Уладзіслаў Ахроменка

Тэорыя змовы


Скачать книгу

каралеўскага замка, і анёльскія гукі віёлаў да гамба адаб’юцца ад высокае дняпроўскае стромы. І каралева – яснавельможная Бона, запросіць танчыць сарабанду шляхотнага месіра Францыска Гастэлу – нунцыя Папежа Клімента VII. І шэптам распавядзе яму пра адважнага вершніка, якога паспалітае людства раз-пораз сустракае на тутэйшых абшарах. І зразумее нунцый, хто такі гэты вершнік. Але нікому пра тое не раскажа, бо пабачыць на касцельнае вежы Боскае ззянне і святога анёла-ахоўніка, які распрастаў крылы над Таргачовам…

      Частка першая. Фетышыст

      1

      Па-над чорнымі водамі варушылася шэрая пара. З бяздоннай дрыгвы ўзнімаліся бліскучыя бурбалкі. На дрымотных купінах млява квахталі жабы. Безнадзейна родны ландшафт, напэўна, прымусіў бы сціснуцца сэрца кожнага лірыка, выхаванага на рыфмах «шыпшына», «дзяўчына» і «Айчына»…

      – «Альтанка», «шклянка» і «партызанка», – прамэкала ад гушчару, і на балотнае выспе брутальна зацвердзіўся рагаты цень.

      Зашархацелі хмызы, між карункавай папараці інтымна бліснулі ладныя лыткі ў клятчастых калготках. У балотнай вадзе адбіўся вытанчаны жаночы профіль.

      – Што паробіш… Беларусь – край паэтаў! – працурчэў зманлівы, бы ў русалкі, голас.

      – Усе паэты – ідыёты! – рагаты па-хабёльску атабарыўся на валуне, формай і памерамі падобным да трона. – Толькі глянь, Прашмандоўка, чым яны тут натхняюцца…

      За балотнымі міражамі праяўлялася панарама паўсоннага Таргачова. Аўтаномныя вокны мігцелі вугельчыкамі кінутага вогнішча. Аплылыя валы з рамантычнымі руінамі часоў каралевы Боны нагадвалі пра былую веліч краю. Пад адхонам манатонна шаргацеў Дняпро, і хвалі тонкім накатам шліфавалі пясчаны бераг. – Я агентка, а не эстэтка, – Прашмандоўка сузірала краявід з казённай адчужанасцю. – Хочаш сказаць, нібыта ў такім занядбаным мястэчку можа перахоўвацца суперзброя, якая дае ўладу над Сусветам? Але ж існуе некалькі…

      – Падробкі, – голас рагатага прагучаў ціха і небяспечна, нібы палёт кажана. – Падробкі, выштукаваныя па замове сярэднявечных ідэолагаў. А праўдзівую суперзброю апошні раз бачылі тут, у Таргачове. Гэта дакладна.

      Цяпер панначка ў клятчастых калготках вывучала краявід, нібы заўсёдніца элітнага касметычнага салона – новую візажыстку. У халодных сініх вачах адбіліся таргачоўскія дамкі, гаражы з крадзенай бляхі, парфенон раённага Дома Культуры.

      – І няўжо ніхто больш пра гэта не ведае? – Прашмандоўка недаверліва прыкусіла губу.

      – Тутэйшы люд жыве адно на рэфлексах, а таму ніхто суперзброю тут нават і не шукаў.

      – Але ж, такім, як мы, да святыняў не падступіцца! Бог не цяля, бачыць круцяля! – Я ўсё разлічыў, – з інтанацыямі прафесійнага палітолага мэкнуў рагаты. – Пан Бог, якому звычайна напляваць на пакуты гэтага занядбанага народу, зрэдку бывае літасцівы і пасылае сюды паэтаў. Але ж гэтыя ідыёты могуць існаваць адно ў хвараватых прыдумках, з адпаведнымі рытуаламі,