type="note">25. Нашы нагадалі, што віленскія соймікі яшчэ ў 1818 г. хацелі даць сялянам волю, але тагачасны генерал-губернатар соймікі закрыў, а маршалка Міхала Ромера26 арыштаваў.
На дадзеным нам літаратурным вечары да мяне падышоў нейкі спадар і сказаў: «Вы з Вільні, і мы можам размаўляць па-польску». Гэты быў Каткоў27, які праз сем гадоў атрымае вядомасць. Каткоў меў першую жонку польку з Любічанкоўскіх, сястру двух братоў – дактароў. Пасля яе смерці жаніўся з княжной, з якой меў цэлы тузін нашчадкаў.
1857. Падарожжа за мяжу. Меў вялікі смутак. Мой калега па шпіталю св. Якуба і галоўны лекар Юльян Машынскі (бацька сучаснага доктара Стэфана Машынскага), пасля кароткай хваробы (флебіт) памёр. Калі выязджаў з краю, ён праводзіў мяне за горад, потым мы перапісваліся, нават калі я быў у Парыжы. Смерць забрала майго добрага сябра і выдатнага, паважанага грамадствам лекара. Яго смерць зрабіла бессэнсоўнай маю працу ў шпіталі. Паветра там не для мяне. Часу забірала шмат, а аплата малая. Жадалі прызначыць галоўным лекарам мяне, але я не пагадзіўся, тым не менш на працягу года выконваў гэтыя абавязкі. У 1858 г. расстаўся са шпіталем, адпрацаваўшы 8 гадоў у шпіталі ў Савічах (толькі ўнутраныя хваробы) і 8 гадоў у шпіталі св. Якуба (хваробы ўнутраныя і акушэрства). Пасля гэтага заняўся прыватнай практыкай у горадзе.
У тым жа годзе пайшоў у вечнасць заслужаны, светлы і самы папулярны віленскі практык др. Францішак Урублеўскі, некалі ад'юнкт прафесара Франка28, чалавек рэдкай сціпласці.
Пераезд у Варшаву на пасаду дырэктара оперы шляхетнага сябра і знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі29. Пазнаёміліся мы за 20 гадоў да гэтага, калі з Мінска праз Вільню ў Берлін ён ехаў у кансерваторыю, дзе слаўны ў той час прафесар Рунгенхаген быў яго настаўнікам. У канцы 1840 г. пасяліўся ў Вільні. Граў на Святаянскіх арганах, пісаў спеўнікі (6 сшыткаў), кантаты (Мільда і Ніёла, тэкст з літоўскай міфалогіі), якімі сам дырыжыраваў. Пярлінай сярод іх была «Галька», якая першы раз ставілася ў Вільні 16 лютага 1854 г., а ў Варшаве ў 1858 г., калі аўтар пераехаў туды30.
Для мяне ад'езд гэтага мілага, светлага чалавека з рэдкім досціпам быў стратай, якую немагчыма забыць. Гэта была страта для ўсіх, хто любіў музыку і асабліва для спевакоў-аматараў, якія спявалі кампазіцыі Манюшкі на музыкальных вечарах, гэткіх асоб як Боландзь, Ільцэвіч ці прафесар Цілях, які меў самы прыемны тэнар у Вільні. Маю шмат запісак Манюшкі, мы дзяліліся ўражаннямі і бавіліся імправізаванымі вершамі.
1858. Памятаю наведванне Вільні ў верасні царом Аляксандрам І. Ён першы раз прыехаў у наш горад і быў з энтузіязмам сустрэты. Заснавальнік Віленскага музея гр. Яўстах Тышкевіч31 меў гонар прымаць яго. Цар зрабіў запіс у кнігу наведвальнікаў і пахваліў зборы. Граф Міхал Тышкевіч32 за дзве мілі па дарозе на Вількамір зладзіў добрае паляванне.
У сваёй прамове да шляхты літоўскіх губерняў, акрамя іншага цар сказаў: «Дзякуй вам за удзел у справе паляпшэння быту сялян. Вы першыя паказалі ўзор, і ўся імперыя рушыла за вамі. Я ўпэўнены,