Мікола Міхайлавіч Адам

Беркут. Кніга першая


Скачать книгу

З вачэй пакаціліся здрадлівыя слёзы. Ён жа нікому не хацеў зрабіць нічога дрэннага, наадварот, працаваў бы і дасылаў грошы сям’і, бо меў упэўненасць у знаходцы скарбаў на востраве скарбаў, куды і імкнулася яго душа, якая, на вялікі жаль, была прывязаная да цела і без цела злётаць адна на той востраў не магла. Няўжо так цяжка зразумець? Аднак разумець не было каму, бо ён жа не растлумачыў бацьку прычыну свайго ўчынку, а ўцёк, як ружовы трус. Добра, хай сабе і не ружовы, ды ўсё адно сутнасці тое не мяняе. Беркут ненавідзеў сябе за асэнсаванне таго, што адбылося, і за факт прызнання сябе баязліўцам, бо баязліўцам не быў на самай справе. Наадварот, характар меў бацькаў.

      Ногі прынеслі да дзедавага падворка, але ў хату Беркут не зайшоў, хоць і ведаў, што дзед зразумее яго, калі распавесці тому пра сваю мару, і абавязкова падтрымае. Не хацеў хваляваць? Не. Хутчэй не хацеў нікога бачыць пакрыўджаны на бацьку. Па драбінах знадворку падняўся на гарышча, праслізнуў мышшу праз драўляныя аканіцы і шуснуў у салому, утрамбаваную ім жа зусім нядаўна. Карцела разраўціся, не ўголас, зразумела, але Беркут змахнуў здрадлівыя слёзы і прымусіў сябе супакоіцца, каб ніколі больш у жыцці не дазволіць слязам зганьбіць яго. Ён ніколі больш не заплача і не пакажа слабасці. Свет бачыў Беркутавы слёзы ў апошні раз.

      Калі ўжо задрамаў, пачуў бацькаў голас, устрывожаны, занепакоены, усхваляваны, але не азваўся, адмыслова не азваўся. Няхай бацька патурбуецца і пахвалюецца. Пра тое, што ў выпадку выкрыцця яго схову, зноў можа атрымаць папругі, Беркут не думаў. Ахоплены пачуццём помсты, прымітыўнай і несправядлівай па праўдзе кажучы, ён не хацеў паставіць сябе на месца бацькі і паслядоўна разабрацца ў прычыне ўчынку таго ў дачыненні да сына, ды і ў сваім таксама не жадаў калупацца, як пальцам у носе, бо вінаватым ні ў чым сябе не лічыў. Гэта яго не разумелі, яго прынізілі, дык вось вам за гэта, атрымлівайце!

      Бацька сапраўды непакоіўся за Беркута. Ён не сумняваўся, што сын вярнуўся дахаты, бо слова яго было законам. Дапускаў, што мог пакрыўдзіць сына, але не сумняваўся, што меў на тое права, бо ўсё ж заставаўся бацькам і чалавекам з вялікім жыццёвым вопытам, якому больш відаць, што трэба і чаго не трэба дзесяцігадоваму падшыванцу. Магчыма, крыху перагнуў палку, але не да сантыментаў было, яшчэ дзякуй скажа, што своечасова спыніў… І вельмі здзівіўся, што не знайшоў Беркута ў ложку, маючы намер пагаварыць з ім як мужчына з мужчынам, відаць, надышоў час растлумачыць што да чаго. Усю дарогу дадому ён дакараў сябе за жорсткасць, бо любіў адзінага сына і не хацеў яго крыўдзіць, прыдумваў патрэбныя словы прабачэння перад ім такія, якія б і яго аўтарытэт старэйшага не пахіснулі, і малога зноў не абразілі. Але Беркута дома не аказалася. Бацька перавярнуў хату, нібы стол, дагары, аднак сын не выкуліўся ні з якага кута і закутка. Пабудзіў і прымусіў дочак і жонку шукаць зніклага сына, да якога пачаў адчуваць раптоўную злосць, а сам рушыў да свайго бацькі, спадзеючыся заспець там Беркута.