фатэль насупраць, і будзеце разам глядзець тэлевізар, як звычайна.

      – А чаго Леўс прыходзіў? – не адставала ўсё адно старая.

      – Ды па справе. Да мяне, – маніць Міхалу было няёмка, ды не ўмеў ён, як некаторыя, і не любіў, але мусіў. – Замовіў адну рэч, дык абмяркоўваем памеры, матэрыял, аплату…

      – На ноч гледзячы? – не верыла маці.

      – Ну а калі яшчэ? Удзень мы на працы.

      Тым часам прагучаў дзвярны званок, упэўнена, патрабавальна, бы на пажар клікаў. Так, як ніколі яшчэ не верашчаў. Беркуціха схапілася рукой за сэрца.

      – Хто гэта? – спалохана пазірала на сына.

      – Гэта… да мяне, мама, – не гледзячы на яе, адказаў ён. – Усё добра, я зараз.

      Міхал хуткім крокам выйшаў з гасцёўні, на ўсякі выпадак прычыніў яе дзвярыма і паспяшаўся сустракаць медыкаў.

      Медычка – недзе яго веку прывабная мініяцюрная казашка – адно глянула на Беркута, якога Леўс паспеў разуць, як адразу загадала санітару і, відаць, інтэрну – зусім маладому, але, на выгляд, дужаму хлопцу – несці насілкі. Тыя вокамгненна скочылі за дзверы кватэры і праз секунду вярнуліся з насілкамі, бо захапілі іх і пакінулі на лесвічнай пляцоўцы. Міхал, між тым, патэлефанаваў дзвюм сваім сёстрам і малодшаму брату, якія жылі асобнымі сем’ямі, старэйшая сястра ў Абаі, паведаміў пра бацькаў стан. Удаву старэйшага брата (яна жыла ў суседнім пад’ездзе), папрасіў пасядзець са свякроўю. Ці мала што. Сам жа паехаў разам з медыкамі ў лякарню. Па дарозе адказваў на дзяжурныя казённыя пытанні медычкі пра бацьку, якая запаўняла анкетныя дадзеныя дзеля гісторыі хваробы Беркута, нягледзячы на тое, што ўсе і без таго ведалі, каго везлі ратаваць. Беркут быў годнасцю і гонарам горада. Яго партрэты віселі на Дошцы гонару ў самым цэнтры Плошчы Леніна, у фае школ і завода СМС, дзе ён працаваў апошнія гады перад пенсіяй.

      Каля ўваходу ў прыёмны пакой ужо чакалі медсёстры з каталкай і загадчык лякарняй. З хуткай Беркута адразу павезлі ў аперацыйную. Сын яго застаўся чакаць. Неўзабаве яму вынеслі бацькавы рэчы. Ён памкнуўся было спытаць, як бацька, але медсястра ўжо борзда пырхала па накірунку ў глыб калідора.

      2. 1930 год. Сяло Цішкоўка. Украінская ССР

      Бацька казаў, што яны нашчадкі Захара Беркута, таго самага, які некалі ў Карпатах наладзіў супраціў манголам. «Адзінства людзей, дзякуючы якім была здабытая перамога, будзе страчана, – не аднойчы паўтараў ён, ці то цытуючы кагосьці з вялікіх, ці то сябе, – ліхія часы надыдуць для народа, але з часам яно адродзіцца, і настануць шчаслівыя часы яго аднаўлення». Ці праўду казаў бацька, ці хацеў, каб так было, пераказваючы сюжэт аповесці Івана Франко дзесяцігадоваму сыну на рыбалцы з начоўкай, Беркут не ведаў, дый, па шчырасці, ніколі не задумваўся над пытаннем радаводу. Не да таго было. У дзяцінстве меліся іншыя цікавосткі, нашмат значнейшыя за нейкіх там далёкіх прашчураў, чыё існаванне і памяць пра іх даўно пакрыліся мохам сівізны.