памятаю – адныя папрокі… Ніколі не забудуся, як у дзяцінстве прынёс дахаты бяздомнае шчаня. Адразу нібыта прыняла, у надзеі, што мне гэта хутка абрыдне і я на ўсё пагаджуся. Малое, вядома ж, рабіла паўсюль лужыны ды кучы, і я не спраўляўся прыбіраць. Аднойчы я нешта майстраваў, захапіўся. Маці мыла падлогу. I трэба было небараку нарабіць на чыстае. Маці выцерла і, ні слова не кажучы, прыйшла ды адлупцавала мяне гэтай жа бруднай анучаю, а сабаку выпхнула за дзверы. Ён няўцямна скуголіў і драпаў кіпцікамі дзверы, просячыся назад. Ад болю і крыўды я не вытрываў, схапіў куртку ды збег на вакзал разам са шчанём. Вярнулі мяне міліцыянты – маці ўвесь горад на вушы паставіла. Шчаня жыло ў агульным калідорчыку, усе яго падкормлівалі і любілі. А неяк я вяртаўся са школы, а мне насустрач бяжыць хлопчык з суседняга двара. «Малога забралі. Сабакаловы. Што мы ні прасілі, ні плакалі – не аддалі», – выгукнуў мне ён. Я ўсё зразумеў. Мы з хлопцамі знайшлі тую станцыю, для сабак. У падпітага дзядзькі я запытаўся: «Гэта тут вы сабак на мыла трымаеце?» – «Выключна на губную памаду, – проста ў твар зарагатаў мне ён. – Ідзіце адсюль, смаркачы. Спачатку выкідаюць, а потым расшукваюць. Шмат вас тут такіх сноўдае, пайшлі прэч». Мы з ровам пабеглі. Я думаў, каб я быў вялікі і дужы, вось так бы даў гэтаму п’янюгу, каб не падняўся, а я ўсё лупцаваў і лупцаваў бы яго. Я доўга хварэў. Не падала тэмпература, я трызніў. Мне ўсюль падаваўся гэты страшны дзядзька, які забівае майго Малога. Я выкінуў у сметніцу ўсё мыла і матчыну памаду. Ні з кім не размаўляў. Затое маці была хоць да скулы прыкладай – усё што пажадаю… I з таго часу неяк замкнуўся, быў сам па сабе. Ніколі не мог з ёй нічым падзяліцца… Пакаціла цяпер у Італію – падчапіла нейкага карча. Тэлефануе мне зрэдку. Прабач, нагрузіў цябе. Даруй…
– Даруй ёй, усе мы памыляемся. Невядома, якімі мы бацькамі будзем. Хаця, напэўна… дараваць можна толькі розумам.
Калі Бажэна адчыняла дзверы ў калідорчыку, з кватэры насупраць выйшла суседка – бабулька з аблезлым пудзелем.
– Вой, глядзі, дзеўка, прынясеш у прыпале, ад гэткіх гадочкаў па цемры сноўдацца.
Бажэна нічога не адказала, а пра сябе ўзлавалася: «Ну чаму ўсім да мяне справа ёсць, нібы я адна на гэты пад’езд, дом ды на ўвесь свет? Ад такіх гадочкаў… Некаторыя ўжо ў шлюбе і дзяцей маюць. I нічога. Усё нармалёва».
– Бажэна, дачушка, ты ўжо каторы дзень так познішся… – сустрэла на парозе маці.
– Што вы ўсе так непакоіцеся за мяне?
– Проста бачу, што гэта не звычайныя шпацыры для цябе. Хто ён?
– Рэдактар і пісьменнік.
– Даволі гучна.
– Мамачка, ён такі цікавы, прыгожы. Калі мы ідзем па вуліцы, усе на нас заглядаюцца.
– Зразумела, ты закахалася. Толькі…
– Ведаю-ведаю, «толькі памятай, што табе яшчэ ўніверсітэт скончыць трэба. Дзяўчына без годнасці і прафесіі – хатняя клуня, цалкам залежная ад мужчыны».
– I нічога смешнага. Першы год вучобы самы напружаны, пакуль асвойтаешся. А мужчынам нашмат старэйшым сама ведаеш, што трэба. Глядзі, каб у яго яшчэ сям’і