Уладзіслаў Ахроменка

Янкі, альбо Астатні наезд на Літве


Скачать книгу

гальштуку, той самы, які прывітаў Хроснага і Янку клёканнем у Яблонаўшчыне. Неберака звісаў на гальштуку з каванай папярэчыны, нібы шыбенік.

      Паліцыянт пачухаў патыліцу – самому на званіцу было не ўскараскацца. Стралок навязаў каня і падаўся выклікаць па тэлефоне пажарных.

      Местачкоўцы з’едлівымі жарцікамі і хабёльскімі кпінамі прывіталі з’яўленне чырвонай машыны з рассоўнымі драбінамі. Мёртвага жорава ў чырвоным гальштуку знялі за колькі хвілін. І тут пана паліцыянта чакала яшчэ адна прыкрая неспадзяванка. Да доўгай птушынай лапы мацавалася колца-капсула з пасланнем:

      Міхась стаіць адзін на пні,

      Ў задуме твар яго ружовы.

      Ён думае аб светлым дні,

      Калі сустрэнецца з Яжовым!

      Піянерская дружа імя сталінскага наркама таварыша Яжова шчыра вітае сваіх прыгнечаных братоў у Заходняй Беларусі! Мацуйцеся, вызваленне не за гарамі!

      – Разумею цяпер, чаму з выраю журавы на Палессе ляцяць! – ацаніў неасцярожна зачытанае паліцыянтам Янка Лабановіч.

      – І па той бок мяжы суцэльная бездухоўнасць, – жахнуўся Хросны, – калі нават малыя дзеткі так ад шчырага сэрца забаўляюцца!

      – І куды толькі нашаму брату-беларусу ў гэтым свеце падацца? – уздыхнуў Янкель. – Хіба, у Злучаныя Штаты?

      – Напэўна. – Тонкія губы ўцекача сціснуліся, як цагліны ў сцяне, маршчыны акрэсліліся. – Дык, што вы пра Амерыку казалі? Колькі да яе цягніком дабірацца?

      – Дакладна не памятаю, – Лабановіч выцягнуў з кішэні газетную выразку з чыгуначным раскладам руху. – Так-так-так… Са станцыі Яблонаўшчына да паўстанку Амерыка – адна гадзіна сорак пяць хвілін. Ну, і да мястэчка пехатой хвілін дзесяць.

      Хросны нават здзівіцца не паспеў: за пажарнай машынай мільганула навюткая канфедэратка. Высокі, відны хлопец у форме харунжага Гарадзенскага ўланскага палка мэтанакіравана выглядаў некага вузкаватымі татарскімі вачыма. Улан упэўнена праціснуўся скрозь натоўп, ускінуў руку і адназначна падаўся да Хроснага. Той нядобра прымружыўся, і рука міжволі намацала ў кішэні рыфлёнае дзяржальна браўнінга.

      11

      Траскучая матацыклетка неслася па старым гасцінцы, заштрыхаваным ценямі пірамідальных таполяў. Сонца крышылася ў напятых спіцах. Каўчукавыя колы пругка падскоквалі на пукатых камянях. Тонкі гнуты руль калаціўся ў руках жандара Янукевіча, не раўнуючы, як пнеўматычны малаток-адбойнік. Пустая люлька грукацела гучней за бляшаныя ночвы.

      Вецер паліраваў шчокі і сушыў слёзы, што каціліся з-пад скураной аблямоўкі акуляраў-кансерваў. Усю дарогу ад Бярозы-Картузскай матацыклісты Пярдолэк песціў-гадаваў адну толькі мару: як ён нагоніць у “Рызе” страху на шынкара, і як зляканы пейсаты выставіць яму ў крэдыт цэлае вядро гарэлкі, якую так смачна і прыемна будзе жлукціць.

      Як усе Картуз-Бярозскія жандары, сірата Янукевіч быў непераборлівы: спаць мог у ботах і пальчатках, піць ваду з копанкі, закусваць цвілой хлебнай скарынкай… Але ж гарэлка – яе нічым не заменіш!

      Калі да канчатковай