Тышкевіч, якому тады было ўсяго 30 гадоў, быў асобай, якая павінна была жыць у гарачыя часы Сасаў ці нават яшчэ больш ранейшых. Сірата, з дзесяцігадовага ўзросту без бацькі і маці, меў у сваім распараджэнні вялікую маёмасць і набыў яшчэ невялікі маёнтак Ландварава недалёка ад Вільні, дзе дзякуючы памяркоўнасці генерал-губернатараў Бібікава і Назімава, якія хацелі мець пры сабе ад'ютанта з мясцовай арыстакратыі, вёў фантастычны лад жыцця34. Ён уласным коштам утрымліваў 18 конных казакоў, для іх і свайго камфорту трымаў яшчэ паўтузіна казачак. Адзіным заняткам казакоў было пакрасавацца перад штодзённымі гасцямі – у асноўным віленскімі прыжываламі, «джыгітоўкай» і скокамі цераз паштовыя брычкі. Скакалі таксама і некаторыя з казачак. Паход на Іўе стаў лебядзінай песняй Тышкевіча. Ён быў ужо па вушы ў даўгах, яго браты і дзядзькі згаварыліся і знайшлі для яго выключна разумную, нават мудрую і адукаваную панну Зоф'ю Горватаўну, дачку і сястру кіеўскіх губернскіх маршалкаў. На вялікім абедзе, не папярэдзіўшы, яго пасадзілі каля панны і, калі дайшлі да дэсерту, устаў нейкі пралат, прапанаваў «здароўе маладых», і справа была зроблена. Дзякуючы гэтаму ён пражыў яшчэ 30 гадоў найшчаслівейшага сямейнага жыцця бо кіраваўся прынцыпам, які я сам ад яго чуў: «Я дурны, а Зося мудрая, таму хай яна будзе галоўнай і кіруе маёнткам, а я буду рабіць глупствы».
Між тым у Івейскай экспедыцыі Юзаф Тышкевіч дзейнічаў як выдатны стратэг. Маючы пяхоту на рэквізаваных сялянскіх вазах, ён ад світанку да змяркання праляцеў каля ста кіламетраў, спакойна заначаваў у адным з івейскіх фальваркаў і ў 10 гадзін раніцы, як каршак на чале сваіх 18-ці казакаў, якія шаблі трымалі ў похвах, а нагайкі ў паветры, напаў на тлум сялян на вялікім івейскім рынку.
Хто мог, той драпаў па бакавых вуліцах і аддыхаўся толькі ў сваёй хаціне, рэшта адразу ж упала на калені і выдала нібыта сто завадатараў, пасля чаго супакоены натоўп да вечара з цікаўнасцю назіраў за «раздачай узнагарод» – гэта значыць доўгую, па велікапанскі вымеранаю лупцоўку па голым целе. Дасталася і прыгожаму полу, але праз кашулі. Вечарам ўсе пайшлі ці паехалі дахаты, некаторыя, зразумела, ехалі лежачы на жываце. Пяхота засталася на некалькі дзён, каб ушчэнт аб'есці насельніцтва. Пасля чаго ўсё прыгожа супакоілася, і калі б не вельмі цікавы ліст з падрабязнасцямі ад майго бацькі, які ён даслаў да нас у Парыж праз некалькі месяцаў, дык калі я ехаў праз тое ж Іўе ў Лугамовічы, я б не здагадаўся, што тут адбылася гэтая «рэвалюцыя ў рондалі»35.
Гэты ж 1861 год упісаў у нашу мясцовую гісторыю сапраўды прыгожую старонку, сляды якой, у значнай ступені, бачны і цяпер. Праклёнам тых часоў было ўсеагульнае, па-сапраўднаму д'ябальскае п'янства вясковага люду, якое падтрымлівалася прыкладамі самой шляхты і аблягчалася фенаменальнай таннасцю гарэлкі (добры кілішак 40% – най гарэлкі прадаваўся ў вёсцы за два грошы, гэта значыць за 1 капейку). У дні маіх вакацый 1860 г. у святочныя ці базарныя