Уладзімір Касько

Святло далёкай зоркі


Скачать книгу

Старажытны звычай беларусаў дзяліцца з суседзямі здабыткамі сваёй працы – мясам, рыбай, мёдам, садавінай, гароднінай – знайшоў адлюстраванне ў нарысе А. К. Сержпутоўскага «Бонда»[43]. Згодна з народнымі ўяўленнямі, таго, хто не падзеліцца з іншымі бондай або бондачкай, будуць праследаваць няшчасці.

      Гэты звычай распаўсюджваўся і на жывёлу. Заўважыўшы бадзячага сабаку або каня, карову, якія адбіліся ад статку, сяляне лічылі неабходным накарміць іх. Пры гэтым яны гаварылі: «Бог дае на ўсіх долю. I сабаку давай кавалак хлеба – можа, не праз чыю ласку жывем».

      Звычай даваць бонду, на думку Сержпутоўскага, ішоў ад сівой даўніны, калі была агульная маёмасць цэлай абшчыны або роду.

      У запісах вучонага адзначаецца, што ва ўспамінах старых людзей, ад якіх калісьці ён запісваў свае фальклорныя творы, ёсць шмат прыкладаў таго, як сяляне, што мелі коней, валоў, дапамагалі суседзям-беднякам бясплатна апрацоўваць зямлю, звозіць з поля ўраджай, нарыхтоўваць дровы на зіму. Нават калі ўласнага хлеба не хапала да новага ўраджаю, палешукі не пакідалі ў бядзе суседзяў, у якіх па нейкай прычыне загінуў ураджай.

      «Талака». Цікавае тлумачэнне старажытных народных традыцый знаходзім у нарысе А. К. Сержпутоўскага «Талака»[44]. Аўтар адвяргае сцвярджэнне У. I. Даля, які пісаў, што «талака – работа грамадой за пачастунак». Сяляне бескарысна прыходзілі, па словах этнографа, на дапамогу аднавяскоўцу, прыносілі нават будаўнічы матэрыял. Гуртам выконваліся работы, плёнам якіх карысталіся ўсе аднавяскоўцы. Размова ідзе аб узвядзенні плацін і ёзаў, капанні студняў, будаўніцтве лазняў і г. д.

      Талака часта мела і іншы сэнс. Яна давала магчымасць чалавеку паказаць сябе ў рабоце, служыла своеасаблівым спаборніцтвам у спрыце, сіле, уменні. «Лёс беларускай дзяўчыны, – пісаў Сержпутоўскі, – у большасці выпадкаў залежыць ад таго поспеху ў працы, якім яна (дзяўчына) зарэкамендавала сябе ў час талакі».

      Гаворачы аб «прыгажосці і высакароднасці» талакі, Сержпутоўскі з гневам піша, што гэты старажытны народны звычай часта выкарыстоўвалі ў сваіх карыслівых мэтах памешчыкі, кулакі. Разумеючы, што талака праводзіцца бясплатна, яны збіралі народ на выкананне асабліва працаёмкіх работ і пасля іх заканчэння частавалі людзей гарэлкай. Вучоны бачыў у гэтым псаванне панамі выдатнага народнага звычаю.

      «О завитках в Белоруссии». У 1907 г. на старонках часопіса «Живая старина» быў апублікаваны нарыс А. К. Сержпутоўскага «О завитках в Белоруссии (очерк из жизни крестьян южной части Слуцкого уезда Минской губернии)»[45], прысвечаны раскрыццю светапогляду палешукоў. Значнае месца адводзілася ў ім прымхам і забабонам.

      «Пачынаючы з моманту нараджэння і амаль да самой смерці, – піша аўтар, – беларуса, на яго думку, праследуе «нячыстая сіла», а каб яе прадухіліць або прымусіць працаваць на карысць чалавека, трэба строга прытрымлівацца выпрацаваных народнай мудрасцю прымхаў і забабонаў – правіл, як трэба