Сяргей Балахонаў

Інфанта і аднарог


Скачать книгу

у допісе стаўся смайлік з падміргваннем, што быў дададзены ў самым канцы. Падпісаўшыся Знаёмы Табе, я адправіў паведамленне. Праз некалькі секундаў яно красавалася ў гасцёўні Алісінага сайта самым першым. Я дурнавата пасміхнуўся і пайшоў есці «Кіндзюк класічны».

      Усю рэшту вакацыяў (за выняткам памянёнага дзянька ў садах Гесперыд) я пачынаў традыцыйны вэб-сёрфінг з візіту на aliska.tk. Мне аж задужа карцела пабачыць там рэакцыі на свой допіс. Але гасцёўня маўчала. Ніхто нічога не пісаў, колькі б я туды ні вяртаўся. Перачытаўшы ўсе старыя паведамленні, я зразумеў, што Аліса ўвогуле нікому не адказвала. «Гасцёўня для гасцей!» – мусіла б стаяць папярэджанне, каб такія дзівакі, як Знаёмы Табе і парачка нерасшыфраваных мной ананімаў, не мелі залішніх спадзяванняў і не пілі ад страшнай роспачы са шклянак кіслае віно.

      А яшчэ я безнадзейна чакаў ад Алісы sms’кі. Хаця б прывітанне ці проста смайлік. Старэча Сімэнс біўся ў зацяжных перадсмяротных канвульсіях, але ўсё ніяк не паміраў. У суботу вечарам яго патурбавалі, пазваніўшы мне. Званіў колішні старшыня «Вытокаў» Ян Белікаў, каб запрасіць на традыцыйную талаку па дагляданні могілак. Талака прымяркоўвалася да Дзядоў, дарма што яны мінулі. Я нічога пэўнага абяцаць не рызыкнуў. Пачуўшы ў свой адрас прыветнае слова жлабяра, я скінуў выклік, чым трохі суцішыў пакуты мабільніка.

      У нядзелю параненька, калі вельмі хацелася спаць, я шпарка падняўся з ложка, разумеючы, што трэба ехаць на могілкі. Надвор’е было досыць халодным. На двух прыпынках, дзе мне давялося чаканнем чысціць (ці лепш – падчышчаць) уласную карму, я пашкадаваў, што не надзеў шапку. Праўда, гэтыя шкадаванні былі нечым накшталт сухіх кракадзілавых слёз, бо ніякай шапкі ў маім гардэробе і блізка не назіралася. Вецер біў мне па твары, быццам толькі і марыў пра гэта. Я зліваўся з натоўпам і пад яго прыкрыццём хаваўся ад вятрыскі ў чэравах машын гарадскога транспарту. Людзі, з якімі давялося ехаць вызначаліся суцэльнай задуменнасцю і маўклівасцю. Той, хто спрабаваў разявіць рот, немінуча правальваўся ў тартар. Рака, якая падзяляла горад на дзве часткі, набыла колер застылага пасля гарачай крывавай бітвы свінцу. Я марна ўзіраўся праз тралейбуснае вакно на яе хвалі. Яны не жадалі, дый не маглі даць адказы на мае гнятлівыя пытанні. Кроплі дробнага дажджу стукаліся ў шкло і сплывалі долу ў выразным шкадаванні, што не ўдалося намачыць мой твар.

      Я выйшаў на прыпынку «Мясакамбінат» і па старых драўляных сходах спусціўся ў нізіну, адкуль вельмі добра чуўся крык вароніных грамад на могілкавым кладзьбішчы. Дожджык узмацніўся. Яго касыя мокрыя рысы нядбала штрыхавалі прастору, выцінаючы мяне па неакрытай частцы галавы. Нікога з вытокаўцаў паблізу не было відаць. Я зірнуў на гадзіннік. Гадзіннік ласкава паведаміў, што спазненне на талаку склала дзве з паловай чвэрці гадзіны. Прыспешыўшы хаду, я вырашыў зайсці праз бакавую браму пры брацкай магіле савецкіх воінаў.

      Ледзьве я апынуўся за агароджай, мяне пачала біць дрыготка. Розум адмаўляўся спісваць яе адно